Ад Вандэі перабудовы да цытадэлі традыцыяналізму

Не варта рабіць «асноўную памылку інтэлігенцыі» — верыць у здольнасць народа, вызваленага ад прыгнёту начальства, самастойна наладзіць жыццё.


У паэме Барыса Пастарнака «Высокая хвароба» ёсць выдатныя радкі пра Леніна:


Столетий завистью завистлив,

Ревнив их ревностью одной,

Он управлял теченьем мыслей

И только потому — страной.


У героя маіх «азбук паліталогіі», безумоўна, не той маштаб. На зайздрасць і рэўнасць стагоддзяў разлічваць яму не даводзіцца, але прынцып кіравання краінай той жа. Ён адзіны палітык (АП) і сваю місію бачыць у кіраванні «течением мыслей» беларусаў. Яго права і магчымасць кіраваць краінай ёсць толькі вытворныя ад права і магчымасці кіраваць «плынню думак» («течением мыслей»).

Нічога нечаканага з пункту гледжання паліталогіі ў гэтым няма. Звернемся, для прыкладу, да паняцця «легітымнасць» (ад лацінскага «legitimus» — законны, правамерны), якое азначае згоду народа добраахвотна прызнаваць за палітыкам права на прыняцце рашэнняў. Гэта значыць, палітык мае ўладу толькі ў тым выпадку, калі іншыя згодныя, што ён мае ўладу.

Нескладана здагадацца, што адбудзецца, калі тыя, па-першае, перадумаюць, па-другое, перадумаюць практычна адначасова. Як тут ні прыгадаць люты 1917 года, калі, паводле трапнага вызначэння гісторыка Васіля Розанава, «Расія зліняла за тры дні».

Імперыі, якая раскінулася ад Балтыйскага да Ахоцкага мораў, для распаду хапіла гэтых трох дзён. А што вы хочаце, калі ў ліку іншых апынуліся нават родныя браты гасудара імператара.

Сёння мы разумеем, што захаванне манархіі давала шанец на правядзенне больш эфектыўнай і менш крывавай мадэрнізацыі краіны, у параўнанні з мадэрнізацыяй бальшавікоў. Гэтак жа сама (прыгадаем Кітай) эканамічныя рэформы пад кіраўніцтвам рэфарматарскага крыла КПСС хутчэй маглі б прывесці нас да рыначнай эканомікі. Але як у першым, так і ў другім выпадку кіраўнікі дзяржаў гублялі здольнасць кіраваць «плынню думак», і падзеі пачыналі разгортвацца паводле некіраванага сцэнару.


Што ў сухой рэшце?

Аднак як вызначыць межы, у якіх кіраванне «плынню думак» магчымае, якая пры гэтым роля аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў? Для адказу на пастаўленыя пытанні зноў звернемся да Леніна.

За сваё адносна кароткае жыццё ва ўладзе ён тройчы кардынальна мяняў курс развіцця краіны. Але курс, калі пагадзіцца з Пастарнакам, другасны ў адносінах да «плыні думак», такім чынам, у адпаведнасці са знакамітай формулай манцёра Мечнікава, «раніцай — думкі, увечары — курс».

Ленін быў марксістам. Ён верыў у рэвалюцыйную творчасць мас, адначасова прызнаючы патрэбу ў правадырах, што «здольныя арганізаваць рух і кіраваць ім». Тры ленінскія курсы — гэта саветызацыя («Уся ўлада саветам!»), ваенны камунізм і НЭП.

Тэарэтычнай базай першага курса служыла «асноўная памылка інтэлігенцыі», г.зн. вера ў здольнасць народа, вызваленага ад прыгнёту начальства і эксплуататараў, самастойна наладзіць жыццё. Ленін разглядаў саветы ў якасці клеткі новага грамадства, яго сутнасці.

Але саветы ў сваёй першароднай форме — дадзяржаўны орган кіравання. Яны не прыстасаваныя для вырашэння праблем, якія выходзяць за межы вузкіх лакальных супольнасцяў. Таму «трыумфальнае шэсце савецкай улады» па факце аказалася распадам краіны.

Пры адсутнасці цэнтральнай улады перастала працаваць чыгунка, спыніўся падвоз хлеба ў гарады і сыравіны на прадпрыемствы. Масавая эйфарыя ад здабытай свабоды трансфармавалася ў сваю супрацьлегласць — у такое ж масавае патрабаванне навядзення парадку. Ленін не стаў веславаць супраць плыні і аператыўна адкарэктаваў свае ўяўленні пра саветы: «Рашуча ніякай прынцыповай супярэчнасці паміж савецкім (г.зн. сацыялістычным) дэмакратызмам і прымяненнем дыктатарскай улады некаторымі асобамі няма».

Ківач гісторыі хіснуўся ў адваротны бок. Ён зруйнаваў лакальныя мяжы, выбудаваныя ў працэсе саветызацыі, а заадно і рэшткі таварна-грашовых адносін. Але вельмі хутка высветлілася, што аўтарытарны парадак, даведзены да крайніх формаў, ператварыўся ў сваю супрацьлегласць — у крыніцу дэзарганізацыі эканомікі. Патрабаванне адмены прадразвёрсткі стала асноўным генератарам сялянскіх паўстанняў.

Адмову ад ваеннага камунізму на карысць НЭПа правадыр сусветнага пралетарыяту ажыццявіў пад прыкрыццём прызыву «вучыцца ў сялян спосабам пераходу да лепшага ладу і не мець права камандаваць».

Што мы маем у сухой рэшце? Магчымасць аўтарытарнага/таталітарнага палітыка кіраваць «плынню думак» у ручным рэжыме, зыходзячы з уласных уяўленняў аб тым, што такое добра, а што такое дрэнна, блізкая да нуля. Усё, на што ён здольны, — гэта асядлаць хвалю грамадскіх настрояў.


Гісторыя паўтарылася

Здавалася б, са з’яўленнем радыё і тэлебачання магчымасць фармаваць грамадскую думку «пад заказ» істотна пашырылася. Але чаму ж тады камуністы дапусцілі распад СССР? Іх манаполіі на інфармацыю супрацьстаяў толькі самвыдат ды «галасы», якія з цяжкасцю прабіваліся праз глушылкі. Няўжо яны не ўсведамлялі, якія насоўваюцца пагрозы?

У гэта верыцца з цяжкасцю. Ужо Юрый Андропаў — экс-старшыня КДБ, які кіраваў у 1956 годзе здушэннем паўстання ў Венгрыі, — як толькі прыйшоў да ўлады ў СССР, спрабаваў стабілізаваць сітуацыю за кошт умацавання дысцыпліны. Аднак усе яго спробы кіраваць «плынню думак» шляхам барацьбы «з непрацоўнымі даходамі і з так званымі лятунамі, прагульшчыкамі, гультаямі, бракаробамі, нахлебнікамі грамадства» аказаліся марнымі.

Ва ўмовах глыбокага крызісу ўсёй сістэмы чарговая спроба «закруціць гайкі» не спрацавала. «Плынь думак» насуперак намаганням прапаганды сама скіравалася прэч ад звыклых савецкіх каштоўнасцяў да каштоўнасцяў ліберальных (псеўдаліберальных, як гэта бачыцца з дня сённяшняга). Яна і ўзнесла на вяршыню ўлады ініцыятара «новага мЫслення» Міхаіла Гарбачова.

Але паслабленне таталітарнай дзяржавы, прынятае інтэлігенцыяй за дэмакратызацыю, абярнулася клонам саветызацыі 1918 года. 

Пад ціскам знізу цэнтральная ўлада страціла сваё манапольнае права на распараджэнне дэфіцытам. Перасоўванне гэтага права на ўзровень рэспублік і ніжэй разбурыла «саюз непарушны» гэтак жа імкліва, як і яго імперскага папярэдніка. Падзеі жніўня 1991 года наглядна паказалі, што ў агульнанароднай дзяржаве практычна не знайшлося тых, хто гатовых устаць на яе абарону.

Дэфіцыт спажывецкіх тавараў ад гэтага не знік. Насельніцтва ў чарговы раз адчула, што яго падманулі. Каштоўнасці, якія яшчэ ўчора віталіся масавым падкідваннем чэпчык, апынуліся ілжывымі. А мы ўжо ведаем, што ў адказ на распад эканамічных сувязяў і спароджаны ім хаос «плынь думак» робіць разварот на 180°. На календары быў 1994 год.


Ад жыцця, а не ад схемаў

Герой маіх «азбук паліталогіі» ішоў да сваёй першай электаральнай перамогі з крытыкай дзеючай улады за яе карупцыйнасць, а не за нізкую эфектыўнасць. Апошняе назіранне вельмі істотнае. Яно сведчыць пра перавагу традыцыяналісцкай свядомасці сярод беларусаў. Такая свядомасць заклапочаная барацьбой з пярэваратнямі зла, а не барацьбой за каштоўнасці развіцця і прагрэсу.

Але ўнікальнасць Беларусі не абмяжоўвалася перавагай традыцыяналісцкай свядомасці. «Усе — ад азербайджанцаў да венграў, — напісаў у 1995 годзе палітолаг Дзмітрый Фурман,могуць бачыць у камуністычным перыядзе час расійскага панавання, у камунізме — сістэму, навязаную рускімі, а ў вызваленні ад яго — вызваленне ад «маскоўскай тыраніі». Усе, акрамя Расіі. Таму ў Расіі барацьба з камунізмам не магла адначасова стаць і барацьбой за нацыянальнае вызваленне. А ў Беларусі?

Для прыхільнікаў БНФ нацыянальнае пачуццё і антыкамунізм былі «аднавектарныя». Але «нацыяналісты» апынуліся ў меншасці, і на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе будучы АП перамог пад лозунгам аднаўлення сувязяў з Расіяй. Гэты курс ён паслядоўна праводзіць на працягу 20 гадоў, нязменна збіраючы з яго палітычныя дывідэнды.

Згодна з прызнаннем акадэміка Анатоля Рубінава, АП «выбудоўвае сваю палітыку, адштурхваючыся ад зямлі, ад жыцця, а не ад якіх-небудзь тэарэтычных схемаў і абстрактных лагічных пабудоў». З гэтым варта пагадзіцца. Носьбіты традыцыяналісцкай свядомасці не схільныя да рэфлексіі. Таму АП і так званая беларуская «большасць» выдатна зразумелі адзін аднаго ў 1994 годзе, і для гэтага будучаму трыумфатару не давялося кіраваць «плынню думак».

Тое, што мы прыплылі не туды — зразумела нават традыцыяналістам. Але нямногія ўсведамляюць, як далёка мы прасунуліся не туды. На жаль, у іх лік не ўваходзяць надзеленыя правам прымаць рашэнні.

АП — не Ленін. Калі «плынь думак» пад ціскам новай рэальнасці крута развернецца, ён не зможа паўтарыць манеўр. І тады ў яго не застанецца іншага выбару, акрамя як паспрабаваць стаць папярок плыні. Мала пры гэтым нікому не падасца.



Каментаваць