Ад сытасці да абароненасці

Перадвыбарная праграма галоўнага кандыдата на прэзідэнцкую пасаду — істотная заяўка на права і далей несці крыштальны сасуд. Перад намі «карціна алеем», для стварэння якой аўтарам хапіла дзвюх фарбаў — чорнай і белай.



Пачну з размовы з жонкай перад сном:

— Якія навіны?

— Апублікаваныя вынікі апытання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ).

— І што?

— Аказваецца, ты ўсім задаволеная.

— Ваў!

Зразумець здзіўленне маёй жонкі нескладана. Пяць гадоў таму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў яе зарплата (настаўніцы сярэдняй школы) перавысіла 500 долараў. Сёння пры той жа нагрузцы яна не дацягвае ў эквіваленце і да 300 «зялёных». Такі вынік чацвёртай пяцігодкі для асобна ўзятай прафесійнай групы.

У лістападзе 2010 года 77,5% суайчыннікаў былі ўпэўненыя, што Беларусь пад кіраўніцтвам адзінага палітыка (АП) развіваецца ў правільным кірунку. За пяць гадоў гэты паказчык не змяніўся. Стабільнасць, аднак. Такой стабільнасць уяўляюць сацыёлагі ІАЦ, калі на яе глядзець з вокнаў кабінетаў на праспекце Пераможцаў.

Здольнасць рэагаваць на змены навакольнага асяроддзя — фундаментальная ўласцівасць жывых арганізмаў. Але, калі меркаваць па прыведзенай сацыялогіі, сярэднестатыстычны беларус знаходзіцца ў каматозным стане (ад старажытнагрэчаскага «кῶма» — «глыбокі сон» — стан паміж жыццём і смерцю, які характарызуецца стратай свядомасці, рэзкім паслабленнем або адсутнасцю рэакцыі на знешнія раздражненні.

Змена вехаў

Працытую фрагмент з папярэдняй «Азбукі паліталогіі» («Хто вычарпаў ліміт рэвалюцый?», 11 верасня, №34): «З пэўнага моманту для кожнай аўтарытарнай дзяржавы палітычная павестка пачынае канцэнтравацца на ўтрыманні ўлады. А гэта азначае, што жыць яна пачынае пад дыктоўку надыходзячай рэвалюцыі. Прадухіленне рэвалюцыі становіцца адзіным пунктам праграмы кіруючага класа. Тут ужо не да развіцця».

Не ўпэўнены, што мяне чытаюць у Адміністрацыі АП, але актуальнасць майго выказвання там прызнаюць, што і пацвярджае перадвыбарная праграма кандыдата на пяты прэзідэнцкі тэрмін. Яна апублікаваная 17 верасня. Адкрыем яе.

Перад намі «карціна алеем», для стварэння якой аўтарам хапіла дзвюх фарбаў — чорнай і белай. Дзве фарбы сімвалізуюць два магчымыя шляхі развіцця Беларусі: «Адзін шлях наперад — да захавання стабільнасці і парадку, свабоды і незалежнасці. Гэта шлях адзінства і згоды, развіцця і прагрэсу. Гэта шлях міру і стварэння. Іншы шлях назад — да смуты і хаосу «дзевяностых», бандыцкага капіталізму і дзяльбы ўласнасці, да паслаблення дзяржавы і страты незалежнасці. Гэта шлях рэвалюцыі, крыві і вайны».

Прадухіленне рэвалюцыі — цэнтральны элемент праграмы АП. Але калі ў 2010 годзе кандыдат на чацвёрты тэрмін у якасці антырэвалюцыйнага сродку (сродку па падтрыманні стабільнасці) прапаноўваў «імкліва рухацца наперад і дасягнуць большага», то сёння на парадку дня стаіць задача «абараніць тое, што ўжо створана».

Такая дыялектыка развіцця аўтарытарнага рэжыму. Яна выразна праглядаецца ў загалоўках праграм адзінага рэальнага кандыдата на прэзідэнцкую пасаду: «Ад захавання — да памнажэння» (2010), «За будучыню незалежнай Беларусі» (2015).

 Дзесяць гадоў таму кандыдат на трэці тэрмін абяцаў давесці якасць жыцця нашых грамадзян да ўзроўню, параўнальнага з заходнееўрапейскім. Пяць гадоў таму ён рэдукаваў сваё абяцанне да набліжэння ўзроўню жыцця ў Беларусі да еўрапейскага. Сёння кандыдат на пяты тэрмін цвёрда абяцае абараніць Айчыну ад любых замахаў.

Несці на працягу двух дзесяцігоддзяў крыштальны сасуд, імя якому Беларусь, — задача не самая простая. Верагоднасць спатыкнуцца рэальная, тым больш, што жадаючых падставіць падножку хапае.

Адсюль змена вехаў. Змена сацыяльнага кантракту. Падтрымліваць лаяльнасць насельніцтва за кошт росту рэальных даходаў беларуская мадэль больш не ў стане. Свой унутраны рэсурс яна цалкам вычарпала яшчэ ў пачатку «нулявых». Далейшы рост даходаў забяспечваўся за кошт датацый з боку «нашай Расіі», нафтавага афшора і крэдыту МВФ.

Новы сацыяльны кантракт прадугледжвае абмен лаяльнасці на выжыванне. Упершыню пра яго ўвядзенне АП абвясціў у сваім навагоднім звароце за некалькі хвілін да надыходу 2015 года. У праграме «За будучыню незалежнай Беларусі» новаму кантракту нададзена цэнтральнае месца.

Абмяжуюся трыма цытатамі: «Нам у Беларусі ўдаецца захаваць мір, мы не чуем стрэлаў і разрываў снарадаў, у нас ёсць магчымасць спакойна працаваць, гадаваць дзяцей і радавацца мірнаму жыццю». «Як першы прэзідэнт незалежнай Беларусі магу цвёрда абяцаць вам: наша краіна ніколі не будзе ўцягнутая ў чужыя войны і канфлікты. І мы заўсёды абаронім Айчыну ад любых замахаў». «ЗАХАВАЦЬ У КРАІНЕ МІР І ПАРАДАК — у гэтым я бачу сваю другую найважнейшую задачу».

Экзамены адмянілі

Мне ўжо неаднаразова даво­дзілася адзначаць, што беларускі аўтарытарны рэжым абапіраецца не на падтрымку грамадства, а на яго пасіўнасць. Але няма правіл без выключэння, і такія выключэнні ў 2001, 2006 і 2010 гадах мы назіралі падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Што тычыцца мясцовых і парламенцкіх выбараў, то яны пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996-га праводзяцца ў «сумным» рэжыме.

Як паказваюць апытанні НІСЭПД, мэтанакіраваная прапаганда здольная дадаць каля 10% галасоў, але гэты дадатак праз 2–3 месяцы пасля заканчэння выбарчай кампаніі «самаліквідуецца». У якасці прыкладу прывяду дынаміку электаральнага рэйтынгу АП у 2010 годзе: кастрычнік — 44%, снежань — 53%, сакавік — 43%.

Фінальная кропка кампаніі па мабілізацыі электарату — Усебеларускі народны сход («веча» ў тэрміналогіі АП). Першае веча адбылося 19 кастрычніка 1996 года. Яно прайшло пад лозунгам «Улада павінна падпарадкоўвацца толькі волі народа».

Усе наступныя веча будаваліся па аналогіі з партыйнымі з’ездамі эпохі «Дарагога Леаніда Ільіча Брэжнева», г. зн. у рэжыме самасправаздачы пра дасягнутыя поспехі. У прыватнасці, з трыбуны чацвёртага веча (6 снежня 2010 года) АП урачыста заявіў: «Нягледзячы ні на якія цяжкасці, мы выканалі тое, што абяцалі народу на папярэднім сходзе».

Пры змене сацыяльнага кантракту з самасправаздачай улады перад народам паўсталі праблемы. Таму пятыя прэзідэнцкія выбары АП вырашыў правесці ў «сумным» рэжыме. Натуральна, патрэба ў правядзенні Усебеларускага народнага сходу адпала. Як адпала і неабходнасць у здачы экзамену.

Разглядаць выбары ў якасці экзамену, які ўлада здае перад народам — яшчэ адно ноў-хаў АП. У гэтым годзе першая згадка пра маючы адбыцца экзамен датуецца 25 сакавіка, апошняя — 23 чэрвеня. Цытую паводле афіцыйнага прэс-рэлізу: «Кіраўнік дзяржавы лічыць, што маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары з’яўляюцца ў пэўным сэнсе экзаменам для ўсіх органаў улады. «Гэта экзамен перад народам, перад тымі, хто даверыў нам лёс Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, вынікі прадэманструюць стаўленне людзей да гэтай працы, а таксама стануць асновай стратэгіі далейшага развіцця краіны».

Але права на здачу экзамену яшчэ трэба зарабіць. Студэнтаў, што сістэматычна прапускаюць заняткі, не выконваюць практычныя работы і не здаюць залікі, да іспытаў не дапускаюць. Гэта ісціна ўладальніку двух дыпломаў савецкіх ВНУ, безумоўна, добра вядомая.

АП заўсёды ўмеў выбудоўваць палітыку «ідучы ад жыцця». А жыццё сёння такое, што не варта лішні раз засяроджваць увагу выбаршчыкаў на дасягнутых выніках. Таму пасля 23 чэрвеня ад здачы экзамену галоўны студэнт краіны вырашыў адмовіцца, не чакаючы, калі рашэнне пра нядопуск да іспыту прымуць выбаршчыкі.

Усім і бескарысліва

Любая мабілізацыйная кампанія, хто б і з якой мэтай яе ні праводзіў, вядзе да палярызацыі грамадства. У расколатым жа беларускім грамадстве эфект палярызацыі праяўляецца асаблівага відавочна. Таму мэтанакіраваныя намаганні дзяржаўнай прапаганды па мабілізацыі патэнцыйных прыхільнікаў АП аўтаматычна вядуць і да мабілізацыі яго праціўнікаў.

З эфектам палярызацыі звязаны адносны поспех апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах. Калі ўзровень электаральнай падтрымкі АП на выбарах адпавядае яго рэйтынгу даверу, то для апазіцыйных кандыдатаў ён, як правіла, у два разы вышэйшы (паводле дадзеных НІСЭПД).

Гэта перавышэнне забяспечваецца за кошт так званага пратэстнага галасавання. Але адна справа — згаджацца на негатыўны пабочны эфект мабілізацыі ва ўмовах ранейшага сацыяльнага кантракту («Лаяльнасць у абмен на рост даходаў») і зусім іншае — ва ўмовах цяперашняга («Лаяльнасць у абмен на выжыванне»).

У 1994 годзе Лукашэнка быў галоўным рэсурсам сваёй выбарчай кампаніі. Сёння, калі меркаваць па публічнай інфармацыйнай прасторы, ён фактычна хаваецца ад сваіх патэнцыйных выбаршчыкаў.

Роля галоўнага ньюсмейкера Беларусі ўскладзена на старшыню Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну. У гэтую ролю яна выдатна ўжылася, і нават вялікі Станіслаўскі не змог бы вымавіць сваё сакраментальнае: «Не веру!»

Я рэгулярна праглядаю сайт самай саліднай беларускай газеты. Прывяду некалькі загалоўкаў навінавых матэрыялаў: «Ярмошына цалкам давярае выбарчым камісіям» (16.09); «Ярмошына лічыць, што ў Беларусі не варта спяшацца з пераходам на дыстанцыйнае галасаванне» (16.09); «Ярмошына: Беларусь не баіцца эксіт-полаў» (16.09); «Ярмошына: На тэледэбатах кандыдатам трэба трымацца бойка і кампетэнтна» (11.09).

З апошняга загалоўка вынікае, што інтарэсы гэтай выдатнай жанчыны не абмяжоўваюцца прафесійнай сферай. Яна прэтэндуе і на лаўры галоўнага беларускага спецыяліста ў галіне фармавання палітычнага іміджу. Прычым свае парады старшыня Цэнтрвыбаркама раздае бескарысліва, незалежна ад палітычнай арыентацыі кандыдатаў.

Абмеркаванне:

  • awa
  • 2015-09-27 16:54:18
Ад сытасьці да абрабаваньня ўсяго ...адзін крок. І зрабіць яго трэба дабраахвотна і дружна, каб не было потым спакусы на кагось сьпіхнуць віну. Усе памыляцца не могуць. Усе могуць быць толькі
сьляпымі і нявіннымі.

Каментаваць