Абысці Расію бокам

У Расіі скончыліся грошы. Відавочна, што перамовы Пуціна і Лукашэнкі, якія прайшлі 22 лістапада, ні да чаго не прывялі. Беларусі трэба шукаць новых саюзнікаў і партнёраў. Яны знайшліся.

Фота: HEKTOR PUSTINA/AP


Ці не адразу пасля сустрэчы з Пуціным Лукашэнка паехаў да Аліева. Шмат хто кажа, што беларускі правадыр проста ездзіць па свеце ў пошуках новых крэдытаў. І, відавочна, ён памятае, хто ў 2010-м даў 200 мільёнаў долараў «да заробку». Гэта быў Азербайджан. Той крэдыт мы аддалі дакладна ў тэрмін.

Але ці толькі за грашыма паехаў кіраўнік? Насамрэч, у адносінах Азербайджана і Беларусі вельмі шмат цікавых аспектаў, пра якія, толькі прыглядзеўшыся бліжэй, узгадваюць аналітыкі.

Найперш «нашае ўсё» — нафта. Зразумела, мы зацікаўленыя ў тым, каб на перапрацоўку на нашы НПЗ яна паступала бесперапынна. Ад Расіі такога чакаць мы ўжо не можам: яна абстаўляе свае пастаўкі шэрагам умоў, якія могуць змяняцца ў працэсе гульні. Узяць той жа нядаўні нафтагазавы канфлікт: з-за недаплаты Беларусі «Газпраму» былі скарочаныя пастаўкі нафты, хаця ніводзін кантракт не ўвязваў аплату за газ і аб’ёмы нафты. У выніку Расія за студзень — верасень паставіла нам толькі 15,1 мільёна тон вуглевадародаў — пры гадавым балансе ў 24 мільёны тон.

Нафта ёсць у Азербайджана, і цалкам лагічна Лукашэнка зрабіў прапанову перапрацоўваць яе на беларускіх НПЗ. Тым больш, як высвятляецца, тэставая партыя ў 85 тысяч тон азербайджанскай сыравіны ўжо была апрацаваная ў кастрычніку ў Мазыры.

Супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана ў нафтавай сферы, як ні дзіўна, можа палепшыць нашы адносіны з Украінай. Кіеў вельмі пакрыўдзіў за нашу спробу заблакаваць у ААН чарговую антымаскоўскую рэзалюцыю па правах чалавека ў Крыме. І нават збіраецца пазбавіць Мінск статусу перамоўнай пляцоўкі па Данбасе.

Калі з азербайджанскай нафтай усё атрымаецца, то такім чынам мы загрузім нафтаправод «Адэса — Броды». Паўтараецца сітуацыя пачатку 2014-га, калі на словах Лукашэнка казаў пра «дэ-факта расійскі» Крым, а на справе Беларусь літаральна залівала Украіну палівам для танкаў, авіяцыйным бензінам для знішчальнікаў, рамантавала верталёты Узброеных сіл Украіны і пастаўляла МАЗы для ўкраінскага войска… Тое ж будзе і зараз: з аднаго боку — ААН, з іншага — сотні працоўных месцаў для ўкраінцаў і плюс аплата за транзіт нафты з Азербайджану.

Некаторыя вайсковыя аналітыкі кажуць, што Азербайджан зацікаўлены ў беларускай зброі. Найперш кажуць пра новыя беларускія комплексы «Паланэз». Сапраўды, няма прычын, каб іх не прадаваць, калі попыт маецца. Але тут ёсць адно «але». У Азербайджана перманентны канфлікт з Арменіяй з-за Нагорнага Карабаху. І вядома, што Расія дала армянам «Іскандэры».



У выпадку абвастрэння канфлікту (не дай Божа!) да «ракетнай фазы», мы здолеем пабачыць суперніцтва тэхнікі двух «саюзнікаў»: РСЗА «Паланэз» і АТРК «Іскандэр». І не факт, што на адносна блізкай адлегласці «Іскандэры» будуць больш эфектыўныя…

Яшчэ адна сфера ўзаемных інтарэсаў — «Новы Шаўковы шлях» у абыход непрадказальнай Расіі. Сёлета, напрыклад, Расія забараніла транзіт з тэрыторыі Украіны ў Казахстан і Кыргызстан. Больш за тое, яна ўводзіць абмежаванні транзіту не толькі для грузаў агулам, але і для асобных катэгорый тавараў. З-за гэтага ўкраінскіх цукерак не атрымалі грузіны і тыя ж азербайджанцы.

Маршрут «Новага Шаўковага шляху» можа ісці з балтыйскіх партоў да Адэсы, потым па Чорным моры праз Батумі ў Баку, і далей — па тэрыторыі Казахстану ў Кітай. Гэта, канешне, складаная схема, але ў тэставым рэжыме яна ўжо была апрабаваная ў 2015 годзе. Тэст паказаў: рэалізацыя гэтага маршруту магчымая пры адпаведнай эканамічна мэтазгоднай загрузцы. Беларусь знаходзіцца на гэтым маршруце, мае падвязкі ў балтыйскіх партах, і, натуральна, можа выступіць лабістам для краін Балтыі і Польшчы. Гэта адпавядае інтарэсам і Азербайджану, і Беларусі.

Як бачым, карыснага ў сувязі Беларусі і Азербайджана, насамрэч, шмат. І кіраўнікі да чагосьці дамовіліся. Да чаго канкрэтна — пакуль не вядома, але Ільхам Аліеў узнагародзіў Лукашэнку ордэнам імя свайго бацькі, Гейдара Аліева. Гэтая вышэйшая ўзнагарода Азербайджана проста так не даецца: за 11 гадоў існавання былі ўзнагароджаныя толькі 17 чалавек. Лукашэнка стаў 18-м.

Не вырашанае толькі адно пытанне: як на гэта адрэагуе Масква? Так ці інакш, усе беларуска-азербайджанскія праекты аб’ектыўна не тое, каб разыходзяцца з інтарэсамі Расіі, — яны ўвогуле абыходзяць РФ бокам. Наколькі далёка Крэмль дазволіць зайсці Лукашэнку ў пазбаўленні ад эканоміка-энергетычнай залежнасці ад Расіі?



Каментаваць