Абаронцы Курапатаў не маюць намеру спыняць пратэсты

Акцыі пратэсту супраць працы рэстарана «Паедзем, паямо» ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, будуць працягнутыя, заявіла грамадская актывістка Ганна Шапуцька на сходзе абаронцаў Курапатаў. Мерапрыемства з удзелам каля 80 чалавек прайшло 9 верасня каля ўваходу ў рэстаран.
Шапуцька падзякавала аднадумцам за тое, што яны прыйшлі на сход. Яна нагадала, што цяпер «за кратамі застаюцца лідэры курапацкай варты Павел Севярынец, які марыў, каб на гэты сход прыйшло шмат людзей».

«Будзем лічыць, што гэта толькі першая хваля. Наступны раз нас будзе яшчэ больш, — сказала яна. — Нам трэба сабрацца ў большай колькасці, каб закрыць гэты «Бульбаш-хол» (першапачатковая назва ўстановы), каб яго ўладальнікі зразумелі, што ён не мае права існаваць побач з месцам гібелі тысяч і тысяч нашых продкаў».

Шапуцька адзначыла, што абаронцы Курапатаў праводзяць пікетаванне рэстарана ўжо больш за 100 дзён. «Абарона працягваецца, спыняцца мы не збіраемся. Мы будзем трымаць варту да «Дзядоў» нягледзячы ні на рэпрэсіі, ні на затрыманні. Адначасова мы будзем звяртацца ў Міністэрства культуры, у Генпракуратуру і іншыя органы з патрабаваннем зачыніць гэта абражае памяць ўстанова», — заявіла яна.

На імправізаваным мітынгу выступілі шэраг іншых грамадскіх актывістаў.

Як паведамлялася, за заклікі да ўдзелу ў сходзе сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец 6 верасьня быў арыштаваны на 10 сутак. Такое рашэнне прыняў суддзя Мінскага раённага суда Аляксей Кропачоў. Севярынец прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Суд палічыў правапарушэннем той факт, што палітык заклікаў людзей удзельнічаць у недазволенай уладамі акцыі 9 верасня ў Курапатах.

Таксама стала вядома, што абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча, які павінен быў 8 верасня выйсці з-пад арышту, ізноў затрымалі і 10 верасня ён паўстане перад судом. Як паведаміў начальнік Мінскага РУУС, на Урбановіча складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Пратэсты супраць працы рэстарана «Паедзем, паямо» ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, доўжацца з 31 траўня.

Паводле belapan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць