АГП: за аб’яднанне без Кангрэсу?

АГП пойдзе ў новы год са старымі лозунгамі і праграмамі. І гэта не няздольнасць прыдумаць нешта новае. Гэта паслядоўнасць, бо старыя праблемы з надыходам 2016-га года нікуды не падзеліся.



Незабытае старое

Зразумела, што галоўнай палітычнай кампаніяй года стануць парламенцкія выбары ўвосені. Да іх Аб'яднаная грамадзянская партыя гатовая, можна сказаць, «ужо сто год як», бо ані лозунгі, ані стратэгія істотна не змяніліся.

АГП вырашыла не прыдумляць ровараў. «Мы застаемся ў той нішы задачаў, якія былі ў 2015-м годзе, і лічым, што гэта ёсць плюс нашай кампаніі, што нашае пасланне, наш мэсыдж захоўваецца. Мы яшчэ раз заяўляем, што мы ўдзельнічаем ва ўсіх выбарчых кампаніях. Гэта нашая пазіцыя. Другая нашая адметнасць: мы заўсёды выпрацоўваем свой сцэнар. Мы не гуляем па правілах улады», — заявіў Анатоль Лябедзька.

Менавіта на паслядоўнасці лідэр АГП робіць акцэнт, бо, па ягоных словах, «ёсць шэраг людзей, якія пазіцыянуюць сябе, як аналітыкі, і пішуць, што «стратэгія ігнору пацярпела паразу, і трэба шукаць нешта іншае». Нічога новага: паслядоўнасць, прынцыповасць, пераемнасць. Якраз моцны бок АГП у тым, што яна не ставіць на адзін узровень усе выбарчыя кампаніі. Як можна параўноўваць мясцовыя выбары і прэзідэнцкія? Абсалютна розныя адносіны электарату, розная лагістыка ўладаў. Таму патрэбны свой сцэнар».

Але, калі нічога не змянілася ў выбарчым заканадаўстве, захаваліся правілы гульні, то і тут выдумаць нешта новае складана. АГП па-ранейшым будзе высоўваць ў кампанію не «кандыдатаў», а «спікераў», якія будуць працаваць з народам, але наўрад ці стануць дэпутатамі. З аднім адрозненнем: АГП сфармуе спіс гэтых спікераў разам з партнерамі па правацэнтрысцкай кааліцыі.

АГП у парламенцкай кампаніі не будзе вынаходзіць ровар

«У нас на сённяшні дзень ёсць спіс, у якім больш за 60 спікераў, 55 прозвішчаў мы аддалі на ўзгадненне правацэнтрысцкай кааліцыі. Гэты працэс ідзе. Гэта азначае, што больш за 60 спікераў у нас наўрад ці будзе, таму што мы мусім быць кампарміснымі. З гэтага масіва людзей, якія пагадзіліся ўдзельнічаць ў перадвыбарчай кампаніі, мы будзем фармаваць спіс, і гэта будзе адзіны спіс правацэнтрысцкай кааліцыі», — паведаміў Лябедзька.

Яшчэ адна мэта АГП, якая прыйшла з минулага года — недапушчэнне легітымацыі вынікаў выбарчай кампаніі без свабодных і справядлівых выбараў. Падчас парламенцкай кампаніі АГП таксама будзе збіраць доказы таго, што свабодных і справядлівых выбараў у краіне няма. «Гэта можна зрабіць толькі праз актыўны ўдзел. Інакш ты гэтыя доказы не збярэш», — упээўнены кіраўінк АГП.

Пасля выбараў

Новае пачнецца пасля выбараў. АГП паспрабуе рэалізаваць таксама старую, даўно наспелую і пераспелую ідэю, але дагэтуль не вырашаную — стварэнне нечага альтэрнатыўнага Палаце прадстаўнікоў. Пакуль што гэта носіць працоўную назву «Асамблея народных прадстаўнікоў».

«Калі мы ідзем у выбарчую кампанію, праводзім яе насколькі можам эфектыўна, праз актыўную працу нашых спікераў мы можам рэальна стварыць такую «лаву рэгіянальных лідэраў», за якіх людзі гатовыя галасаваць. Але ў нас усё абрываецца, калі адбываецца падлік галасоў. Нашым кандыдатам пішуць два-тры працэнты, і што рабіць?» — задаўся пытаннем Лябедзька.

Асамблея народных прадстаўнікоў — гэта якраз адказ на тое, што рабіць гэтым людзям пасля выбараў. «Людзі, якія актыўна адпрацуюць выбарчую кампанію, не губляюцца для выбаршчыкаў. Яны не зыходзяць з палітыкі. Наадварот, працуючы пад час кампаніі яны кажуць: «Вось нашая альтэрнатыва. Галасы не лічаць, але мы з вамі не развітваемся, мы будзем працаваць з вамі на платформе Асамблеі народных прадстаўнікоў». Туды могуць увайсці і правыя, і левыя, і незалежныя кандыдаты, якія лічаць, што не трэба ўбудоўвацца ў гэтую сістэму, яе трэба мяняць», — гаворыць Лябедзька.

На гэтай пляцоўцы народныя прадстаўнікі могуць працягваць працу ў сваіх акругах, і выпрацоўваць альтэрнатыўныя шляхі развіцця краіны. «Калі мы рэалізуем гэта, то тады гэтая парламенцкая кампанія будзе самай моцнай з усіх парламенцкіх», — лічыць палітык.

АГП паспрабуе стварыць альтэрнатыўны парламент

Ідэя, паўтаруся, узнікала ўжо шмат разоў. Часткова яе спрабавалі рэалізаваць на ўзроўні дэпутатаў мясцовых саветаў у 2003-м годзе, калі такія апазіцыйныя дэпутаты яшчэ былі. Потым аналагічным чынам паспрабавала дзейнічаць БХД, стварышўы на мясцовых выбарах “народных дэпутатаў”. Наколькі будзе ўдалай такая спроба АГП? Паглядзім.

Праграма на ўсе часы

У гэтым годзе, як і ў папярэднія, АГП мае намер прасоўваць у народ праграму «Мільён новых працоўных месцаў», і арыентавацца ў працы на прадпрымальнікаў, дробных і сярэдніх бізнесоўцаў, жанчын ды працоўных буйных прадпрыемстваў. Нягледзячы на тое, што працоўныя гэтых прадпрыемстваў не падтрымалі АГП на прэзідэнцкіх выбарах мінулага года. Як мяркуе намеснік старшыні АГП Леў Марголін, таму, што працоўўных “яшчэ не прыціснула”.

Менавіта гэтая катэгорыя людзей найперш адчуе на сябе крызіс 2016-га, і менавіта для іх праграма «Мільён НРМ» стане найбольш актуальнай. «Вы бачыце, сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца, і ніякіх дадзеных, ніякіх паказчыкаў на тое, што нешта можа змяніцца, няма. Таму нашая праграма застаецца актуальнай і мы будзем працягваць яе прасоўваць», — паведаміў Марголін.

Ён зазначыў, што наўрад ці лічбы занятасці насельніцтва будуць больш аптымістычныя за паказчыкі 2014-га года, калі «флагманы беларускай індустрыі» скарацілі па тысячы чалавек. Эканаміст прагназуе, што і за 2015-ы год годзе колькасць працоўных месцаў на буйных прадпрыемствах скароціцца на 70 — 80 тысячаў.

Прадпрымальнікі ж заўсёды з’яўляліся для АГП «мэтавай групай». І, апроч заяўленай на 18-е студзеня акцыі ў іх падтрымку, партыя будзе праводзіць і іншыя мерапрыемствы для дробных бізнэсоўцаў. Напрыклад, бліжэйшым часам актывісты АГП плануюць навучыць ІПшнікаў працаваць з сацыяльнымі сеткамі і інтэрнэтам. Таму што, па словах Лябедзькі, зараз ІПшнікі прайграюць інфармацыйную вайну ўладзе, бо не здольныя патлумачыць простаму люду, чаму іх патрабаванні нармальныя і законныя.

Пакуль што АГП падтрымлівае ІПшнікаў маральна

Аб’яднанне без Кангрэсу?

Што было заўважана: у планах АГП не было такой падзеі як ініцыяваны інтэлігенцыяй і падтрыманы некаторымі палітыкамі Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Анатоль Лябедзька кажа, што размаўляць пра яго заўчасна, і пакуль сумняецца, што гэтае мерапрыемства паспрыяе кансалідацыі.

«Мы гатовыя да ўдзелу ў любых мерапрыемствах, якія рэальна будуць спрыяць кансалідацыі і аб’яднанню, — зазначыў Лябедька. — Пакуль, на сёння, дакладна мы не атрымалі такой інфармацыі, што Кангрэс рэальна дасць імпульс аб’яднанню. Я пакуль што меў асабістыя сустрэчы, і ў мяне ўзнікла ўражанне, што сярод ініцыятараў няма агульнага бачання. Можа, яно выпрацоўваецца, але на момант сустрэч яго не было».

«Гаварылася, што трэба стварыць адзін супольны спіс на выбарах. Але гэта няпростая задача, мы ведаем, наколькі гэта складана, нават пад час супрацы з правацэнтрыстамі. Да таго ж, калі нават і будзе створаны адзіны спіс — якая стратэгія дзеянняў? Напрыклад, Станіслаў Шушкевіч з’яўляецца апантаным прыхільнікам байкоту і няўдзелу ў выбарах, Уладзімір Някляеў лічыць, што трэба ісці на выбары і здымацца на апошнім этапе, а Мікалай Статкевіч мяркуе, што трэба ісці да канца, а потым арганізоўваць Плошчу. Вось тры арганізатары кангрэсу і тры стратэгіі. Таму я і кажу, што мы гатовыя абмяркоўваць, калі будзе выпрацаваная адна стратэгія, і з тлумачэннямі, як гэты спіс дабавіць нешта нам. Калі ў нас будзе не 60 спікераў, а 65, альбо не 500 назіральнікаў, а 550», — распавёў лідэр АГП.

Лябедзька не лічыць Кангрэс дэмсілаў такім ужо неабходным

І задаўся пытаннем: можа, і без Кангрэсу можна абысціся? А проста так дамовіцца, зверыўшы спісы акругаў і стварыўшы працоўную групу па агульным пасланні да выбаршчыкаў? Навошта тады Кангрэс?

Бліжэйшым часам правацэнтрысты гатовыя выслухаць «кангрэсменаў». І падумаюць, што тыя могуць ім прапанаваць.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-01-15 12:47:43
Дык "аб'яднаННе" ж!

Каментаваць