Алег Трусаў: Мне грошы прапаноўвалі, каб прыехаў у Маскву…

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавёў, чаму ў Расіі пачынаецца антыбеларуская кампанія.



У эфіры расійскага Першага канала з’явілася ток-шоу «Час пакажа» пад назвай «Суседзі». Упершыню за доўгі час абмяркоўвалі не толькі Украіну, але і Беларусь.

Фармальная нагода — выхад дапаможніка па гісторыі, напісанага старшынёй Таварыства беларускай мовы Алегам Трусавым. Расіян абурыла фраза пра тое, што беларусы як нацыя з’явіліся на 200 гадоў раней за рускіх.

У выніку дыскусія, падчас якой ад беларускага боку была гісторык Ніна Стужынская, а таксама  журналістка Першага канала Кацярына Кібальчыч, якая нарадзілася ў Беларусі, ператварылася ў крык, звыклы для расійскіх грамадска-палітычных ток-шоу.

Алег Трусаў распавёў “Радыё Рацыя”:

— Мяне і самога заманьвалі ў Маскву на гэтую праграму. Прапаноўвалі ўсё аплаціць — самалёт, таксі, атэль, ганарар. Але я адмовіўся, бо цудоўна ведаю, што гэта за людзі. Яны не ўмеюць весці дыскусію, у іх іншыя мэты. І калі я сказаў расіянам напрыканцы “перамоў”, што не хачу, каб яны на сустрэчу са мной Жырыноўскага запрасілі, то тыя вельмі пакрыўдзіліся. Хаця з Жырыноўскім я асабіста знаёмы. А ўвогуле, я ўжо даўно “герой” розных расійскіх сайтаў, маё прозвішча там перыядычна з’яўляецца. Дарэчы, падчас ток-шоу гучалі цытаты быццам бы з маёй кнігі, але яны падручнік, мабыць, нават у руках не трымалі. Бо тое, што яны цытавалі, у кнізе нават не напісана. Вырвалі цытаты з нейкіх інтэрв’ю.

Многія задаюцца пытаннем: ці варта было ехаць на праграму той жа Ніне Стужынскай?

— Думаю, што не варта. Ведаю, пасля таго, як я адмовіўся ад удзелу, з Масквы абзванілі яшчэ дзесяць беларускіх гісторыкаў, і ўсе яны таксама адмовіліся. Людзі салідарныя, ніхто не купіўся на абяцанкі. Таму, з аднаго боку, можа і не трэба было ехаць Стужынскай, тым больш, што, як гісторык, яна наогул далёкая ад Сярэднявечча. А з іншага — яна змагалася з расейскімі прапагандыстамі, як магла, і тым самым паказала ўсю гэтую гнуснасць. Але я б не раіў нашым людзям ехаць на гэтыя цыркавыя прадстаўленні. Нядаўна, да прыкладу, на адным з расейскіх “шоу” пабілі польскага журналіста. Дзеля гэтага ехаць?

Зараз у Расіі пайшла нейкая антыбеларуская хваля. Што адбываецца?

— Расіянам неабходны пастаянныя ворагі, і прапаганда працуе ў гэтым накірунку, што называецца, без перапынку. Крамлю трэба рэйтынг умацоўваць, таму ў грамадства пастаянна ўкідваюцца нейкія чарговыя “шоу” пра чарговых ворагаў. Украінскія “фашысты”, Захад, ЗША, беларускія нацыяналісты… Усё з аднаго шэрагу. Пачынаецца з прапаганды, заканчваецца анексіяй. Яны не могуць вырашыць унутраныя праблемы, а таму лепш залезці ў справы іншых краін.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя





Каментаваць