Адзін дзень з жыцця беларускай мадэлі

Беларуская мадэль даядае савецкую індустрыяльную спадчыну, патэнцыял якой як крыніцы эканамічнага росту вычарпаў сябе яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя.



8 лютага адзіны палітык (АП) прыняў з дакладамі міністра замежных спраў і старшыню КДБ. Вынікам першай сустрэчы стаў «шэраг канкрэтных даручэнняў па рэалізацыі знешняй палітыкі на ключавых кірунках», вынікам другой — пазітыўная ацэнка дзейнасці «па барацьбе з карупцыяй, а таксама па забеспячэнні захавання інтарэсаў краіны ў сферы эканомікі і фінансаў», як адзначаецца ў афіцыйных прэс-рэлізах.

Праца беларускага МЗС у рэжыме Міністэрства гандлю даўно ўжо нікога не здзіўляе. Але жыццё не стаіць на месцы. У поўнай адпаведнасці з апошнім варыянтам перадвыбарчай праграмы АП, у пятай пяцігодцы чыноўнікам трэба будзе перайсці ад мадэрнізацыі вытворчасці да мадэрнізацыі кіравання. «Менавіта тады (тут я цытую перадвыбарчую праграму) мы атрымаем рэальную аддачу ад мадэрнізацыі — заваюем новыя рынкі, прададзім прадукцыю з прыбыткам і годна заплацім кожнаму працаўніку».

Найважнейшы элемент мадэрнізацыі кіравання — пашырэнне зоны адказнасці МЗС. Інакш чым можна растлумачыць абмеркаванне з яго кіраўніком актывізацыі работы ўрада па засваенні $ 7 мільярдаў кітайскага крэдыту. «Мы маглі б прафінансаваць вельмі многія праекты», — растлумачыў кіраўніку дыпламатычнага корпуса АП.

Пашырылася зона адказнасці і ў КДБ. Цяпер цэнтр цяжару ў працы нашчадкаў «Жалезнага Фелікса» перанесены на эканамічныя пытанні. Ад высокіх вынікаў па лініі разведкі і контрразведкі да выкрыцця сістэмных праблем дзейнасці розных сфер эканомікі і асобных галін — такі сёння дыяпазон беларускіх рыцараў плашча і кінжала. На жаль, «іншыя сілавыя структуры значна адстаюць у гэтым плане ад КДБ».

Чыноўнікі vs. бізнесмены

Уявім на хвіліну, што 7 кітайскіх мільярдаў стануць рэальнасцю. З якім знакам — плюсам ці мінусам — будуць вынікі іх інвеставання ў беларускую мадэль?

Звернемся да статыстыкі. За 2015 год інвестыцыі ў асноўны капітал скараціліся на 15,2%, а затраты на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў — на 25,2%. Што ж за прычына інвестыцыйнай катастрофы, якая працягваецца ўжо не першы год? Адсутнасць грошай? Магчыма. Аднак усе фінансавыя патокі, у тым ліку і інвестыцыйныя, у беларускай мадэлі рэгулююцца адміністрацыйнымі метадамі. Чыноўнік-інвестар, у адрозненне ад бізнесмена-інвестара, рызыкуе не ўласнымі, а «дармовымі» грашыма.

Вынік такога інвеставання АП пераканаўча апісаў у Пасланні–2014: «Не раз мы з вамі пераконваліся: там, дзе мадэрнізацыя праводзіцца за дармовыя дзяржаўныя сродкі, яна аказваецца ў разы даражэй, чым у прыватніка, калі ён робіць за свае ўласныя грошы».

Тым не менш гэтыя «разы» не астудзілі інвестыцыйны запал АП. Сітуацыя парадаксальная, але безальтэрнатыўная. У аснове беларускай мадэлі ляжыць тысячагадовы навык канцэнтрацыі рэсурсаў цэнтральнай уладай з мэтай іх наступнага пераразмеркавання. Адмова АП ад аднаасобнага права пераразмяркоўваць рэсурсы азначала б адмову ад асабістай улады. Таму бессэнсоўна чакаць адэкватных высноў з мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Інвестыцыйныя магчымасці чыноўнікаў вызначаюцца колькасцю вылучаных ім рэсурсаў. Інвестыцыйныя магчымасці бізнесменаў, у першую чаргу, — наяўнасцю перспектыўных праектаў. Каб зразумець гэту азбукавую ісціну, звернемся да досведу Расіі, і дапаможа тут галоўны эканаміст «Альфа-банка» Наталля Арлова: «Цяпер ніхто не кідаецца будаваць заводы, таму што мы 15 гадоў былі ў мадэлі вельмі хуткага росту спажывання. Цяпер гэта мадэль вычэрпваецца, і нас чакае яшчэ пэўная колькасць гадоў сціскання або, у лепшым выпадку, вельмі павольнага росту спажывання. Ніхто не гатовы ісці ў такой сітуацыі на рызыку. Інвестары гатовыя прыходзіць толькі на рынак, які абяцае бум і які будзе расці. Усё пытанне ў перспектывах росту, але яны пакуль не ўражваюць».

А які сегмент рынку сёння абяцае бум? Можа, харчовы? Мода на электронныя «цацкі» як прыйшла, так і сыдзе, а есці хочацца заўсёды. 29 студзеня 2015 года на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх і замежных СМІ АП нагадаў пра актуальнасць харчовага пытання, «таму што нават у Расіі попыт на прадукты харчавання, нашае харчаванне, вельмі вялікі».

Прайшоў год. І што мы маем па факце? У 2015 годзе аб’ём экспарту прадуктаў харчавання склаў $ 4,4 мільярда, што на $ 1,2 мільярда менш за ўзровень 2014 года. На пасяджэнні прэзідыума Саўміна 2 лютага прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў патлумачыў такі варты жалю вынік «неспрыяльнай кан’юнктурай знешніх рынкаў». Падвяла «наша Расія». У чарговы раз падвяла.

Дрэнная навіна

Спецыялісты, чые веды выходзяць за межы азбукавых ісцін, сцвярджаюць, што крызісы бываюць трох тыпаў: цыклічныя, структурныя і выкліканыя знешнімі шокамі. З чым мы маем справу цяпер? Прапаную адказаць на гэтае пытанне метадам выключэння.

Цыклічныя крызісы развіваюцца па стандартнай схеме: крызіс — дэпрэсія — ажыўленне — пад’ём. Яны спараджаюцца натуральнымі для рынкавай эканомікі дыспрапорцыямі, самая вядомая з якіх — перавытворчасць тавараў.

Цыклічныя крызісы, як правіла, працягваюцца 7–10 гадоў. Але пра якую цыклічнасць у рамках беларускай мадэлі можна весці размову? За два дзесяцігоддзі яна так і не змагла перайсці ад каманднай да рынкавай эканомікі.

Можа, мы сталі ахвярай сусветнага эканамічнага цыкла? Але сусветная эканоміка ў 2015 годзе вырасла на 3,5%, у той час як беларуская скарацілася на 3,9%. Таму цыклічнасць давядзецца адкінуць.

А як наконт знешніх шокаў? Іх згубны ўплыў на беларускую мадэль у АП сумневаў не выклікае. Звернемся да тэксту Паслання–2015: «Прычыны складанай сітуацыі ў эканоміцы відавочныя: санкцыі супраць галоўнага нашага партнёра, падзенне цэнаў на нафту, дэвальвацыя расійскага рубля, звужэнне расійскага рынка».

Пераканаўча? Цалкам пераканаўча для тых, хто не жадае ці не здольны думаць крытычна. Ужо ў першым годзе чацвёртай пяцігодкі тэмпы рост ВУП апынуліся амаль у два разы ніжэй за планавыя: план — 109–110%, факт — 105,3%. А за I квартал 2014 года, г. зн. да пералічаных у Пасланні–2015 складанасцяў, яны знізіліся да 101,2%.

Знешнія шокі выступілі ў ролі паскаральніка, а не прычыны зніжэння ВУП. Такім чынам, у сухім астатку мы атрымалі структурны крызіс. Гэта дрэнная навіна. Але шыла ў меху не схаваеш. За што ні возьмешся — усюды структурныя дыспрапорцыі. Паміж сыравіннымі і апрацоўчымі сектарамі эканомікі. Паміж дзяржаўным і недзяржаўным сектарам, манапольным і канкурэнтным. Сацыяльная сфера — дыспрапорцыя паміж колькасцю занятых у эканоміцы і колькасцю пенсіянераў. У нас вельмі вялікая ўдзельная вага сацыяльных выплат у агульных даходах насельніцтва — 23%. Такога нават у СССР не было. Вельмі нязначная доля прыбытку ад прадпрымальніцкай дзейнасці ў даходах насельніцтва — 8,2%. І гэта дыспрапорцыя. Спіс лёгка можна працягнуць.

Цыклічныя крызісы таксама спараджаюцца дыспрапорцыямі, але дыспрапорцыямі, уласцівымі рынкавай эканоміцы. Дыспрапорцыі структурных крызісаў — следства няправільнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі і спазнення з прыняццем неабходных рашэнняў.

У якасці прыкладу звернемся да працэнту даходу ад прадпрымальніцкай дзейнасці ў даходах насельніцтва. 8,2% — гэта велічыня, унутрана ўласцівая рынкавай эканоміцы, ці гэта вынік палітыкі?

Цэны на нафту могуць заўтра пайсці ўверх, Захад здыме санкцыі «супраць галоўнага нашага партнёра», але структурныя дыспрапорцыі ад гэтага не знікнуць, і самі па сабе яны не рассмокчуцца.

Галоўная ўмова выжывання

Каб выправіць структурныя дыспрапорцыі, неабходны час. Немагчыма за лічаныя месяцы ўзяць і падняць долю малых прадпрыемстваў да 60–70%, як у развітых краінах. Але пачы­наць трэба з разумення прыроды крызісу. На жаль, на гэтай стадыі праца ў Беларусі і забуксавала. Нескладана здагадацца, па чыёй віне.

«Занадта шмат сёння кажуць і пішуць пра рэформы, пра структурныя рэформы, і ніхто не сказаў, а што гэта за рэформы», — заявіў АП 6 лістапада на цырымоніі прыняцця прысягі. Дзіўная заява, пагадзіцеся. Такое ўражанне, што эканамічны блок «вертыкалі» складаецца з легендарных «партызанаў на допыце». Іх пытаюцца. Яны не адказваюць.

Праблема, аднак, палягае ў іншай плоскасці. Рэальныя структурныя рэформы не могуць быць праведзены ў рамках беларускай мадэлі. АП гэта выдатна разумее. Адсюль стандартны набор страшылак: зламаюць палітычны лад, падзеляць-парэжуць народную ўласнасць і раздадуць. Зразумела, што з карыслівых меркаванняў, бо «за гэтыя рэформы сёй-той у свеце гатовы шмат заплаціць».

Але калі структурным рэформам заблакаваць магчымасць увайсці ў дзверы, яны прасочацца праз акно або праз комін, як гэта зрабілі ў лютым новыя расцэнкі на паслугі ЖКГ. Не за гарамі і павышэнне пенсійнага ўзросту. «Сама сітуацыя выспявае», — прызнаўся ў лютым галоўны інспектар па Мінску А. Якабсон. З такім прызнаннем цяжка не пагадзіцца.

Беларуская мадэль актыўна даядае савецкую індустрыяльную спадчыну, патэнцыял якой у якасці крыніцы эканамічнага росту вычарпаў сябе яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя.

Расійскія датацыі, чые аб’ёмы наўпрост вызначаецца цаной барэля, стварылі бачнасць канкурэнтаздольнасці беларускай мадэлі. Але, як адзначае гісторык Міхаіл Карпаў, «колькасная столь індустрыялізацыі даўно дасягнута, а эканоміку ведаў «кавалерыйскім наскокам» не пабудуеш. Патрэбныя капітальны рамонт інвестыцыйнага механізму і лібералізацыя, а тут «руская вясна», санкцыі, контрсанкцыі і абвальнае падзенне нафтавых катыровак».

Тым не менш надзея памірае апошняй. Вернемся ў Палац Незалежнасці, дзе 8 лютага АП у чарговы раз нагадаў галоўную ўмову выжывання беларускай мадэлі: «Прэзідэнт Расіі і прэм’ер не толькі паабяцалі, але прынялі рашэнне аб падтрымцы, як бы ні было складана ў Расіі, эканомікі Беларусі».

Каментаваць