Ад моцнай да неэфектыўнай

Калі Улада разважае пра стабільнасць, варта пацікавіцца, чыю канкрэтна стабільнасць яна мае на ўвазе.

Калі Улада разважае пра стабільнасць, варта пацікавіцца, чыю канкрэтна стабільнасць яна мае на ўвазе.

Са школьнага курса літаратуры я памятаю, што «Слова у нас до важного самого в привычку входят, ветшают, как платье». Слова «лібералізацыя» — з таго ж шэрагу. З галоўнай трыбуны краіны яно актыўна загучала напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Яго далейшы лёс дапаможа прасачыць інтэрнэт. Зойдзем на сайт самай саліднай газеты і скарыстаемся пошукам. Раніцай 23 кастрычніка пошукавік выдаў мне спіс у 178 артыкулаў, што ўтрымліваюць слова «лібералізацыя».

У 2001 годзе такіх артыкулаў было 29. Як правіла, іх аўтары карысталіся словазлучэннем «либерализация экономики и стимулирование активности людей». Гэта прамая цытата з перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі.

Даверлівасць — адна з базавых характарыстык выбарцаў. Але на празмерную даверлівасць пакутуюць і «залатыя пёры» дзяржаўнай журналістыкі. Прывяду прыклад: «…заява Аляксандра Лукашэнкі пра лібералізацыю была зроблена не для прыгожага слоўца. Не дзеля прапаганды. Не з мэтай спадабацца тым, у чыёй свядомасці ўжо ўмацавалася рынкавая ментальнасць. Было сказана для таго, каб зрабіць, каб выканаць дадзенае народу абяцанне» (Л. Маслюкова, 18.12.2001).

Але выбары прайшлі, і ў 2002 годзе колькасць артыкулаў у «СБ», якія ўжывалі слова «лібералізацыя», скарацілася ўдвая. У 2003 годзе іх колькасць зменшылася да васьмі, а ў 2004 — да двух! Прэзідэнцкія выбары 2006-га не ўнеслі істотных карэктываў у «дадзенае народу абяцанне» (5 артыкулаў). У год максімальных прыбыткаў ад «нафтавага афшора» Уладзе было не да лібералізацыі. Ды і расійскі рынак, перапоўнены нафтадоларамі, уражваў сваёй ненаеднасцю — толькі паспявай падвозіць.

Але колькі вяроўцы халявы не віцца, канец усё адно будзе. Падвышэнне ў два разы коштаў на расійскі газ у 2007 годзе вярнула прызабытае слова: 2008 г. — 40 артыкулаў, 2009 г. — 72 і 2010 г. — 51 (на 23 кастрычніка).

Палавінчатыя рашэнні

Калі дзевяць гадоў таму гаворка ішла пра лібералізацыю эканомікі і стымуляванне актыўнасці людзей, то ў Пасланні–2010 лібералізацыю эканомікі мяркуецца накіраваць на разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы. Ключавая роля ў разняволенні (цікава, хто і калі яе запрыгоніў?) адведзеная Дырэктыве № 4.

Тэкст Паслання–2010 агучылі 20 красавіка. З таго памятнага дня таполі за маім акном паспелі пакрыцца лістотай, за што я быў ім шчыра ўдзячны ў анамальна гарачыя дні другой паловы лета. Аднак, у поўнай адпаведнасці з каляндарным планам, надышла восень, і 2 верасня са старонак ужо згаданай газеты прагучала пытанне: «Дзе ж яна?». З таго часу ад былых таполевых шавялюраў засталіся адны ўспаміны. Ужо нават адважылася выпасці і першыя нясмелыя сняжынкі-дыяменты, але ўцямнага адказу на, здавалася б, элементарнае пытанне так і не з’явілася.

Праблема, аднак, не абмяжоўваецца шматразова сарванымі тэрмінамі. Прадпрымальнікаў, г. зн. грамадзян, чыя рынкавая ментальнасць «ужо ўмацавалася», непакоіць ступень абяцанага разняволення. Свае хваляванні кіраўнікі трох прадпрымальніцкіх саюзаў выказалі ў адкрытым лісце, накіраваным на адрас першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Прыводжу фрагмент допісу: «На вялікі жаль, паводле нашай інфармацыі, шматлікія ідэі і прапановы ўжо не знаходзяць свайго месца ў праекце гэтага дакумента. Палавінчатыя рашэнні, расплывістыя фармулёўкі, нормы, якія нічога не змяняюць, усё больш пачынаюць пераважаць у цяперашняй рэдакцыі праекта Дырэктывы».

Тут самы час перайсці ад фактаў да азбучных ісцін паліталогіі.

Клапатлівая рука самародка

У фінале вядомага анекдота пра вожыка ёсць такія словы: «Я моцны, моцны, але вельмі лёгкі». У нашым выпадку пасля слоў «я моцны, моцны» можна смела паставіць: «але вельмі неэфектыўны». Мяркую, чытач здагадаўся, што пад займеннікам першай асобы адзіночнага ліку хаваецца родная дзяржава. Менавіта сіла з’яўляецца яе галоўнай характарыстыкай, і гэту сілу дзяржаве забяспечвае «вертыкаль улады». Такая афіцыйная версія.

На «вертыкаль улады» ўскладзена роля рычага, які «позволяет нам концентрировать ресурсы на главных направлениях развития». З гэтым не паспрачаешся. Перафразоўваючы Архімеда антычнага, сучасны беларускі Архімед мог бы смела заявіць: «Дайце мне дармовыя рэсурсы, і я пабудую рынкавы сацыялізм».

Канцэнтрацыя і цэнтралізаванае пераразмеркаванне рэсурсаў — гэта прывітанне ад нярынкавай эканомікі. Гэта прывітанне са свету неэфектыўнага кіравання. Для пацвярджэння такой рашучай заявы спашлюся на аўтарытэт Сусветнага банка, які рэгулярна публікуе даклады пра якасць дзяржаўнага кіравання ў краінах свету.

У табліцы адлюстраваны сукупныя рэйтынгі краін па шасці індэксах якасці дзяржаўнага кіравання за 1996–2008 гады: 1) улік думкі насельніцтва і падсправаздачнасць дзяржаўных органаў; 2) палітычная стабільнасць і адсутнасць гвалту; 3) эфектыўнасць працы ўрада; 4) якасць заканадаўства; 5) вяршэнства закона; 6) стрымліванне карупцыі. Чым ніжэйшы рэйтынг, тым горшая якасць дзяржкіравання (рэйтынгі змяняюцца ад 0 да 100).



У цэлым па сусветнай эканамічнай шкале за мінулае дзесяцігоддзе рэйтынгі змяніліся нязначна. Што да Беларусі, то разам з Зімбабве, Кот д’Івуарам, Эрытрэяй і Венесуэлай яна апынулася ў групе краін, якія павольна, але ўпэўнена зніжаюць якасць дзяржкіравання.

Усё, чым можа пахваліцца рэспубліка-партызанка на сённяшні дзень, — гэта стабільнасць (індэкс № 3). Для таго, каб зразумець, якім шляхам яна дасягаецца, прывяду фрагмент даклада на ІІІ Усебеларускім народным сходзе: «Дзяржава па-ранейшаму павінна трымаць руку на пульсе жыцця грамадства ва ўсіх галінах: забяспечваць законнасць і парадак, стабільнасць і спакой, бяспеку і абарону сваіх грамадзян».

Клапатлівую руку на пульсе жыцця грамадства адчуваюць сёння не толькі палітычна, але і эканамічна актыўныя беларусы. Нездарма ж у чарговы раз на парадак дня пастаўлена пытанне пра разняволенне прадпрымальнікаў. Што да законнасці і парадку, то, мяркуючы па індэксах № 4 і № 5, тут дзяржаўная рука вельмі неэфектыўная. Вось і давялося насельніцтву для абароны сваіх правоў звяртацца да подкупу службоўцаў, г. зн. карупцыі (індэкс № 6).

Дзеля справядлівасці адзначу, што меркаванне Сусветнага банка падзяляюць у нас далёка не ўсе. Так, акадэміку Рубінаву з крэсла старшыні Савета Рэспублікі адкрываецца прынцыпова іншая карціна: «Нам пашанцавала ў тым, што ў самым пачатку нашага дзяржаўнага будаўніцтва краіну ўзначаліў А.Р. Лукашэнка — таленавіты самародак з народа, які вызначыў самыя эфектыўныя і бязбольныя шляхі нашага развіцця, здолеў згуртаваць народ, выбудаваць сістэму кіравання дзяржавай, аб’яднаў высілкі ўсіх грамадзян на рашэнне самых галоўных, жыццёва важных задач».

Вялікая праблема маленькай зарплаты

Перад любым грамадствам стаяць дзве ўзаемавыключныя задачы: захаванне стабільнасці і адаптацыя да зменлівых умоў. Гэта вырашаецца за кошт своеасаблівага падзелу працы. Улада (дзяржава) бярэ на сябе адказнасць за стабільнасць, а грамадства — за адаптыўную зменлівасць. Суладная праца тандэма дазваляе паспяхова супрацьстаяць Будучыні з яе прынцыповай непрадказальнасцю. Няцяжка здагадацца, што там, дзе рука моцнай дзяржавы сціскае грамадства за горла, немагчымы пошук інавацый ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы, ні ў культуры.

Будучыня гуляе супраць нас, выкарыстоўваючы выпадковую стратэгію. Тэорыя гульняў падказвае, што супраць выпадковай стратэгіі любая рацыянальная, дэтэрмінаваная стратэгія робіцца неэфектыўнай. Выстаўце супраць дваровай футбольнай каманды зборную каманду свету, гульцы якой абавязаны строга выконваць загадзя распісаныя трэнерам хады, і лік у такой гульні будзе трохзначны. Таму калі родная Улада стварае на свой лад канструктыўныя структуры грамадства і цвёрда душыць неканструктыўныя, яна пазбаўляе беларускую нацыю асноўнага рэсурсу выжывання.

Высокая стабільнасць не гарантуе поспехаў па іншых кірунках. Звярніце ўвагу на два апошнія радкі табліцы. Рэйтынгі стабільнасці (індэкс № 2) у Паўночнай Карэі і ў Карэі Паўднёвай практычна аднолькавыя. Вось толькі «паўднёўцы» ўвесь час балансуюць на мяжы галоднай смерці, у той час як іх браты па крыві і культуры на поўначы стварылі адну з самых эфектыўных эканомік сучаснага свету.

Стабільнасць, як шматразова падкрэслівае сацыёлаг Георгій Сатараў, ніколі не бывае чыннікам чагосьці. Яна сама ёсць вынік, і вынік заўсёды часовы, інакш не было б ніякага развіцця. На чым трымаецца беларуская стабільнасць? На высокім рэйтынгу адзінага палітыка, які, у сваю чаргу, забяспечваецца ростам рэальных прыбыткаў насельніцтва. Сам адзіны палітык ад такога забеспячэння свайго рэйтынгу актыўна адмаўляецца: «Не надо упрекать, я работаю спокойно, никогда не покупаю избирателей. Мне это не надо». Аднак сфармуляваны на ІІ Усебеларускім сходзе прынцып беларускай стабільнасці, тым не менш, застаецца ў сіле. Нагадаю яго чытачам «НЧ»: «Нельзя не признать справедливость истины о том, что маленькая зарплата способна разрушить даже самое сильное государство».

Сусветны крызіс прымушае сёння ўрады еўрапейскіх дзяржаваў пераглядаць сацыяльныя абавязацельствы ў бок паніжэння. У адказ мільёны выходзяць на мітынгі пратэсту. Ці здольная такая актыўнасць разбурыць еўрапейскую дзяржаўнасць? Мяркую, што не здольная. А вось кіруючым партыям паўторна перамагчы на выбарах будзе цяжка. Але гэта праблемы кіруючых партый, а не дзяржаваў. У гэтым карэннае адрозненне цывілізаванага свету ад свету, у якім адзінай крыніцай згуртавання народа выступае «таленавіты самародак».
 

Каментаваць