Ад ідэалогіі моста да ідэалогіі вострава

Сацыяльны кантракт «лаяльнасць узамен на выжыванне» эфектыўны толькі ў рэжыме надзвычайнага становішча. Пры гэтым любая аўтарытарная ўлада схільная дрэйфаваць у напрамку надзвычайнага становішча.

Сёння кожнае дзіця ведае, што такое цацкі-трансформеры. Аднак і маім аднагодкам ёсць што ўнесці ў інавацыйную скарбонку. Як тут ні прыгадаць нагавіцы-трансформеры з кінафільма «Брыльянтавая рука». Лёгкім рухам рукі яны ператвараліся ў элегантныя шорты.

Жыццё, аднак, не стаіць на месцы. За няпоўныя 10 гадоў у геаграфічным цэнтры Еўропы сфармавалася цэлая дзяржава-трансформер. Многія гады яна пазіцыянавала сябе ў якасці моста паміж Захадам і Усходам.

Пасля «Крымнаша» рух па мосце замарудзіўся, і неяк незаўважна для самой сябе і навакольных дзяржава-мост трансфармавалася ў дзяржаву-востраў. Тут мы звернемся па даведку да школьнага падручніка геаграфіі. Востраў — частка зямлі, якая з усіх бакоў акружаная вадой. Але выпадак, пра які я пішу, адмысловы. Ён спароджаны не геаграфічнымі, а сацыяльна-палітычнымі прычынамі.

Механізм узнікнення дзяржавы-вострава адзіны палітык (АП) падрабязна апісаў у сваім апошнім навагоднім віншаванні: «У розных кутках планеты ўспыхваюць узброеныя канфлікты, здзяйсняюцца тэракты, абвастраюцца міжнацыянальныя і міжканфесійныя войны. Захаваць Беларусь астраўком стабільнасці і спакою было няпроста. Але мы гэта зрабілі, забяспечыўшы мір і бяспеку грамадзян!»

Невясёлая статыстыка

Замацуем пройдзенае. Востраў у традыцыйным разуменні — частка зямлі, акружаная вадой. Востраў стабільнасці — дзяржава, па перыметры якой успыхваюць узброеныя канфлікты, бушуюць эканамічныя, сацыяльныя і іншыя віды крызісаў.

Наколькі ж справядлівы астраўны статус Беларусі? Пачнём з паўднёвага суседа. Вось ужо чацвёрты год на ўсходзе Украіны ідзе вайна. Тысячы забітых. Лік уцекачоў ідзе на мільёны. Не дай Бог падобнае ўбачыць на сваёй зямлі!

Перамесцімся цяпер супраць гадзіннікавай стрэлкі. Расія. Спрачацца пра ўзровень яе стабільнасці я не гатовы, але той, хто думае, нібыта ён ніжэйшы, чым у Беларусі, хай першым кіне ў мяне камень.

На поўначы і захадзе востраў стабільнасці «абмываюць» дзяржавы-сябры ЕС: Латвія, Літва і Польшча. Як ацаніць іх узроўні стабільнасці? Што выбраць у якасці крытэру? Прапаную скарыстацца падказкай АП: «Нельга не прызнаць справядлівасць ісціны аб тым, што маленькая зарплата здольная разбурыць нават самую моцную дзяржаву».

У ліпені 2016 года сярэднямесячны даход складаў у Польшчы 1029 долараў, у Літве — 862, у Латвіі — 626 і 374 — у Беларусі. Даходы даходамі, але нездарма ж нам АП пастаянна нагадвае пра бясплатную адукацыю, медыцыну і пра тарыфы ЖКГ, што шчодра субсідуюцца з бюджэту. Пры гэтым ён, натуральна, не тлумачыць, што грошы «з бюджэту» — гэта грошы падаткаплацельшчыкаў, г.зн. нашы з вамі грошы.

Тым не менш прызнаем праблему і звернемся да чарговага шэрагу лічбаў: сярэдні даход за вылікам сярэдняга кошту камунальных паслуг у Польшчы — 873 долары, у Літве — 693, у Латвіі — 450 і ў Беларусі — 327.

Можна доўга параўноўваць, дзе што даражэй, а што танней. Фармат газетнага артыкула мне гэтага не дазваляе. Таму выкарыстаем інтэгральны паказчык — ВУП на душу насельніцтва за мінулы год. Для разумення маштабу пераменаў у нашых суседзяў у дужках пакажу гэты паказчык за 2004-ы (год уступлення ў ЕС). Літва — 14,9 (6,7) тысячы долараў, Латвія — 14,1 (6,3), Польшча — 12,3 (6,6), і Беларусь — 5,1 (2,7).

Ёсць такое слова — «дывергенцыя» (ад лацінскага divergere — выяўляць разыходжанне). Яно запазычана сацыяльнай навукай з біялогіі, дзе азначае разыходжанне прыкмет у роднасных арганізмах у працэсе іх эвалюцыі. Дывергенцыю паміж «беларускай мадэллю» і мадэллю суседзяў, якія ўступілі ў 2004 годзе ў ЕС, і дэманструе сёння эканамічная статыстыка.

Паміж мэтай і сродкам

Старажытныя індусы лічылі, што стабільнасць на Зямлі забяспечваюць чатыры сланы, якія стаяць на спіне чарапахі. Падобную мадэль чатырох апор, якія забяспечваюць стабільнасць «нашай краіны», прапанаваў АП у 2005 годзе (артыкул у часопісе «Наш современник» №12): «Па-першае, дынамічнае развіццё эканомікі, што дазваляе паляпшаць дабрабыт людзей. Па-другое, моцная і эфектыўная ўлада, якая не загразла ў карупцыі і працуе на карысць народа. Па-трэцяе, сфарміраваная дзяржаўная ідэалогія, якая аб’ядноўвае людзей і мабілізуе іх на пабудову квітнеючай дзяржавы. Па-чацвёртае, трывалыя асновы грамадзянскай супольнасці: канструктыўна настроеныя масавыя грамадскія арганізацыі (прафсаюзныя, моладзевыя, ветэранскія)».

Першая апора, падточаная эканамічным крызісам, звалілася ў канцы 2014 года. Не, эканоміка не страціла дынамікі. Папросту рост паказчыкаў змяніўся іх падзеннем, а паляпшэнне дабрабыту людзей — пагаршэннем.

Моцная і эфектыўная ўлада — гэта ўлада, якая ставіць перад сабой задачы і выконвае іх. Жалю вартыя вынікі праграмы мадэрнізацыі дзяржаўных прадпрыемстваў вядомыя. Не стану паўтарацца. Свежы прыклад — чарговая спроба дзяржавы прымусіць сябе любую знізіць колькасць праверак суб’ектаў гаспадарання. Для чытачоў, пазбаўленых з-за ўзросту задавальнення сачыць «ўжывую» за працай першага Усебеларускага народнага сходу ў 1996 годзе, прывяду адпаведную цытату: «Балючай праблемай стала вялікая колькасць кантралюючых органаў. Многія кіраўнікі скардзяцца, што іх замучылі праверкі: не паспее скончыць праверку адзін орган, як пачынае іншы, прычым часта па тых жа самых пытаннях».

Трэцяя апора — дзяржаўная ідэалогія. Чым скончылася спроба яе распрацаваць — добра вядома. Сам АП быў вымушаны прызнаць, што акрамя патрыятызму, нічога выключна нацыянальнага пакласці ў яе аснову не атрымалася. І не атрымаецца — дадам ад сябе. Любая ідэалогія павінна пачынацца з уяўлення пра будучыню. А якая будучыня ў «беларускай мадэлі», акрамя чарговага пераабрання АП на чарговы прэзідэнцкі тэрмін?!

Перачытайце трэці пункт. Ідэалогія патрэбна для мабілізацыі людзей на пабудову квітнеючай дзяржавы. Што тут мэта, а што сродак? Згодна з Канстытуцыяй, адзіным палітычным суб’ектам у нас з’яўляецца народ. Дзяржава — гэта ўсяго толькі інструмент, з дапамогай якога народ рэалізуе свае інтарэсы (нацыянальныя інтарэсы).

З чацвёртым пунктам тая ж гісторыя. Грамадзянская супольнасць па вызначэнні не можа быць апорай дзяржаве-інструменту, мэта існавання якой палягае ў аказанні паслуг. Каму? Грамадству, зразумела. Але дзяржава-інструмент — гэта паняцце з чужога нам свету, са свету «ліберальнай дэмакратыі», у якім грамадзянская супольнасць таму і называецца грамадзянскай, што авалодала дзяржавай, а не наадварот.

Сіла і эфектыўнасць сучаснай дзяржавы вызначаецца яе здольнасцю падтрымліваць стабільнасць. Задача развіцця — гэта задача грамадзянскай супольнасці. Не багі і не дзяржаўныя чыноўнікі павінны абпальваць гаршчкі і займацца мадэрнізацыяй прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. Інакш, нягледзячы на жаданне зрабіць як лепш, атрымлівацца будзе як заўсёды.

У рэжыме надзвычайнага становішча

Трансфармацыя дзяржавы-моста ў дзяржаву-востраў адбылася не праз памылку і не з нечага капрызу. «Беларуская мадэль эканамічнага развіцця» свой унутраны рэсурс вычарпала яшчэ ў 2006 годзе. На змену развіццю прыйшла дэградацыя.

На стадыі эканамічнага росту ўверх ішлі і рэальныя даходы насельніцтва. Адсюль натуральным чынам сфармаваўся кантракт паміж грамадствам і ўладай, які прадугледжвае абмен лаяльнасці першых на гарантыі росту даходаў з боку другіх. Да 2014 года не без праблем, але гэты кантракт выконваўся.

Новы кантракт — зрэшты, як і папярэдні, — быў сфармаваны «ад жыцця». Ён быў падказаны вайной на ўсходзе Украіны, якая дазволіла адсунуць рост даходаў на другі план і вылучыць на першы фізічнае выжыванне.

Для эфектыўнай працы новага кантракту патрэбна адмысловае асяроддзе. На афіцыйнай мове яго прынята называць надзвычайнае становішча. Востраў стабільнасці, акружаны з усіх бакоў міжнацыянальнымі і іншымі відамі канфліктаў, ідэальна падыходзіць для падтрымання надзвычайнага становішча на працягу доўгага часу.

Любая аўтарытарная ўлада, нават калі рэсурсаў больш чым дастаткова, схільная дрэйфаваць у напрамку надзвычайнага становішча. А тым больш гэта датычыць улады персаналісцкай. Пагрозы, адкуль бы яны ні зыходзілі, кансалідуюць грамадства і дазваляюць лідару з дапамогай падкантрольных СМІ паўстаць у вобразе выратавальніка, здольнага беспамылкова здалёк заўважаць небяспекі і вызначаць шляхі іх пераадолення.

Час звярнуцца да цытавання: «Новая рэальнасць складаецца ў тым, што практычна ў любых абставінах сучаснае грамадства тым устойлівейшае, а дзяржава-сервіс тым больш эфектыўнейшая, чым менш яна ўзнаўляе надзвычайныя здарэнні» (Іван Мікіртумаў, філосаф).

Тут на памяць прыходзіць анекдот пра ўскрыццё, якое паказала, што хворы памёр у выніку ўскрыцця. Стабільнасць «беларускай мадэлі» сёння знаходзіцца пад пагрозай. Сумнявацца ў гэтым не даводзіцца. Але генератар будучага хаосу знаходзіцца ўсярэдзіне гэтай мадэлі, а не па-за межамі.



Каментаваць