Ахвяры мірнага часу

9 мая на постсавецкай прасторы памінаюць людзей, якія загінулі ці зніклі падчас Вялікай Айчыннай вайны. За два дні да гэтай агульнавядомай даты — 7 мая стала негалосным днём памяці тых, хто знік без вестак у сучаснай і мірнай Беларусі. У гэты дзень дзесяць гадоў таму знік Юрый Захаранка — першы ў ланцужку прапаўшых без вестак апанентаў улады. Пасля зніклі палітык Віктар Ганчар, бізнесмен Анатоль Красоўскі, тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. Яшчэ да знікнення Юрыя Захаранкі нечакана памёр палітык Генадзь Карпенка.

9 мая на постсавецкай прасторы памінаюць людзей, якія загінулі ці зніклі падчас Вялікай Айчыннай вайны. За два дні да гэтай агульнавядомай даты — 7 мая стала негалосным днём памяці тых, хто знік без вестак у сучаснай і мірнай Беларусі. У гэты дзень дзесяць гадоў таму знік Юрый Захаранка — першы ў ланцужку прапаўшых без вестак апанентаў улады. Пасля зніклі палітык Віктар Ганчар, бізнесмен Анатоль Красоўскі, тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. Яшчэ да знікнення Юрыя Захаранкі нечакана памёр палітык Генадзь Карпенка.

Гучныя справы знікнення вядомых людзей, якія да таго ж былі ў апазіцыі да Лукашэнкі (з гэтага шэрагу хіба выбіваецца тэлеаператар Дзмітрый Завадскі), да канца так і не былі расследаваныя. Факты, сабраныя па справе былым кіраўніком КДБ Уладзімірам Мацкевічам, былым генеральным пракурорам Алегам Бажэлкам і генерал-маёрам міліцыі Мікалаем Лапацікам, недвухсэнсоўна выводзілі на людзей з атачэння кіраўніка дзяржавы — Віктара Шэймана, Дзмітрыя Паўлічэнку і Юрыя Сівакова. Кропка ў гэтых справах дагэтуль не пастаўленая, але выразным акцэнтам у свой час стаў даклад спецдакладчыка Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдзіса, пасля якога Віктару Шэйману, Уладзіміру Навумаву, Юрыю Сівакову і Дзмітрыю Паўлічэнку быў забаронены ўезд у Еўропу. Персонамі нон-грата яны застаюцца і цяпер.

Натуральна, з часам шум вакол знікнення людзей згас — новыя падзеі, новае жыццё. Але для кіраўніцтва дзяржавы той скандал быў знакам, што метады барацьбы з апанентамі трэба змяніць. І яны змяніліся. Арышты, затрыманні, запалохванні, шантаж, штрафы, турэмныя тэрміны. Былы палітвязень і экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Аляксандр Казулін адзначае, што фактычна апаненты Лукашэнкі, якія прапалі без вестак, сваім жыццём ахвяравалі, каб падобныя прэцэдэнты больш не паўтараліся. «На сваім асабістым прыкладзе магу сказаць, калі б не было тых знікненняў, то і мяне магло б не быць», — гаворыць палітык.

Штогод незарэгістраванае праваабарончае аб’яднанне «Вясна» рыхтуе справаздачу пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, і палітычныя справы ў даволі аб’ёмнай кнізе-хроніцы займаюць ільвіную долю. Цягам апошніх гадоў міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала вязнямі сумлення больш за дзесятак асуджаных у Беларусі асобаў.

Літаральна на днях вязнямі сумлення былі прызнаныя ўдзельнікі «працэсу 14-ці». Адпаведны афіцыйны ліст быў накіраваны на імя генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. Прадстаўнік Amnesty International Нікаля Дакварс, дырэктар па справах рэгіёнаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі, у сваім звароце да генпракурора Беларусі ў прыватнасці адзначыў: «Я пішу вам з нагоды справы 11 маладых людзей, якія былі падвергнутыя абмежаванню волі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 студзеня 2008 года ў Мінску. Amnesty International упэўненая, што яны былі падвергнутыя пакаранню за мірнае ажыццяўленне свайго права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркаванняў. У сувязі з гэтым мы абвяшчаем іх вязнямі сумлення».

У сваім паведамленні Amnesty International называе 11 фігурантаў «справы 14-ці» — Арцёма Дубскага, Міхася Пашкевіча, Таццяну Цішкевіч, Паўла Вінаградава, Аляксея Бондара, Міхася Крывава, Алеся Стральцова, Алеся Чарнышова, Міхася Субача, Максіма Дашука, Аляксандра Баразенку. Вязнямі сумлення арганізацыя прызнала тых, хто на дадзены момант адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Зараз яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі пільным назіраннем, і пры самым дробным парушэнні ў любы момант могуць апынуцца за кратамі. Яшчэ два фігуранты гэтай крымінальнай справы Антось Койпіш і Уладзімір Сяргееў былі пакараныя штрафамі.

Нікаля Дакварс у сваім звароце да генпракурора Васілевіча заклікае вызваліць пералічаных фігурантаў «справы 14-ці» ад пакарання, а таксама правесці расследаванне наконт збіцця Аляксандра Баразенкі афіцэрам міліцыі, што адбылося 23 сакавіка. Нагадаю, крымінальная «справа 14-ці» была заведзена ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, што адбылася ў Мінску 10 студзеня 2008 года.

З незадаволенымі рэжым цяпер абыходзіцца больш «гуманна», калі можна так сказаць, абіраючы метады не фізічнага знішчэння, а стварэння абмежаванняў і рамак. Напрыклад, так званая «хатняя хімія» — адно з найноўшых вынаходніцтваў уладаў у барацьбе з іншадумцамі — чалавек быццам бы і на свабодзе, розгалас меншы, але ў той жа час пад няспынным кантролем. Апошнія вулічныя акцыі паказалі, што і разгон цяпер не прымаецца за эфектыўны сродак: АМАП збівае пікетоўшчыкаў не пад прыцэлам фота- і відэакамер, а паціху, калі людзі разыходзяцца па дамах.

«Многія дыктатарскія рэжымы праходзілі праз перыяд, калі знікалі апаненты ўлады, — адзначае праваабаронца Алег Волчак. — Мы памятаем, наколькі тады быў моцны дэмакратычны рух. Улады спужаліся і пайшлі на скрайнія меры. Ніхто з прапаўшых без вестак апанентаў не з’ехаў за мяжу, не схаваўся ў лесе. З першых дзён знікнення Захаранкі было вядома, што яго звезлі ў невядомым накірунку. Міжнародная практыка паказвае, што, калі такія справы становяцца вядомыя грамадскасці, улада адыходзіць ад варыянту фізічнага знішчэння і пераходзіць да палітвязняў. У 2006 годзе быў моцны ціск з боку спецслужбаў на кандыдатаў у прэзідэнты Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча. Казулін пасля аказаўся ў турме. Дзякуючы таму, што факты па справах знікнення людзей рассакрэцілі, улады збаяліся паўтараць старую практыку».

Алег Волчак лічыць, што Лукашэнка ніколі не пойдзе на сапраўдны дыялог з Еўропай, бо ад яго запатрабуюць адкрытага следства. «Ёсць рэзалюцыя АБСЕ, Рады Еўропы, што гэта расследаванне мусіць быць шырокім, адкрытым. Беларусь супрацоўнічае з Рабочай групай па недобраахвотных знікненнях пры Радзе па правах чалавека ААН, але інфармацыю туды падаюць дазаваную», — адзначае праваабаронца.

Каментаваць