Актывіст з Кобрына Алесь Мех адкінуў прэзідэнцкія амбіцыі на карысць Статкевіча

Актывіст з Кобрына Алесь Мех вырашыў адмовіцца ад сваіх прэзідэнцкіх амбіцый і падтрымаць ініцыятыву Някляева аб вылучэнні адзіным кандыдатам ад дэмсіл палітвязня, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2015 года Мікалая Статкевіча.



Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Аб гатоўнасці вылучацца на пасаду прэзідэнта Алесь Мех заявіў падчас правядзення Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць у снежні мінулага года. Пасля ён неаднаразова пацвярджаў свае намеры, нават калі стаў насмеснікам старшыні ствараемага Уладзімірам Някляевым руху «За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі».

Цікава, што яшчэ сёння зранку Алесь Мех у інтэрв’ю «Нашай Ніве» казаў пра ўдзел у выбарчай кампаніі.

«Сваю кампанію мы пачалі нашмат раней і адказалі на ўсе пытанні. Калі народ пытаецца: «А хто іншы акрамя Лукашэнкі?» — «Аляксандр Мех». «Хто ён такі?» — мы далі біяграфію. «Чаго ад яго можна чакаць і што ён прапануе?» — мы адзіныя на сённяшні момант, у каго ёсць прэзідэнцкая праграма. І тут узнікае іншае пытанне: як зрабіць, каб гэтая праграма магла пайсці ў жыццё. Трэба, каб былі сумленныя і справядлівыя выбары. На сённяшні момант адбываюцца фэйкавыя выбары. І ўдзельнічаць у гэтым фэйку не трэба», — казаў Мех.

«Мы прапануем змену выбарчага заканадаўства і вольную палітычную прастору — найперш выпусціць усіх палітвязняў». Калі гэта не будзе выканана, Мех збіраецца «проста звяртацца да людзей не ўдзельнічаць у гэтых выбарах. А каго загоняць, то ў іх застаецца адно — выкрэсліваць усіх у гэтых спісах. Хто пры гэтай сітуацыі будзе ў выбарчых спісах, з’яўляецца гульцом з адміністрацыі прэзідэнта», — заявіў ён у каментары для «Нашай Нівы».

Такім чынам, прэтэндэнтамі на вышэйшую дзяржаўную пасаду застаюцца высунутая ад кампаніі «Народны рэферэндум» Таццяна Караткевіч, лідэр Аб’яднанай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і беспартыйны, але падтрыманы Беларускай партыяй «Зялёныя» «дармаед у дэкрэце» Юрый Шульган.

Раней заяўлялі пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, але адмовіліся ад удзелу ў выбарах намесніца старшыні «Таварыства беларускай мовы» Алена Анісім, лідэрка кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, і зараз — Алесь Мех.

Пакуль маўчаць пра свае планы яшчэ два чалавекі, якія заяўлялі пра магчымасць свайго ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі — граф Прушынскі і Анатоль Ляўковіч.

Каментаваць