Абяцаны пікет Статкевіча

Удзельнікі пікета доўга адказвалі на пытанні журналістаў (зададзеныя ў сто першы раз), а таксама мінакоў. Вось для апошніх, магчыма, гэта было цікава. А журналістам цяпер цікава, як на паводзіны Статкевіча адрэагуе ўлада



Фота Арцёма Лявы


Былы палітвязень, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч выканаў сваё абяцанне і правёў пікет за свабодныя выбары каля сталічнага ГУМа. Можна меркаваць, што гэтая акцыя стала ледзь не самай масавай за час цяперашняй кампаніі пад назвай “выбары прэзідэнта Беларусі”.

Яшчэ за колькі дзён да гэтага пікету ў медыях з’явілася пытанне: хто ж з палітыкаў з’явіцца на мерапрыемстве побач са Статкевічам? Як і чакалася, тыя з’явіліся тыя палітыкі (амаль усе, апроч Паўла Севярынца), хто браў удзел у першай прэс-канферэнцыі “палітвязня №1” праз некалькі дзён пасля ягонага вызвалення. А гэта старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька і таксама былы палітвязень ды кандыдат у прэзідэнты падчас той жа самай кампаніі 2010 года паэт Уладзімір Няклаеў.

Дарэчы, апроч шматлікіх журналістаў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў, цікавасць да пікета, які цягнуўся амаль дзве гадзіны, выявілі і мінакі, што выходзілі з ГУМа ці проста шыбавалі міма нечаканай падзеі, адбыванай пад гістарычнымі бел-чырвона-белымі сцягамі і партыйнымі сцягамі АГП.

Апладысментамі прысутныя віталі не толькі названых вышэй палітыкаў, але і яшчэ аднаго ўдзельніка той самай прэзідэнцкай кампаніі — кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы Алеся Міхалевіча, які днямі нечакана вярнуўся ў Беларусь пасля палітычнай эміграцыі і які на некалькі хвілінаў з’явіўся на акцыі. Але было адчуванне дэ-жа-вю: Алесь ўзнік амаль на тым жа самым месцы, як і ў 2010 годзе (быццам бы, так сабе, чыста міма праходзіў). Так гэта ці не так, цяжка сказаць. Але ягонае з’яўленне “ажыўленне ў масах” усё ж выклікала.

Назіралі за падзеяй добра знаёмыя журналістам і тытульным апазіцыянерам асобы ў цывільным з адметнай “правадной секцыяй” навушнікамі (маглі б ужо і што-небудзь іншае выдумаць). І толькі адзін быў у форме. Менавіта гэты малады міліцыянт складаў пратакол на Статкевіча за парушэнне ім артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Падпісаць пратакол палітык з саркастычнай усмешкаю катэгарычна адмовіўся. Якое развіццё атрымае той пратакол на тле існуючай тактыкі ўлады ва ўмовах яе імкненняў да паляпшэння стасункаў з Захадам, пакажа бліжэйшы час.

Што да саміх выступоўцаў, то нічога новага яны не сказалі: амаль усё было агучана пад час памянёнай прэс-канферэнцыі пры канцы жніўня (ды й не толькі). Гэта і тое, што ў Беларусі няма свабодных выбараў (Някляеў), гэта і тое, што трэба скарыстоўваць магчымасць да 11 кастрычніка і сустракацца з выбаршчыкамі, каб даводзіць да іх дэмакратычныя каштоўнасці і зноў-такі тое, што сапраўдных выбараў у краіне не існуе, пакуль Беларуссю кіруе Лукашэнка (Статкевіч). І тое, што выбары варта ігнараваць, бо непрыход на выбарчыя ўчасткі грамадзян будзе лепшым сведчаннем таго, што выбараў няма і што народ у іх не верыць, а ўсё ўжо загадзя вядома і распісана (Лябедзька). Ну, і, натуральна, што ніякі Лукашэнка не абаронца незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, маўляў, ён здасць яе Расіі пры першай магчымасці і пагрозе яму асабіста з боку Крамля (усе разам).

Удзельнікі пікета доўга адказвалі на пытанні журналістаў (зададзеныя ў сто першы раз), а таксама мінакоў. Вось для апошніх, магчыма, гэта было цікава. А журналістам цяпер цікава, як на паводзіны Статкевіча і кампаніі адрэагуе ўлада, і што гэтыя апазіцыйныя палітыкі будуць рабіць далей. І ці не стане пікет Статкевіча 10 верасня самай яскравай акцыяй сёлетняй электаральнай кампаніі.    

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-09-11 13:00:52
У загалоўку - "СтАКевіч", а ў тэгах чамусьці "Статкевич" па-руску.

Каментаваць