Адсутнасць скаргаў як крытэр эфектыўнасці

Сувязь з гістарычным мінулым, як правіла, вітаецца, аднак у рэальнасці не ўсё так адназначна. У сацыёлага Вольгі Бяссонавай чытаем: «Яшчэ ў часы «палюддзя» рускія князі выпраўляліся з дружынай да падуладных плямёнаў, каб, як трапна адзначыў Салаўёў, «выконваць свае абавязкі датычна народанасельніцтва». Паводле скаргаў сваіх падданых князь чыніў суд і расправу, змяняў велічыню даніны».

 



Кіеўская Русь даўно засталася ў мінулым, але прынцыпы кіравання дзяржавай, выпрацаваныя нашымі продкамі ў IX–XII стагоддзях, усё яшчэ актуальныя ў сучаснай Беларусі.

Так, палюддзе (штогадовы аб’езд князя са сваёй дружынай падуладных земляў) трансфармавалася ў наведванне адзіным палітыкам (АП) прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, будаўнічых пляцовак і іншых знакавых аб’ектаў. На афіцыйнай мове такія паездкі прынята называць «працоўнымі візітамі».

Галоўная мэта палюддзя — збор даніны. Звернемся да прэс-рэлізу, прысвечанага наведванню АП ААТ «Мотавела»: «Мы должны видеть динамику каждый год: объемы производства и самое главное — деньги». З гэтай цытаты пачынаецца прэс-рэліз. Не магу адмовіць сабе ў задавальненні, каб не прывесці наступны сказ: «Прэзідэнту даклалі пра вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывы развіцця прадпрыемства».

Прадпрыемства прыватнае, а гаворка пачынаецца з фінансаў, з выканання абавязкаў, узятых на сябе ўладальнікамі ААТ перад дзяржавай. Усё заканамерна: у межах мадэлі, якая склалася ў Кіеўскай Русі, не працуюць, а служаць. Выключэнняў з гэтага правіла не бывае, і форма ўласнасці тут не адыгрывае асаблівай ролі.

Падмацую сказанае адпаведным выказваннем АП: «Если, допустим, директор моторного завода — слесарь, значит, он пойдет работать слесарем или бригадиром слесарей, если Семашко (першы віцэ-прэм’ер) конструктор, он пойдет работать конструктором, если захочет».

А куды ён падзенецца! Зразумела, захоча. Для някемлівых АП спецыяльна патлумачыў: ён не дапусціць стварэння якіх-небудзь камерцыйных структур, якія б адважыліся ўзяць на працу чыноўнікаў, што не выканалі свае абавязкі: «Теплых мест, а не дай Бог коммерческих структур, для вас не будет, потому что эта коммерческая структура будет уничтожена мгновенно, если они возьмут на работу без моего ведома людей из кадрового реестра».

Здавалася б, які абшар для Канстытуцыйнага суда! Але не варта радавацца, бо, паводле артыкула 116 Канстытуцыі РБ, з 12 суддзяў КС палову прызначае асабіста АП, а палову — Савет Рэспублікі. Але, у сваю чаргу, з 16 чальцоў верхняй палаты парламента палову прызначае АП, палова абіраецца дэпутатамі абласных саветаў. Якім чынам фармуюцца абласныя саветы — гісторыя, вартая асобнай «Азбукі паліталогіі».

У гэтым жа расповедзе неабходна адзначыць, што фармаванне прыгоннага права заўсёды пачыналася зверху. Як тут ні працытаваць Івана Жахлівага: «Я царь и в своих холопех волен». Халопы цара — гэта не прасталюдзіны, гэта баяры, яго найбліжэйшае асяроддзе.

Дзяржаўнае плячо за недзяржаўны кошт

Ніводная сацыяльная сістэма не здольная працаваць без зваротнай сувязі. У рынкавай эканоміцы ролю сігналаў, якія забяспечваюць зваротную сувязь, выконваюць кошты. Гэта з іх дапамогай бізнэсоўцы вызначаюць сферы найбольш эфектыўнага прыкладання капіталу. Вырашаючы свае асабістыя праблемы на мікраэканамічным узроўні, яны адначасова не дазваляюць назапашвацца дысбалансам на ўзроўні макраэканамічным. Таму ў рынкавай эканоміцы ў грамадства няма патрэбы ў «вялікім урадзе» з яго Дзяржпланамі і Дзяржснабамі.

Сучасная дзяржава, як адзначае нямецкі філосаф Юрген Хабермас, ёсць адміністрацыйная і падатковая дзяржава. Але беларуская дзяржава кіраўнічымі задачамі не абмяжоўваецца. Паводле ўласнай ініцыятывы, яна запрэглася і ў воз задач вытворчых.

Але там, дзе дзяржава мае ролю галоўнага эканамічнага суб’екта, рынак адпачывае, а разам з ім адпачываюць і кошты. Ці азначае гэта, што наш суб’ект пазбаўлены зваротных сувязяў? Не, іх ролю бяруць на сябе скаргі.

У час палюддзя дзеянне скаргаў было асабліва відавочным, таму прапаную вярнуцца на «Мотавела», дзе АП выконвае «свае абавязкі датычна народанасельніцтва».

Пачну са скаргі індывідуальнай. Яе падаў старшыня наглядальнай рады групы кампаній «АТЕС» (асноўны акцыянер ААТ «Мотавела») Аляксандр Мураўёў. Ён паінфармаваў АП, што выкананне вытворчых абавязкаў магчыма толькі пры ўмове прадстаўлення растэрміноўкі па вяртанні крэдыту. Такое інфармаванне — не што іншае, як скарга на ААТ «Прыёрбанк», які, верагодна, адмовіў у растэрміноўцы.

АП скаргу задаволіў: «Если проблема в банке, мы тебе в последний раз подставим плечо, сделаем рассрочку. Костюченко (председатель правления ОАО «Приорбанк» Сергей Костюченко) в нагрузку пускай помогает. Он частник, и ты частник. Думаю, вы договоритесь». Тут міжволі прыгадваеш аднаго еўрапейскага палітыка, які сваё нежаданне прыватызаваць банкі тлумачыў прыватызацыяй банкіраў.

Індывідуальнай скаргай, аднак, справа не абмежавалася. Прысутныя на мерапрыемстве дырэктары шэрагу прамысловых прадпрыемстваў звярнуліся да АП з просьбай пра прыняцце мер па падтрымцы айчынных вытворцаў. І ў дадзеным выпадку просьба — гэта скарга, але не на калегаў па бізнэсу, а на беларускае грамадства. У масавым парадку яго прадстаўнікі завозяць з сумежных дзяржаў танны шырспажыў.

У якасці даведкі, спашлюся на сваю знаёмую, якая гэтым летам адправілася адпачываць на два тыдні ў Славакію з жаночай торбачкай і поліэтыленавым пакетам, а вярнулася з дзвюма буйнагабарытнымі валізкамі і з бясконцымі гутаркамі пра 5–10-разовую розніцу ў коштах.

Але не варта думаць, што правам жаліцца надзеленыя ў нас выключна «крепкие хозяйственники». Існуе шэраг фармальных правіл падачы скарг-чалабітных шараговымі грамадзянамі. Яны сёння называюцца «зваротам грамадзян», але ад пераходу на канцылярыт сутнасць справы не змяняецца. Без зваротнай сувязі з грамадствам ніводны «бацька» падтрымліваць стабільнасць не ў стане.

Свежы прыклад. 22 жніўня на нарадзе пра эпізаатычную сітуацыю ў свінагадоўлі АП зрабіў наступную заяву: «Меня не столько беспокоит сам процесс этой борьбы, сколько то, как реагирует население на меры, которые предпринимаются органами власти и ветеринарными службами. Я все больше и больше получаю сигналов, в АП мы фиксируем возрастающее количество обращений граждан по этим вопросам».

Я штосьці не магу ўзгадаць, калі ў апошні раз АП свае ініцыятывы звязваў з рашэннямі парламента, а вось на звароты грамадзян ён спасылаецца ўвесь час. Так, і 22 жніўня ў якасці крытэру эфектыўнай працы чыноўнікаў ён назваў спыненне плыні скарг («Мы с вами договорились: от людей жалоб быть не должно!»).

Але, на жаль…

Пошук паралеляў паміж скаргамі часоў князя Ізяслава і сучаснымі зваротамі грамадзян — справа, безумоўна, цікавая, але з практычнага пункту гледжання малапрадуктыўная. А вось заява АП з нагоды выязнога збору ў памеры «100 долараў з носу» наўрад ці пакінула абыякавым кагосьці з чытачоў НЧ. Таму я вымушаны прысвяціць ёй асобную частку.

Пасланне–2013 утрымлівае цэлы букет выказванняў, звязаных са з’явамі «глобального порядка», якія «прямо и непосредственно влияют и будут влиять на нас». Наш адказ на выклік глабалізацыі, паводле АП, абмежаваны двума варыянтамі: «Мы можем или приспособиться к бурным переменам, или остаться на обочине истории. Иного не дано».

Асабіста я з такім наборам варыянтаў згодны. Зразумела, што ні ў мяне, ні ў АП жадання застацца на абочыне няма. Вельмі хацелася б прыстасавацца, але за кошт чаго? У Пасланні–2013 на гэта пытанне даецца выразны адказ: хуткасць, гнуткасць і творчасць.

А зараз вернемся да прапановы, агучанай падчас наведвання ААТ «Мотавела». «100 долараў з носу» — гэта вынік хуткасці, якую мы здолелі развіць у другой палове трэцяга года пяцігодкі, ці прыклад нашай гнуткасці? Мы памятаем: «Мир не просто ускоряется в своем развитии. Он постоянно меняется». Без гнуткасці пад яго не падстроіцца, як, зрэшты, і без творчасці!

Спадзяюся, прыклад творчасці на ніве вытворчасці растваральнікаў яшчэ не забыты. Для чытачоў, якія пакутуюць амнезіяй, прывяду заяву віцэ-прэм’ера расійскага ўрада Аркадзя Дварковіча: «Праваахоўныя органы Расіі працягнуць вывучаць матэрыялы пра пастаўкі Беларуссю нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў у трэція краіны, і не выключана, што датычныя да гэтага асобы ў выпадку пацверджання бязмытнага экспарту будуць прыцягнутыя да адказнасці незалежна ад грамадзянства».

Шкоду бюджэту РФ віцэ-прэм’ер ацаніў «мільярдамі долараў». Але чыясьці шкода ў свеце, дзе прынята гуляць у гульні з нулявой сумай, азначае чыйсьці прыбытак. Да жніўня 2012 года гэты прыбытак паступаў у Беларусь вагонамі (правільней было б сказаць «цыстэрнамі»). Але мы — людзі не ганарлівыя, і, быццам куры, не грэбуем дзюбаць і па зярнятку, г. зн. па «100 долараў з носу».

А калі сур’ёзна, то мне давядзецца ў чарговы раз звярнуцца да тэксту Паслання, але не 2013-га, а 2010 года: «Целью наших усилий должно быть формирование по-современному конкурентоспособных как экономики, так и государства в целом. И, более того, конкурентоспособной белорусской нации!»

Але, на жаль…

За апошнія тры гады мы ні на крок не здолелі наблізіцца да вызначаных мэтаў. Хто гэту выснову не падзяляе, хай паспрачаецца, але не са мной, а з маёй знаёмай, якая атаварылася гэтым летам у Славакіі з 5–10-разовай розніцай у коштах.

Падтрымка айчынных вытворцаў — абавязак любой разумнай дзяржавы. Метады тут могуць быць разнастайныя, і «100 долараў з носа» — далёка не самы экзатычны. Іншая справа — сацыяльныя і палітычныя наступствы ў краіне з адкрытай эканомікай. Але гэта ўжо тэма асобнай размовы.

Каментаваць