«Адзіны» не прайшоў

Апазіцыя не дамовілася. «Апошні цвік» у спробы вылучэння адзінага дэмакратычнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах закалаціла АГП. Зараз узнікаюць сумневы нават у мэтазгоднасці правядзення Кангрэсу дэмакратычных сіл.



Пасля знакамітага і скандальнага падпісання некаторымі суб’ектамі перамоўнага працэсу свайго пагаднення аб працэдуры правядзення Кангрэса дэмакратычных сіл, быловідавочна, што наўрад ці апазіцыя здолее дамовіцца па гэтым пытанні. Апошнія спадзевы заставаліся на Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Каб яна пагадзілася б на тую ж працэдуру, то пры пасіўнай падтрымцы БХД была б выкананая галоўная ўмова дамоўленасці: прапанова структураў «Народнага рэферэндума» была б прынятая «кансэнсусам мінус адзін». У мінусе б засталіся камуністы.

Але АГП убіла «апошні цвік» у дамоўленасці аб адзіным. У аўторак, 25 лістапада, прайшла Палітрада АГП, на якой прапанова першых «падпісантаў» была адхіленая. АГП вызначылася са сваім удзелам у прэзідэнцкай кампаніі, пра што, не губляючы часу, абвясціў на прэс-канферэнцыі адразу пасля заканчэння Палітрады лідэр партыі Анатоль Лябедзька.

АГП у кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі будзе дзейнічаць па сваім сцэнары. А дакладней — падтрымае прапанову вылучыць на пасаду прэзідэнта палітвязня, які знаходзіцца ў турме — Мікалая Статкевіча. Партыя ўжо зараз распачынае кансультацыі па гэтым пытанні са структурай Статкевіча — аргкамітэтам па стварэнні партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада)». І, адпаведна, па гэтым жа сцэнары ўжо ідуць кансультацыі з партнерамі АГП па кааліцыі «Талака».

«Мы гатовы быць аднымі з ініцыятараў па стварэнні ініцыятыўнай групы і рэгістрацыі Мікалая Статкевіча. Для нас гэта важна і актуальна, для таго, каб яшчэ раз зрабіць акцэнт на адсутнасці свабодных і сумленных выбараў у Беларусі, і што толькі пазітыўнае вырашэнне гэтага пытання (свабодных выбараў — аўт.) дае шанец на перамены», — заявіў Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: Мы гатовыя ствараць ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча

Падавалася б, радавацца павінна кампанія «Гавары праўду!», якая таксама падтрымала вылучэнне адзіным кандыдатам Мікалая Статкевіча. Аднак, «ГП!» паралельна з падачай подпісаў за рэшістрацыю ініцыятыўнай групы Статкевіча мела намер і падаць тыя ж подпісы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за правядзенне «Народнага рэферэндума». А вось гэта АГП ужо не задавальняе.

«Мы лічым, што гэта — тупіковы шлях, ён вельмі небяспечны. Ён супярэчыць усяму таму, што мы рабілі ў апошні час. Мы якраз канстатуем, што няма свабодных і сумленных выбараў, а і рэферэнедум, і выбарчая кампанія сёння праводзяцца па адніх і тых жа правілах, без змены якіх змяніць сітуацыю немажліва», — зазначыў Лябедзька.

«Мы разумеем, што спроба рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты рэалізаваная не будзе. Таму другая састаўляючая частка кампаніі — рэгістрацыя нашага кандыдата і рэалізацыя сцэнара, які мы называем «Новая эканамічная палітыка». Ён скіраваны на тых грамадзянаў Беларусі, якія не чуюць ясных адказаў ад уладаў, што датычаць эканамічнай і сацыяльнай састаўляючай. Мы лічым, што моцнае эканамічнае сацыяльнае пасланне дасць мажлівасць прытока новых людзей, павелічэнне ўдзельнікаў палітычнага працэса, і дае мажлівасць стварэння шырокага руха, які будзе аюбапіраца не толькі на існуючыя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі», — адзначыў Лябедзька.

Са сваім кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду АГП вызначылася ўжо даўно, яшчэ ўвесну — гэта сам Анатоль Лябедзька. Такім чынам, па сцэнары, ён пагадзіўся быць «дублёрам» Статкевіча, хоць і пакінуў за сабой і партыяй права «на любым этапе зняцца з выбарчай кампаніі».

«Усё, што датычыць працэдуры выхада на адзінага кандыдата і правядзення Кангрэса — мы прымем канчатковае рашэнне пасля кансультацый у межах і рамках «Талакі», — заявіў Лябедзька.

Наўрад ці хто з «Талакі» будзе ўгаворваць АГП застаца ў працэдуры па вылучэнні адзінага. Таму што другая структура ў «Талацэ» — гэта партыя левых «Справядлівы свет», якую і БХД, і БНФ дагэтуль працягваюць называць камуністамі, і перыядычна ў даволі зняважлівых формах прапануюць ім пакаяцца за сталінскія рэпрэсіі.

Да таго ж, як мы ведаем, «сямёрка» дамаўляючыхся бакоў у свой час адхіліла прапанову «Гавары праўду!» па вылучэнні «адзіным» Статкевіча — менавіта з-за таго, што ён знаходзіцца ў вязніцы, і не зможа асабіста прынесці подпісы сваёй ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю, што з’яўляеца катэгарычным патрабаваннем Выбарчага кодэкса.

Такім чынам, гэтым рашэннем АГП ставіць свой удзел у далейшым перамоўным працэсе пад сумнеў. Хіба толькі астатнія ўдзельнікі перамоваў зменяць сваё рашэнне наконт Статкевіча.

Увогуле, у АГП у такіх варунках лічаць марнай і ідэю правядзення КДС. Па прапанове ганаровага старшыні АГП Станіслава Багданкевіча пытанне працэдуры вылучэння дэлегатаў на Кангрэс на Палітрадзе не абмяркоўвалася. Таму што, як абгрунтаваў сваю пазіцыю Багданкевіч, Кангрэс праводзіцца, каб з некалькіх патэнцыйных кандыдатаў вылучыць адзінага. Пакуль жа акрамя Лябедзькі ў прэзідэнты ісці ніхто не гатовы.

СтаніслаЎ Багданкевіч: А хто апроч Лябедзькі? Няма такіх!

«Я разумею так, што пяць гэтых структураў (якія падпісалі пагадненне аб працэдуры правядзенні Кангрэсу — аўт.) не маюць кандыдатаў. Мілінкевіч адмовіўся, паэт (маецца на ўвазе Уладзімір Някляеў — аўт.) адмовіўся. Значыць, Кангрэс склікаецца толькі для таго, каб разглядзець кандыдатуру Лябедзькі? Ці сапраўды гэта патрэбна? Я думаю, што калі няма кандыдатаў, апроч Лябедзькі, які гатовы пайсці на выбары і потым сядзець у турме ў выпадку ўсялякіх надзвычайных здарэнняў, то, можа быць, не мае такога значэння, як і з якіх дэлегатаў гэты Кангрэс складаць?» — задаўся пытаннем Багданкевіч.

Віктар Карнеенка падтрымаў калегу: «Працэдура пагаднення прапісвае выхад на адзінага кандыдата з нейкай колькасці кандыдатаў. Калі няма кандыдатаў, дык чаго яна вартая?»

Сам Лябедзька лічыць, што на Кангрэсе можна было б абмеркаваць пытанне пагрозы суверэнітэту Беларусі. Аднак гэтых заяваў было ўжо шмат: і з ініцыятывы АГП, калі за незалежнасць і суверэнітэт падпісваліся былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, і знакамітая заява ў абароны незалежнасці з ініцыятывы кіраўніцы БНР Івонкі Сурвілы. Дый неўзабаве плануецца іншы Кангрэс за незалежнасць.

Што з усяго гэтага можна вынесці? Толькі тое, што апазіцыі ў чарговы раз не ўдалося ні пра што дамовіцца. Там, дзе збіраюцца тры апазіцыянеры, ўзнікае пяць меркаванняў, шэсць ініцыятываў і сем дамоўленасцяў, ніводная з якіх потым не выконваецца.

Зараз Мікола Статкевіч, падаецца — адзіная кандыдатура на «адзінага», якая ні ў каго не выклікае супярэчанняў. Мажліва, ён і будзе «адзіным», мажліва, для яго зацвярджэння і збярэцца Кангрэс. Але ў такім выпадку сапраўды, не важна, як будуць абірацца на гэты форум дэлегаты: усё роўна Мікола Віктаравіч не зможа прыняць удзел у выбарах па вышэй выкладзенай прычыне. А ўсе астатнія «рэальныя» кандыдаты пойдуць у кампанію самастойна. Як у 2010-м годзе.

Можна не сумнявацца, што будзе «дэжа вю» з 2010-га: «парад кандыдатаў» і адпаведны вынік.

Абмеркаванне:

  • Святлана
  • 2014-12-07 11:56:29
Вынік будзе іншым, чым у 2010 годзе. Людзі не пойдуць на Плошчу, калі не выпусцяць з турмы спадара Статкевіча. Альбо спадар Статкевіч натхніць альбо галодныя бунты вывядуць людзе на вуліцы.
  • Святлана
  • 2014-12-07 11:58:01
Чакаю я Майдану, спадары. ну, так чакаю... ці Плошчу, спадары, бо справа і не ў назве! Галоўнае, нам зрынуць гэтую злачынную ўладу, каб свет у канцы тунэлю ўбачыць... Калі вяртаецца надзея ў гідкае і
беднае жыццё, тады лягчэй нам пераносіць гора,нават, здраду... Ўрэшце, мо пара ўжо даць нам рады ... вярнуць сабе і годнасць, ды і шчасця пачуццё! Бяры вышэй, ляці далей... бо мары не сядзяць у
балоце доўга... патрэбен марам гарызонт, каб быць ...узнёслымі...

Каментаваць