Адарвалі мішку лапу...

ЕАЭС можа спыніць сваё існаванне, нават не пачаўшы дзейнічаць. На перамовах у Мінску Пуцін не атрымаў жаданай падтрымкі і моцна раззлаваўся. Яго эмацыйныя выказванні могуць паставіць крыж на гэтым праекце.



Шмат хто ў беларускіх інтэлектуальных колах быў перакананы, што пасля Украіны Пуцін возьмецца за сілавое далучэнне да Расіі нашай «сінявокай». Але падобна на тое, што пасля Украіны надыдзе чарга Казахстану. Бо найвялікшую свінню кіраўніку Расіі на мінскім саміце падклаў усё ж Нурсултан Абішавіч Назарбаеў. Пакуль Аляксандр Рыгоравіч сціпла маўчаў, Назарбаеў запэўніў украінскага прэзідэнта Пятра Парашэнку, што не бачыць аніякай небяспекі ад падпісання Украінай асацыяцыі з ЕС. Больш за тое, Назарбаеў прапанаваў стварыць фонд падтрымкі Украіны, якой трэба будзе ўзнаўляць сваю эканоміку пасля вайны.

Такі дэмарш выбіў Пуціна з каляіны і справакаваў на даволі рэзкія выказванні. 29 жніўня Уладзімір Уладзіміравіч прыбыў на чарговы моладзевы форум «Селігер», дзе і паведаміў, што кіраўнік Казахстана — «унікальны чалавек», бо «стварыў дзяржаву на тэрыторыі, на якой дзяржавы не было ніколі».

А яшчэ днём раней лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі заявіў у эфіры радыёстанцыі «Эха Масквы», што Расія пасля Украіны павінна звярнуць увагу на Казахстан. Там, на ягоную думку, назіраюцца значныя антырасійскія настроі. «Ва ўсіх новых падручніках ў Казахстане ўсюды антырускія настроі. Хоць Расія Казахстан не заваёўвала, а прыйшла на дапамогу, бо казахаў выразалі джунгары», — адзначыў ён.

Здавалася б, Жырыноўскі можа мець сваё меркаванне, тым больш, што Казахстан — якраз у напрамку Індыйскага акіяна, дзе, паводле Жырыноўскага, кожны рускі салдат мусіць памыць свае боты. Аднак усе ўжо прызвычаіліся: што ў Жырыноўскага на языку, тое ў Пуціна ў розуме. І таму Нурсултан Абішавіч адрэагаваў на пагрозы адэкватна, заявіўшы ў адказ, што Казахстан можа і выйсці з Еўразійскага эканамічнага саюза. «Астана ніколі не будзе ў складзе арганізацый, якія ствараюць пагрозу незалежнасці Казахстана. Наша незалежнасць — самы дарагі скарб, за які змагаліся нашы дзяды. Мы зробім усё магчымае, каб абараніць яе», — заявіў Назарбаеў.

Потым ад адказных асобаў Казахстана паступілі тлумачэнні: зараз Казахстан не разглядае пытання аб выхадзе з пагадненняў пра ЕАЭС, але калі з’явіцца пагроза незалежнасці — то выбачайце.

Такая «спрэчка ў шляхетным сямействе» адбылася яшчэ і на тым фоне, што дамова аб ЕАЭС, падпісаная Назарбаевым, Пуціным і Лукашэнкам напрыканцы мая гэтага года, яшчэ не ратыфікаваная парламентамі краінаў. Немаведама, як да выказванняў Пуціна паставіцца казахскія Меджліс і Сенат (у іх таксама двухпалатны парламент).

Наўрад ці ў Казахстане не ведаюць, з чаго пачыналася анексія Крыму і ўвогуле расійска-ўкраінскі ўзброены канфлікт. «Украіна — гэта нават не дзяржава! Што такое Украіна? Частка яе тэрыторый — гэта Усходняя Еўропа, а частка, і значная, падараваная намі», — сказаў Пуцін Джорджу Бушу 4 красавіка на закрытай сустрэчы «Расія — NАТО» ў Бухарэсце. Зараз амаль тое ж самае Пуцін кажа ў дачыненні да Казахстану.

Нурсултан Абішавіч заявіў пра выхад Казахстану з ЕАЭС як пра «верагоднасць», а не як пра прынятае рашэнне. Бо і выходзіць пакуль яшчэ няма адкуль — ЕАЭС яшчэ не запрацаваў. Тым не менш, Пуцін пачуў пра такую магчымасць.

Але ЕАЭС, падаецца, сапраўды «любімая гулька» Уладзіміра Уладзіміравіча, у якую можна граць, нават калі «адарвалі мішку лапу». Зразумела, што без Казахстана ЕАЭС не поўны, але Пуцін усё адно яго не кіне.

Найперш, Пуцін на гэтым тыдні тэрмінова ўнёс дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе на ратыфікацыю ў Дзярждуме, — пакуль Казахстан не адваліўся. З іншага боку, ён пачаў не менш тэрмінова шукаць «мішкін пратэз» — замену Казахстану ў ЕАЭС. І знайшоў.

Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, Пуцін даручыў ураду РФ падпісаць дамову аб далучэнні Арменіі да Еўразійскага эканамічнага саюза. Невядома, ці кансультаваўся Уладзімір Уладзіміравіч па гэтым пытанні з Лукашэнкам або Назарбаевым, але падаецца, што не. Таму што да Арменіі шмат пытанняў. Па-першае, яна не ўваходзіць у Мытны саюз Расіі, Казахстана і Беларусі, а значыць, і да ЕАЭС ёй яшчэ расці і расці. Па-другое, Арменія мае нявырашаную тэрытарыяльную праблему з Азербайджанам — Нагорны Карабах. Прымаць яе ў ЕАЭС проста небяспечна з-за магчымага канфлікту з Азербайджанам па тэрытарыяльным пытанні.

Карацей, сам Уладзімір Пуцін закладае пад свой жа праект «аб’яднання земляў» (хоць у нейкіх маштабах СССР) міну запаволенага дзеяння. Беларусі ў гэтай сітуацыі лепш за ўсё пачакаць з ратыфікацыяй пагадненняў пра ЕАЭС: хай там рускія разбяруцца з казахамі, а армяне — з азербайджанцамі. Калі яно рване, дык хоць нас не зачэпіць, а калі не рване — то і добра.

Да таго ж, «падключэнне» да ЕАЭС Арменіі таксама патрабуе «карэкціровак курсу». Пад гэтым соўсам ратыфікацыю можна і адкласці — як мінімум на год. А там паглядзім.

Каментаваць