АГП распланавала 2014 год

Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі 3-га студзеня прадставіла журналістам план сваіх дзеянняў на бягучы год. Ён складаецца з асноўных пяці пунктаў, але называцца будзе «Пяць плюс», каб не абмяжоўваць сваю дзейнасць толькі азначанымі накірункамі.



Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, першым пунктам ёсць барацьба з карупцыяй і прывілеямі для ўлады. “Тут мы дзейнічаем пад слоганам “чым менш чыноўнікаў, тым менш карупцыі”. У бягучым годзе мы ўжо запланавалі шэраг мерапрыемстваў, якія будуць працягам таго, што мы ўжо рабілі ў 2013 годзе”, - паведаміў палітык.
 
 
Другім накірункам будзе тэма прыватызацыі. “АГП выступае за прыватызацыю, а ўлада – за прыхватызацыю, і тут наш слоган: “грошы - у пенсійны фонд, школы і лякарні”. Яшчэ адна тэма, якой мала хто займаецца, але мы лічым яе вельмі важнай, - гэта тэма гендара, і тут мы працуем пад слоганам “гармонія - у раўнапраўі”, - адзначыў Анатоль Лябедзька.
 
 
Чацьвертай тэмай, паводле ягоных словаў, будуць палітвязні, а таксама выкрадзеныя вядомыя асобы. “Пятую тэму мы замянілі. Раней гэта была тэма стварэння мільёна новых працоўных месцаў. Гэтая тэма застаецца, але там ужо ўсё распрацавана, і трэба толькі, каб АГП прыйшла да ўлады і рэалізавала гэта на практыцы.
 
 
А вось новай тэмай стаў кантроль над расходваннем бюджэта. Падштурхнуў нас да гэтага навабуд, які адбыўся ў Мінску. Вялікія рэсурсы былі перакінутыя з мясцовага бюджэта на гэтае вядомае будаўніцтва, і гэта сталася штуршком, каб мы выдзелілі асобнай тэму кантролю за выкарыстаннем бюджэта”, - паведаміў лідар АГП.
 
 

Ліст да міністра абароны

 
 
Апроч таго, Анатоль Лябедзька ў прысутнасці прадстаўнікоў СМІ падпісаў ліст да міністра абароны Беларусі Жадобіна. Допіс связаны са з’яўленнем у нашай краіне фактычна дзвюх новых расійскіх ваенных базаў. Да сённяшяга дня, падкрэсліў выступоўца, застаецца незразумелым, якія ўмовы размяшчэння гэтых базаў, а таксама якія абавязацельствы бралі на сябе расійскі бок і бок беларускі.
 
 
“Калі сыходзіць з тэхнічных параметраў таго, што сёння ёсць у Баранавічах, то тое, што там знаходзіцца, можа стаць носьбітам ядзернай зброі, а гэта ўжо закранае пытанні Канстытуцыі. Таму мы сфармулявалі вельмі ясныя пытанні, якія датычаць умоваў размяшчэння ваенных базаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і патрабуем ад міністра Жадобіна ясных і зразумелых адказаў, бо замест умацавання абароны грамадзянаў Беларусі можа стаць так, што мы будзем знаходзіцца пад нейкім прыцэлам, пагаршаючы ўмовы нашай бяспекі. Па-другое, гэтым самым парушаецца Канстытуцыя нашай краіны”, - зрабіў выснову старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
 
 

Забарона аўтапрабегу

 
 
Анатоль Лябедзька разам з кіраўніком Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргеем Калякіным і каардынатарам кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктарам Карняенкам 20 снежня 2013 года падавалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 5-га студзеня 2014 года ў сталіцы аўтапрабегу на знак пратэсту супраць увядзення падатку на выкарыстанне транспартных сродкаў. Улады чакана адмовілі заяўнікам па розных прычынах.
 
 
Таму, паведаміў Лябедзька, 5-га студзеня а 12-й гадзіне на мінскай Плошчы Якуба Коласа працягнецца збор подпісаў пад заклікам аб адстаўцы ўрада Беларусі ды адмене згаданага вышэй падатку.
 
 

Дадатковая ўвага

 
 
Як дадаў намеснік старшыні АГП Леў Марголін, партыйныя структуры таксама нададуць увагу чэмпіянату свету па хакеі, які мае адбыцца ў Мінску гэтай вясной. Зараз вядуцца перамовы з іншымі палітычнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі наконт такго, як можна выкарыстаць гэтае мерапрыемства.
 
 
 
Апроч таго, сябры АГП будуць удзельнічаць у мясцовых выбарах, якія пройдуць у сакавіку. Леў Марголін таксама закрануў тэму праймэрыз, адзначыўшы, што дагэтуль у грамадстве і сярод журналістаў застаецца неразуменне таго, навошта гэта ўсё патрэбна. Таму, распавёў палітык, 8-га студзеня пройдзе паседжанне экспертнага клуба па абмеркаванні менавіта тэмы праймэрыз.

Абмеркаванне:

  • Бамбр
  • 2014-01-04 06:20:57
На словах усё выглядае як быццам няблага.

Каментаваць