Актывіст супраць газеты: суд позву не задаволіў

Суд Савецкага раёна Мінска не задаволіў позву экс-прадпрымальніка Аляксандра Шыловіча да газеты «Советская Белоруссия». «Я ж змагаюся з уладамі. А гэта адна сістэма», — пракаментаваў рашэнне суда Аляксандр Шыловіч.



Гісторыя жыхара вёскі Падзерскія Агароднікі і дзяржаўнай газеты нагадвае серыял. Аляксандр Шыловіч звярнуўся ў рэдакцыю з лістом. У калісьці адным з лепшых калгасаў няма нармальных умоваў для жыцця: не працуюць клубы, лазні, млыны, водаправод. А звароты па набалелых праблемах мясцовыя ўлады ігнаруюць. Аўтар ліста прасіў газету разабрацца з безгаспадарчасцю і дапамагчы жыхарам.


“Советская Белоруссия” адгукнулася. Гаспадарку на Случчыне наведаў тагачасны намеснік рэдактара Маліноўскі. Аднак ніякай дапамогі жыхары на дачакаліся. На гэты факт Аляксандр Шыловіч адрэагаваў другім лістом. У якім напісаў, што карэспандэнт “пайшоў на павадку ў жменькі бессаромных чыноўнікаў”, а сама газета “нават да бульварнай не дацягвае”.


У адказ на гэты ліст прыехаў журналіст “СБ” Віктар Панамароў. “Мяне паслалі раз і назаўсёды разабрацца з гэтай справай”, — заявіў ён. Так з’явіўся артыкул “Советы постороннего”. Пра добрага і “нават мяккага, чым часам варта было б” кіраўніка калгаса, пра небывалае за ўсе часы прыбаўленне жывёл у вазе, павелічэнне надояў малака і чэргі жадаючых уладкавацца на працу. А галоўнае, пра скандаліста Шыловіча, які не бачыць пазітыву, а робіць самарэкламу. Галоўная афіцыйная газета падала рэпутацыю Аляксандра Шыловіча ў непрыглядным святле.


Адметна, што ўсё гэта адбывалася ў 2001 годзе. На пытанне, чаму толькі цяпер вырашыў судзіцца, Аляксандр Фёдаравіч адказаў, што зараз нават сляпому бачна, што меў рацыю ён, а не мясцовыя кіраўнікі. Працы няма, вёскі пусцеюць, закрываюцца крамы і школы.


У Агародніках зруйнавалі лазню і сад, у Вялікай Падзеры знеслі клуб, а потым фруктовыя дрэвы. Іх саджалі мясцовыя жыхары — кожнае прысвячалася камусьці з загінулых падчас вайны вяскоўцаў. У Бярозаўцы замест запусцелага клуба жыхары зладзілі царквушку. Збіраліся маліцца, да іх на выходных прыязджаў бацюшка. І гэты будынак таксама зруйнавалі. “Для ўлады няма нічога святога”, — лічыць Аляксандр Шыловіч.


Ён звярнуўся у суд з позвай аб абароне гонару і годнасці. Мясцовыя жыхары выступілі ў судзе сведкамі. “Кіраўніцтва не любіць тых, хто праўду ў вочы кажа, — заявіла Святлана Арэшка. — Мы прыехалі падтрымаць чалавека. Бо як нейкая праблема — усе да яго. Завезці нябожчыка на могілкі, натачыць альбо адрамантаваць інструмент — заўсёды дапаможа”. “Ён мне пераварыў “Жыгулі”. Нічога не ўзяў”, — распавёў Аляксандр Курус.


З кабінета суддзі Ларысы Тарчылінай сведкі выходзілі абураныя. Напрыклад, суддзю цікавіла, у якіх стасунках на дадзены момант знаходзіцца Шыловіч з былой жонкай. Альбо яна звярнулася да адной са сведак са словамі: “Вы як жанчына падзяліцеся чуткамі”. Падчас працэсу суддзя раптам узгадала, што ў яе яшчэ адна судовая справа. І абвясціла перапынак, кажа Аляксандр Шыловіч.


Негатыўны вобраз Шыловіча, які толькі пра сябе дбае, журналіст “СБ” падаваў на падставе размовы тагачаснага старшыні калгаса Валерыя Пілецкага і “старасты вёскі В. Падзер, то бок старшыні камітэта грамадскага самакіравання Алены Паўлаўны Ломец”. “Ды ніякая яна ні стараста! Адкуль гэта ўзялі? Хто яе прызначыў?” — абурыўся Аляксандр Шыловіч.


Аднак у спекуляцыі, маніпуляцыі, дэмагогіі і некампетэнтнасці журналіст “СБ” абвінаваціў пазоўніка. “Гэта страшны чалавек. Яго нельга падпускаць да людзей “, — сказаў журналіст пра Шыловіча. “А прадстаўнік газеты Аляксей Шпілеўскі  заявіў у спрэчках, што артыкул — гэта асабістае меркаванне карэспандэнта, — адзначыў Аляксандр Шыловіч. — Нічога сабе меркаванне! На ўсю краіну зняславіць!”


“Замест таго, каб даць па руках і паставіць на месца зарваўшыхся мясцовых князькоў, чалавека абхаілі, — выказаўся старшыня Мінскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Анатоль Юрэвіч, які жыве ў Казловічах. — Аляксандр спрабаваў штосьці зрабіць для людзей, захаваць сацыяльную інфраструктуру ў вёсках. А “СБ” стала на абарону ўладаў. Калісьці калгас імя Кірава быў мільянерам, грымеў на ўвесь Саюз. Давялі гаспадарку да ніткі. Развалілі кансервавы завод — ён выпускаў 23 найменні прадукцыі, якая ішла на экспарт. Вынішчаюць прыроду — з возера зрабілі звалку. Працы няма, людзі співаюцца ад безвыходнасці і незапатрабаванасці. Гэта катастрофа для ўсёй краіны. Дурні для ўлады выгадныя. Такое самавольства на месцах! Паспрабуй штосьці сказаць супраць — зжывуць са свету, пазбавяць працы. Рыба гніе з галавы. Гэта тэндэнцыя ўсёй дзяржавы”.


Два гады Аляксандр Шыловіч браў у арэнду калгасны сад. Дагэтуль яблыкі проста прападалі. Аляксандр збіраў яблыкі і здаваў калгасу. Палову грошай за яблыкі калгас забіраў сабе. Са сваёй паловы Аляксандр аплочваў падаткі, транспартныя выдаткі, заробак людзям, якіх наймаў для збору яблык. Аднак потым кіраўнік ААТ “Казловічы-Агра” адмовіў у арэндзе.


“Старшыня Пенязь сказаў: “Няхай лепш згніюць яблыкі, чым табе аддам”, — распавёў Аляксандр Шыловіч. — Сад вынішчылі. Яшчэ раней прасіў кіраўніцтва калгаса даць у арэнду лазню. “Не, ты будзеш нажывацца!”. Калі яна такая рэнтабельная, чаму ж калгас не нажываўся? Усё знішчаюць, але не даюць. Ім прасцей закапаць. Няма лазні — няма праблемы”.


“А калі б Аляксандру здалі ў арэнду, зараз быў бы і сад, і працавала б лазня”, — кажа пра парадокс Анатоль Юрэвіч.


ІП Аляксандр Шыловіч зачыніў, зараз займаецца прыватнай гаспадаркай.


Рашэнне суда Савецкага раёна Мінска экс-прадпрымальнік збіраецца абскардзіць. А супрацоўнік “СБ” паабяцаў: “Я па гэтаму суду напішу другі артыкул!” Таму ў гісторыі рана ставіць кропку.



Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-04-25 16:16:40
Актывіст знайшоў да каго звяртацца, у "СБ"... І ў 2001 г. пра рэдактара гэтай газеты ўсё было ясна. Ён яшчэ ў 1980 г., калі быў проста карэспандэнтам, "біў ляжачага": http://belisrael.info/?p=3891 (гл. унізе).
  • Владимир Галицкий
  • 2016-04-26 01:58:18
Что тут думать...Правы селяне, а не проходимцы от газеты...Враньё всем уже надоело...Круговая порука вертикали...

Каментаваць