Час выпраўляць памылкі

Тое, што ў 1995 годзе было дасягненнем, у 2014-м стала праблемай. Каб Аляксандр Рыгоравіч не выкапаў слуп у 1995-м — не мелі б мы такіх праблемаў зараз. Але ёсць час памыляцца, і час выпраўляць памылкі.



Лукашэнка ў 1995 годзе паказальна выкапаў спецыяльна ўсталяваны для таго памежны слуп на мяжы з Расіяй. Зараз `ягоным Указам тэрыторыям, якія прымыкаюць да Расійскай Федэрацыі, вернуты статус прымежнай зоны.

Пра паўнавартасную мяжу размовы пакуль не ідзе. Тым не менш, гэты ўказ пачалі крытыкаваць тыя, ад каго крытыкі, падавалася б, чакаць не трэба. Напрыклад, намеснік кіраўніка кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў на сваёй старонцы ў Facebook напісаў: «А хоць бы і мяжа. Якая розніца? Я пакуль бачу толькі адну — яшчэ ў адным кірунку мірных грамадзян у цягніку будуць будзіць два разы за ноч». Кіраўніца кампаніі «Наш дом» Вольга Карач назвала гэтае рашэнне «дрэннай навіною для беларускай апазіцыі». Маўляў, тыя апазіцыйныя газеты і ўлёткі, якія друкаваліся ў Смаленску ці Бранску, складаней будзе правезці ў Беларусь.

Па-іншаму тлумачаць «памежную зону» ў Памежным камітэце. «Указ прыняты ў мэтах дадатковых прававых умоў для прымянення памежных сродкаў і сіл у інтарэсах памежнай бяспекі Беларусі і Расіі», — патлумачыў прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка. І ўвогуле, паводле яго, мяжа з сумежнымі дзяржавамі была ўстаноўлена пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 11 чэрвеня 1993 года, і, такім чынам, «на маскоўскім напрамку» яна існавала заўсёды.

Як гаворыцца ў тлумачэнні прэс-службы Лукашэнкі, стварэнне прымежнай зоны «дасць магчымасць стварыць умовы для рэалізацыі ўскладзеных на органы памежнай службы задач і функцый у межах гэтай мясцовасці, а таксама арганізаваць належнае ўзаемадзеянне з памежнымі органамі Расійскай Федэрацыі, скіраванае на рашэнне задач па выяўленні і спыненні транзітнай незаконнай міграцыі, наркатрафіку і незаконнага перамяшчэння праз мяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў».

Сапраўды, наркатрафік з Усходу стаўся для Беларусі вялікай праблемай. У аналітычным аглядзе за 2013 год Упраўленне па наркакантролі МУС Беларусі канстатавала: «Асноўнай краінай — пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Рэспубліку Беларусь непасрэдна для ўнутранага збыту па-ранейшаму з’яўляецца Расійская Федэрацыя… Адным з фактараў, якія выклікалі такую тэндэнцыю, з’яўляецца ўваходжанне Рэспублікі Беларусь у Мытны саюз, што дазваляе спрошчанае перамяшчэнне тавараў праз мяжу Расіі і Беларусі».

Праблема незаконнай міграцыі — таксама не жарты. Яна ўскладняецца тым, што зараз у нас поўнаю хадою ідзе падрыхтоўка да спрашчэння візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

«Каб падпісаць дамову аб спрашчэнні, а ў перспектыве — і адмене візавага рэжыму, нам трэба вырашыць пытанне рэадмісіі грамадзян», — тлумачыць вайсковы эксперт Аляксандр Алесін. А якая можа быць рэадмісія, калі ў нас мяжы з Расіяй няма?

Так што зараз нелегалаў мы павінны адлоўліваць не на заходняй мяжы, а на далёкіх усходніх подступах да яе.

Шматлікія эксперты адзначаюць, што Аляксандра Лукашэнку не можа не турбаваць і досвед Украіны, дзе «дзіравая» мяжа з Расіяй зрабіла магчымай паўнавартасную вайну. Канешне, як сведчыць досвед Украіны, наяўнасць інжынерных збудаванняў на мяжы не з'яўляецца гарантыяй абароны ад магчымых яе парушэнняў, а тым больш ад узброенага ўварвання. Тым не менш, наяўнасць такой мяжы здымае хаця б частку гіпатэтычных «праблемаў вайсковага ўварвання». Нагадаем, што памежнікі ўкраінскага пункту пропуску «Ізварына» даволі працяглы час блакавалі магчымасць дастаўкі падмацаванняў луганскім сепаратыстам з Расіі. Так, зброя і найміты праходзілі і «лесам», у абыход памежнага пункта, але, каб не было «Ізварына», гэтая б «сцежка» была нашмат шырэйшай і зброі для сепаратыстаў было б у дзясяткі разоў больш.

Такім чынам, альтэрнатывы мяжы з Расіяй у сучасных умовах проста не існуе. Увядзенне хаця б памежнай зоны з Расіяй — крок апраўданы. Канешне, гэта створыць нейкія нязручнасці звычайным грамадзянам, кшталту атрымання дазволаў на знаходжанне ў памежнай зоне цягам больш за тры гадзіны (фармальна такая практыка існуе) і пашпартных праверак у цягніках. Але да гэтага яшчэ — як да Кітая пехам.

Як лічыць кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў, галоўная праблема памежнікаў зараз — кадры. «Асноўная праблема памежных структураў, як, дарэчы, і амаль ва ўсіх дзяржаўных структураў, — «кадравы голад». На мяжы фізічна не хапае людзей, а тыя новыя кадры, якія туды прыходзяць, недастаткова падрыхтаваныя», — адзначыў Паротнікаў.

Паводле аналітыкаў Belarus Security Blog, менавіта ўкамплектаванне новых штатаў будзе найбольш істотнай праблемай. Ужо ў цяперашні час органы памежнай службы адчуваюць праблемы з камплектаваннем падраздзяленняў памежнага і мытнага кантролю. Для аховы ж мяжы Беларусі і Расіі спатрэбіцца фармаванне не менш двух пагранічных атрадаў (напрыклад, у Оршы, Мсціславе або Крычаве), і значнае павелічэнне колькасці Полацкага і Гомельскага пагранатрадаў. Толькі на базе двух гэтых атрадаў на мяжы з Расіяй будзе неабходна сфармаваць не менш за 50 застаў або пагранічных пастоў і 10–15 аўтамабільных і чыгуначных пунктаў пропуску. Такім чынам, колькасць памежнікаў павінная павялічыцца не менш чым у паўтары разы.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-09-10 14:20:38
"...як да Луны пехам..." Луна па-беларуску называецца Месяц, не чулі пра такое? Ну і сапраўды: якая Вялікаму Журналісту справа, што будуць нязручнасці для "звычайных
грамадзян"? Геапалітыка юбер алес.
  • Сцяпан
  • 2014-09-10 14:28:07

А не трэба наогул у той бок цягацца. А тым для каго Расея па-ранейшаму брат і добры сусед, мы межы адчынім. калі ласка, на гістарычную радзіму.
  • ВР
  • 2014-09-10 15:15:18
"Мы, Сцяпан (Сяргей?) Першы..."
  • Сцяпан
  • 2014-09-10 15:21:01
Гэта вы пра што? А, Вы думаеце, што акрамя вас і аўтараў артыкулаў больш ніхто нічога не каментуе? Не буду вас пераконваць, калі вам так лепей :)
  • ВР
  • 2014-09-10 15:31:18
Навучыцеся, дзядзька, спярша коскі расстаўляць і новы сказ з вялікай літары пачынаць (я пра першы Ваш камент), а потым пра межы разважайце.
  • Сцяпан
  • 2014-09-10 15:35:10
Вы, відаць, акрамя памылак нічога іншага і не заўважаеце.
  • ВР
  • 2014-09-10 15:40:38
Сцяпану: о так, пяць кніжак напісаў, і ўсе пра памылкі на сайце "Новага часу" :)
  • Сцяпан
  • 2014-09-10 15:43:09
Дык папрасіцеся да іх карэктарам, можа возьмуць. А то ж такі талент прападае
  • Ірына
  • 2014-09-10 15:44:53
Людзі, вам што няма чым заняцца? Тут сур'ёзнае пытанне ўздымаецца, а вы колькасць памылак абмяркоўваеце.
  • ВР
  • 2014-09-10 15:56:52
Дык загаловак жа адпаведны: "Час выпраўляць памылкі" :) А ўвогуле, пажадана, каб сур'ёзныя пытанні абмяркоўвалі сур'ёзныя людзі, іначай пачынаецца пустая балбатня. Што і дэманструе
гэты артыкул (на жаль, паводле якасці вельмі характэрны для цяперашніх СМІ).

Каментаваць