Алег Волчак: Закон не павінен падзяляць, за каго ты ваяваў

Праваабаронца і былы «афганец» Алег Волчак пракаментаваў законапраект, які прадугледжвае крымінальную адказнасць для беларусаў за ўдзел ва ўзброеных канфліктах на тэрыторыі замежных краін.

Алег Волчак


Нагадаем, 4 красавіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў двух чытаннях законапраект, які прадугледжвае адказнасць за ўдзел ва ўзброеным фарміраванні альбо ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўку ці падрыхтоўку асобаў да такога ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

 

Алег Волчак адзначыў:

 

— З наймітамі змагаюцца ва ўсім свеце — гэта міжнародная практыка, таму нічога страшнага тут не бачу. Ідзе мадэрнізацыя крымінальнага заканадаўства, і яно павінна змяняцца так, як змяняецца жыццё наўкол. Што мы бачым апошнім часам? Ваенны канфлікт ва Украіне, Сірыя, тэракты па ўсім свеце… Раз-пораз там фігуруюць і беларусы. Таму, паўтаруся, тое, што заканадаўства змяняецца, нічога дрэннага няма. Іншая справа, як гэты артыкул будзе выкарыстоўвацца. Мы апошнім часам бачым, што прайшлі ператрусы ў блізкіх тых беларусаў, якія ваююць на баку Украіны. У той жа час многія найміты, што ваявалі на Данбасе за так званыя ДНР ці ЛНР, сёння адкрыта хваляцца журналістам, што імі сілавікі нават не цікавяцца. Праўда, прадстаўнікі МУС заяўлялі, што ёсць справы на тых, хто ваяваў з абодвух бакоў, але тут вельмі хацелася б, каб усё было справядліва, а не так, што “гэты — бандэравец, а гэты — наш, бо за “русский мир”. Заканадаўства не павінна падзяляць, за каго ты ваяваў.

 

— Беларусы заўсёды лічыліся памяркоўнымі. Што прымушае іх сёння ісці ваяваць за іншыя краіны? Грошы ці ідэйныя перакананні?

 

— У кожнага свой выпадак. Але ведаю, напрыклад, што многія беларусы, якія ваявалі на баку Украіны, накіраваліся туды больш па ідэйных перакананнях. Яны шчыра хацелі дапамагчы ўкраінскаму народу. А некаторыя і самі на дабрачынных пачатках ахвяравалі грошы ўкраінскім вайскоўцам. Таму тут яшчэ пытанне, ці з’яўляюцца яны наймітамі, калі падыходзіць з юрыдычнага боку.

 

Кастусь Заблоцкі, www.racyja.com

Каментаваць