Адміністрацыя ЗША падоўжыла санкцыі супраць Лукашэнкі

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп вырашыў працягнуць яшчэ на год санкцыі супраць некаторых беларускіх грамадзянаў і чыноўнікаў — да чэрвеня 2019 года.



Як паведамляе Белсат, згодна з указам, санкцыі скіраваныя супраць асобаў, якія «здзяйсняюць парушэнні правоў чалавека, звязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі, уключаючы затрыманні і знікненні; удзельнічаюць у грамадскай карупцыі, у тым ліку шляхам адцягнення або няправільнага выкарыстання беларускіх дзяржаўных актываў або няправільнага выкарыстання дзяржаўнае улады».

«Дзеянні і палітыка пэўных членаў урада Беларусі і іншых асобаў працягваюць ствараць неардынарную і выключную пагрозу для нацыянальнай бяспекі і вонкавае палітыкі ЗША», – гаворыцца ў заяве Белага дому.

На сёння ў санкцыйным спісе дзесяць чалавек: Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, Лідзія Ярмошына, Віктар Галаванаў, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка, Сцяпан Сухарэнка, Аляксандр Зімоўскі, Уладзімір Навумаў і Наталля Пяткевіч.

Яны не могуць мець уласнасці і права на ўласнасць, адкрываць банкаўскія рахункі і праводзіць фінансавыя аперацыі на тэрыторыі ЗША.

Санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў і членаў іх сем’яў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ўвёў тагачасны прэзідэнт ЗША Джордж Буш. Пасля гэтага лідары ЗША штогод пераглядалі і працягвалі іх.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць