Акцыя ўшанавання памяці айца Вінцэнта Гадлеўскага

Сёння, 24 снежня, споўнілася 75 год з дня расстрэлу нацыстамі ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага — выдатнага палітычнага, грамадскага і рэлігійнага дзеяча, кіраўніка беларускага антынацыскага супраціву.


Каля крыжа, усталяванага на месцы яго пакутніцкай смерці ва ўрочышчы Благоўшчына, Рух Салідарнасці “Разам” зладзіў традыцыйную акцыю ўшанавання памяці выбітнага дзеяча, да якой далучыліся прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.


Распачалося жалобнае мерапрыемства памінальнай службай, якую правёў святар Беларускай Аўтакефальнай царквы айцец Леанід Акаловіч.


Вядоўца акцыі сустаршыня Руха Алена Талстая адзначыла, што жыццё і дзейнасць Вінцэнта Гадлеўскага ёсць для беларусаў прыкладам ахвярнага служэння Бацькаўшчыне і Богу.


Вячаслаў Сіўчык, стваральнік і першы старшыня Руху Салідарнасці “Разам”, распавёў пра гісторыю ўсталявання Крыжа на месцы расстрэлу айца Вінцэнта і пра тых, хто дапамагаў аднаўленню гістарычнай справядлівасці і вяртанню імя Вінцэнта Гадлеўскага беларускаму народу.


Сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец у сваім выступе нагадаў прысутным пра жыццёвы шлях святара-патрыёта, які быў адным з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў 1917 годзе.


Аўтар Крыжа, сябра творчай суполкі “Пагоня” Алесь Цыркуноў падзякаваў прысутных за захаванне і ўшанаванне памяці вялікага сына Беларусі.


Свае вершы, прысвечаныя Вінцэнту Гадлеўскаму, прачыталі публіцыст і краязнаўца з Салігорска Мікола Шаравар, а таксама бард і паэт Зміцер Захарэвіч.


Акцыя скончылася выкананнем гімна “Магутны Божа”, ускладаннем кветак і запальваннем знічаў.



Прэс-група Руха Салідарнасці "Разам"

 



Абмеркаванне:

  • Мікола
  • 2017-12-25 12:37:09
А вось чаму беларускі каталіцкі клір не шануе свайго славутага ксяндза? Відаць, кагосьці ў Беларусі яны баяцца больш за Бога?

Каментаваць