Адзіны дэ-факта

Тое, што два гады не здолелі зрабіць лідары беларускай апазіцыі, —  абраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмсілаў, — могуць зрабіць лета і спёка. Атрымаецца цікавая сітуацыя, калі Калякін і Лябедзька сыйдуць з дыстанцыі. 



Да заканчэння збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты застаўся тыдзень. Каманды патэнцыйных кандыдатаў рэгулярна рапартуюць пра сабраныя імі подпісы. Працэс ідзе марудна.

На момант напісання матэрыялу трое прэтэндэнтаў заявілі, што ўжо сабралі неабходныя сто тысяч подпісаў. Самая вялікая колькасць — аж паўмільёна — у Аляксандра Лукашэнкі (хто б сумняваўся!). Пра сто тысяч заявілі Віктар Цярэшчанка і Сяргей Гайдукевіч.

Штаб Таццяны Караткевіч налічыў 75.000 подпісаў у яе падтрымку, казачы атаман Мікалай Улаховіч кажа пра 72.000. Лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін назбіраў 54.000, а старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька — 42.000. Іхнія шанцы дасягнуць неабходнага 100-тысячнага бар’еру для рэгістрацыі выглядаюць не самымі перспектыўнымі.

Ці верыць агучаным лічбам? Канешне, гэта справа кожнага, але…

Пакуль нашая газета была ў адпачынку, я паспеў з’ездзіць да бацькоў у Гомель. У самы «смачны» для зборшчыкаў подпісаў раён «Гомсельмаша». Там, дзе пераважна вялікія дзевяціпавярховікі і амаль няма прыватнага сектару. Там, дзе галоўнае прадпрыемства планавала скараціць пяць тысяч чалавек. Там, дзе людзі ў асноўным незадаволеныя ўладай і ўзгадваюць сітуацыю на прадпрыемстве 90-х гадоў. І ў аўтобусах ды тралейбусах размаўляюць пра «падатак на вяселле», — што з грошай, падораных маладым, трэба плаціць збор.

У раёне, па якім я хадзіў кожны дзень, я бачыў толькі пікеты за Аляксандра Рыгоравіча. І толькі адзін раз за тыдзень бачыў, як нехта там ставіў подпіс. Адзіны апазіцыйны пікет — у падтрымку Анатоля Лябедзькі, стала стаіць у іншым раёне, ля цэнтральнага ўнівермага. І яшчэ адзін — за Калякіна, у іншым раёне, на вуліцы Мазурава.

Што тычыцца абыходу кватэраў, то аддам належнае Сяргею Гайдукевічу, іх група да нас завітала.

Можа быць, прэтэндэнты ў прэзідэнты сканцэнтраваліся на Мінску, спрабуючы выціснуць усё, што можна, з ягонага двухмільённага насельніцтва? Але ж і Гомель — другі па колькасці насельніцтва горад у Беларусі.

Што яшчэ заўважна з летняга адпачынку? Амаль пустыя гарады. Калі ў Мінску яшчэ народ так-сяк соўваецца на працу і назад, то ў Гомелі амаль усе параз’ехаліся па лецішчах і гародах. У аўтобусы ў напрамку Поўдня — Чарнігава, Кіева і Адэсы — не патрапіць. Народ масава едзе адпачываць, чаму спрыяе эканамічная сітуацыя ва Украіне. Беларусы там выглядаюць «багаценькімі Бурацінамі», і тыя, хто не палохаецца «бандэраўцаў», цалкам можа дазволіць сабе някепскі адпачынак ля Адэсы.

Тыя, хто не мае мажлівасці з’ехаць, адседжваецца па кватэрах, ратуючыся ад анамальнай спёкі. Аднак, як я ўжо казаў, за ўвесь час знаходжання ў Гомелі «на пакватэрным абыходзе» я бачыў толькі адну групу патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты.

Верыць у тое, што хтосьці (апроч Аляксандра Рыгоравіча, за якога працуе «адміністрацыйны рэсурс») ужо зараз без вялікіх цяжкасцяў набраў сто тысячаў подпісаў, мне, з маіх асабістых уражанняў, не выпадае. Асабліва, калі гэта тычыцца не вельмі вядомых асобаў, кшталту Улаховіча альбо Цярэшчанкі. Апошні, у адрозненне ад казацкага атамана, хоць не першы раз у прэзідэнцкай кампаніі ўдзельнічае.

Канешне, праз тыдзень мы даведаемся, хто і колькі насамрэч назбіраў. 21 жніўня — апошні дзень падачы сабраных подпісаў для праверкі ў выбарчыя камісіі. Можа быць, яны нам дакладна раскажуць, хто подпісы сапраўды сабраў, а хто іх «маляваў». Гэта будзе залежаць ад сцэнару, які зараз абярэ ўлада: «вольніца для ўсіх», як было ў 2010-м, альбо «жорсткі адсеў», які прагназавалі напярэдадні палітолагі.

Прыгадваючы 2010 год, заўважу, што ў найлепшай маральнай сітуацыі апынуліся тады «зялёныя», якія шчыра прызналіся, што не сабралі неабходнай колькасці для рэгістрацыі свайго кандыдата, і годна сышлі з прэзідэнцкай кампаніі. У далейшым яны пазбеглі «разборак» сярод апазіцыі і абвінавачванняў у тым, што гэта «Лукашэнка дапусціў іх да перадвыбарчай гонкі».

Можа атрымацца цікавая сітуацыя, калі шляхам «зялёных» пойдуць Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька. Нагадаю, што Таццяна Караткевіч заяўляла пра дзве тысячы сябраў сваёй ініцыятыўнай групы. Калі верыць, што за яе сабрана 75 тысячаў подпісаў, то за тыдзень да заканчэння збору кожнаму з яе валанцёраў трэба здабыць толькі дванаццаць з паловай аўтографаў выбаршчыкаў, каб дасягнуць неабходных для рэгістрацыі ста тысячаў.

Калі Калякін і Лябедзька годна сыдуць з дыстанцыі, Караткевіч апынаецца дэ-факта «адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў». Тое, пра што два гады не здолелі дамовіцца лідары беларускай апазіцыі, — абраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмсілаў, — могуць зрабіць лета і спёка.

Каментаваць