Адкуль сыходзіць пагроза традыцыйным каштоўнасцям?

Адзіны палітык — мой інфармацыйны спонсар. Дзе б я знаходзіў тэмы для сваёй «Азбукі паліталогіі», калі б не ён? На абагульненне такога маштабу здольны адзін з тысячы.



Здавалася б, пасля 21 года публічнай актыўнасці выказаць штосьці новае практычна не магчыма. Але нездарма ж акадэмік Анатоль Рубінаў ахарактарызаваў адзінага палітыка (АП) як «унікальную асобу», якая пры выбудоўванні сваёй палітыкі «адштурхваецца ад зямлі, ад жыцця, а не ад якіх-небудзь тэарэтычных схем і абстрактных лагічных пабудоў». Такое прызнанне з боку аўтара больш чым 300 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій і 65 вынаходстваў, дорага каштуе.

12 студзеня, падчас уручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне», «унікальная асоба» зрабіла шэраг заяваў. Цытую паводле афіцыйнага прэс-рэлізу: «Найглыбейшы духоўны крызіс ахапіў многія краіны. І як вынік: у розных кутках Зямлі дэструктыўныя сілы здзяйсняюць спробы зламаць сістэму традыцыйных каштоўнасцяў. Агрэсіўныя напады на асновы маралі робяцца адной са злавесных прыкметаў сучаснасці».

Вось што значыць «адштурхоўвацца ад зямлі, ад жыцця». На абагульненне такога маштабу здольны хіба што адзін палітык з тысячы. І ў лепшым выпадку — адзін палітык з дзесяці тысяч з першай жа спробы пацэліць у «яблычак», г.зн. вылучыць галоўную праблему сучаснага свету, праблему разбурэння традыцыйных каштоўнасцяў.

Індустрыялізацыя, аднак

У адрозненне ад АП, Карл Маркс быў вялікім аматарам тэарэтычных схем і лагічных абстрактных пабудоў. У прыватнасці, гістарычны працэс ён разглядаў як змену грамадска-эканамічных фармацый. Іх колькасць, лічыў Маркс, супадае з колькасцю пальцаў на адной руцэ. Не буду спрачацца з класікам. Арыфметыка — не маё. Таму прапаную звярнуцца да тэарэтычнай схемы, у якой уся гісторыя чалавецтва дзеліцца толькі на дзве эпохі — эпоху традыцыйнага грамадства і эпоху мадэрну. Гэтай схемай карыстаецца і АП, хоць, магчыма, пра гэта і не здагадваецца.

«Традыцыйнае грамадства, — падказвае Вікіпедыя, — грамадства, якое рэгулюецца традыцыяй. Захаванне традыцый пануе ў ім над развіццём, а грамадскі ўклад характарызуецца жорсткай саслоўнай іерархіяй, існаваннем устойлівых сацыяльных супольнасцяў. Такая арганізацыя грамадства фактычна імкнецца захаваць у нязменным выглядзе сацыякультурныя асновы жыцця, якія ў ім склаліся».

Знаёмая карціна, ці не так? Яна ад зямлі, ад жыцця, ад паўсядзённага жыцця сучаснай Беларусі. Але ідзем далей. «Эпоха мадэрну (ад англ. modernity — сучаснасць) — паняцце, якое азначае грамадства, змененае ў выніку сцвярджэння капіталістычнага грамадскага ладу, індустрыялізацыі, урбанізацыі, секулярызацыі, развіцця інстытутаў дзяржавы. Такое грамадства супрацьпастаўляецца традыцыйнаму грамадству і грамадству постмадэрну».

Калі першае азначэнне да нас мае непасрэднае дачыненне, дык з другім не ўсё так адназначна. Індустрыялізацыі, урбанізацыі і секулярызацыі ў нас як у сабакі блох. Я больш за год пражыў у Нью-Ёрку, але ні аднаго корпуса завода так ні разу і не ўбачыў. У Мінску ж толькі ў раёне плошчы Якуба Коласа іх як мінімум тры. І гэта ў самым цэнтры горада! Індустрыялізацыя, аднак.

Дэфіцыту інстытутаў дзяржавы ў Беларусі таксама няма. Паводле Маркса, дзяржава — апарат гвалту ў руках пануючага класа. Пануючага класа ў нас няма, але па колькасці сілавых структур мы трывала займаем лідзіруючыя пазіцыі ў Еўропе.

Вось чаго ў нас ніколі не было і няма, дык гэта капіталізму.

Барацьба за доступ да цела

«Капіталізм — эканамічная сістэма вытворчасці і размеркавання, заснаваная на прыватнай уласнасці, усеагульнай юрыдычнай роўнасці і свабодзе прадпрымальніцтва. Галоўным крытэрам для прыняцця эканамічных рашэнняў з’яўляецца імкненне да павелічэння капіталу, да атрымання прыбытку», сцвярджае Вікіпедыя. Але гэта ў тэорыі. А што мы маем фактычна?

Прапаную прыгадаць апошні навагодні зварот АП. Прамова заканчваецца пажаданнем дабрабыту. Пералік прафесійных груп, да якіх звяртаецца АП, шырокі. Паводле добрай савецкай традыцыі, яго адкрываюць рабочыя і сяляне. Далей ідуць будаўнікі, інжынеры і навукоўцы, «якія сваёй працай памнажаюць багацце краіны». Не забытыя лекары з настаўнікамі, «якія дораць нам здароўе фізічнае і духоўнае». Асобным радком вылучаны салдаты ды афіцэры.

У пераліку адсутнічаюць прадпрымальнікі. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца, бо прадпрымальнікі — яны ж, паводле вызначэння АП, «вашывыя блохі» — адзіная прафесійная група, афіцыйна пазбаўленая ў Беларусі права на занятак палітычнай дзейнасцю. Я не памыліўся. АП на гэту тэму выказваўся неаднаразова. Абмяжуюся адной цытатай: «Хачу падкрэсліць: калі хтосьці з бізнесоўцаў будзе фінансаваць «пятую калону» ці нейкім іншым спосабам аказваць негатыўны ўплыў на грамадства, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу, у барацьбу супраць дзяржавы. А там — свае законы. Потым няхай не крыўдзяцца такія бізнесоўцы».

Любая палітычная дзейнасць у Беларусі — гэта дзейнасць супраць дзяржавы. Усё правільна. Традыцыйнае грамадства рэгулюецца традыцыямі. Палітыкі як спосабу ўзгаднення інтарэсаў яно не ведае. Нездарма ж пасля сваёй перамогі на першых і апошніх прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе АП перш за ўсё заняўся аднаўленнем уладнай «вертыкалі», вярнуўшы дзяржаўным чыноўнікам і сілавікам статус вядучых саслоўяў.

Публічная палітыка, палітычная канкурэнцыя — гэта паняцці з эпохі мадэрну. Але ў жорсткіх іерархічных структурах дапускаецца толькі адзін від канкурэнтнай барацьбы — барацьба за доступ да цела начальніка. Публічнасці яна не дапускае, як не прадугледжвае і прадстаўнічых органаў улады.

«Улада, і прэзідэнт перш за ўсё, — тлумачыць АП, — павінен кантраляваць самае галоўнае тры рэчы: уладу — яна не прыватызуецца, уласнасць і грошы. Гэта павінна быць засяроджана перш за ўсё. Ну і потым, я ўжо казаў, ідэалогія ў нас не прыватызуецца і гэтак далей».

Гараджане з сялянскай свядомасцю

Вось такая мадэль традыцыйнай, г.зн. сярэднявечнай дзяржавы, у якой улада, уласнасць, грошы і гэтак далей сканцэнтраваныя ў адных руках. Апорай для такой дзяржавы з’яўляецца традыцыйнае грамадства. Яго ролю ў Беларусі выконвае так званая «большасць». І, як дакладна заўважыў АП, каштоўнасці большасці беларусаў і іх сацыякультурных калегаў у свеце знаходзяцца пад пагрозай, якая зыходзіць ад дэструктыўных сілаў.

Прыгледзімся да гэтых сілаў. Згодна з прапанаванай вышэй схемай, месцам іх пражывання можа быць толькі мадэрн. Супрацьстаянне мадэрну і традыцыі — гэта супрацьстаянне дынамікі і статыкі. Для апошняй любыя змены — дэструктыўныя.

Зразумела, у XXI стагоддзі ў геаграфічным цэнтры Еўропы традыцыйнага грамадства ў чыстым выглядзе быць не можа. Па факце мы маем раскол на мадэрнізаваную «меншасць» (25–30%) і традыцыйную «большасць» (70–75%). Але ўзровень прасунутасці першых і адсталасці другой адносны.

Класічны традыцыяналізм у Беларусі быў знішчаны ў гады сталінскай калектывізацыі і індустрыялізацыі. Бальшавікі абвясцілі стварэнне сучаснай эканомікі галоўным звяном пабудовы Царства нябеснага (камунізму) на Зямлі. Яны паспрабавалі перайсці ад статыкі да асаблівага тыпу дынамікі, заснаванай на планавай арганізацыі ўсіх бакоў жыцця.

Традыцыйнае грамадства бальшавікі разбурылі, але грамадства мадэрну не стварылі. Вынікам іх намаганняў стаў сацыяльны феномен — гарадскі жыхар з сялянскай свядомасцю. Як спажывец новых тавараў, феномен апынуўся вельмі паспяховы, але як іх распрацоўшчык і вытворца — не.

Сталінская дыктатура — прыклад дыктатуры развіцця. Задачу індустрыялізацыі яна вырашыла. Кошт рашэння — асобнае пытанне. Але адна справа, арганізаваць масавую вытворчасць абмежаванага тыпу вырабаў, заснаваную на прымітыўных тэхналагічных аперацыях, і зусім іншае — сучасную постіндустрыяльную вытворчасць. Усе спробы арганізаваць яе па-за межамі канкурэнтнай эканомікі праваліліся.

Нічога новага, нічога арыгінальнага

Але вернемся да першай цытаты АП. Паўтару яе апошні сказ: «Агрэсіўныя напады на асновы маралі робяцца адной са злавесных прыкметаў сучаснасці».

Цікава, што аўтар такога катэгарычнага сцверджання разумее пад «мараллю»? Адказу на гэта пытанне ў мяне няма, але, паводле Барыса Дубіна, сацыёлага Левада-Цэнтра: «Мараль — гэта неабходнасць і здольнасць улічваць іншага чалавека як іншага, зыходзячы з таго, што ты — свабодны, самастойны і сталы індывід, але і любы іншы такі ж».

Калі мы пагодзімся з такім вызначэннем маралі, то будзем вымушаныя прызнаць, што мараль несумяшчальная з традыцыйнымі каштоўнасцямі. І мы будзем мець рацыю. Нямецкі сацыёлаг Георг Зімель яшчэ ў пачатку XX стагоддзя сцвярджаў, што мараль як механізм адказнасці і салідарнасці ўзнікае ва ўмовах выпадзення індывіда з традыцыйных супольнасцяў. Маральным можа быць толькі чалавек, які робіць асабісты выбар у складаных і супярэчлівых умовах. Менавіта такога чалавека і такія ўмовы апісвае літаратура эпохі мадэрну.

Таму дзеянням ісламскіх фанатыкаў бессэнсоўна даваць маральныя ацэнкі. Свет ісламу і ў XXI стагоддзі працягвае жыць па сярэднявечных нормах, якія не ведаюць індывідуальнай адказнасці.

У традыцыйным свеце ісламу тыя ж праблемы, што і ў беларускай «большасці». Ён не можа ўпісацца ў мадэрн, таму знаходзіцца пад пастаянным ціскам з боку культур, што генерыруюць дынаміку. Але калі тыповы прадстаўнік беларускай «большасці» на знешнія выклікі адказвае дэградацыяй (алкагалізм, наркаманія, бытавая злачыннасць і г.д.), то ісламскі фанатык — агрэсіяй.

І, падводзячы рысу, адзначу, што нічога новага і арыгінальнага АП не выказаў. Лідары палітычных рэжымаў, не здольных да развіцця, абвінавачвалі, вінавацяць і будуць вінаваціць «гнілыя» ліберальныя дэмакратыі ў распусце, супрацьпастаўляючы ёй здаровы пачатак, адраджэнне нацыі і дзяржавы, вяртанне да традыцыйных каштоўнасцяў.

Каментаваць