Алесь Бяляцкі: Я не лічу сябе вінаватым

У будынку суда Маскоўскага раёна Мінска 2 лістапада распачаўся працэс над старшынёй зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна, віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесем Бяляцкім.

Слыннага праваабаронцу абвінавачваюць ва ўтойванні прыбытку ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Грамадзянская супольнасць лічыць справу Бяляцкага палітычна матываванай і звязвае яе з праваабарончай дзейнасцю падсуднага.



У будынку суда Маскоўскага раёна Мінска 2 лістапада распачаўся працэс над старшынёй зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна, віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесем Бяляцкім.

Слыннага праваабаронцу абвінавачваюць ва ўтойванні прыбытку ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Грамадзянская супольнасць лічыць справу Бяляцкага палітычна матываванай і звязвае яе з праваабарончай дзейнасцю падсуднага.

Яшчэ задоўга да пачатку працэсу ў будынку суда сабраліся дзясяткі прадстаўнікоў розных беларускіх і замежных праваабарончых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, дэмакратычных партый і рухаў, а таксама журналісты, былыя палітвязні і кіраўнікі дыпламатычных місій краін Еўрапейскага саюза і ЗША. Нягледзячы на даволі вялікую залу, усе жадаючыя ўсё роўна не змаглі патрапіць на судовае пасяджэнне. Варта адзначыць, што тэлеаператарам дазволілі весці здымкі першых дзесяці-пятнаццаці хвілін судовага пасяджэння. Такі “прыступ дэмакратыі не змаглі ўзгадаць нават ветэраны дэмакратычнага руху. Здымкі былі спынены толькі пасля таго, як на гэтым настаяў пракурор Сайкоўскі.

Старшынюе на працэсе суддзя Ленінскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка (слуханні праходзяць у будынку Маскоўскага райсуда з прычыны адсутнасці ў Ленінскім судзе вялікіх залаў).

Алесь Бяляцкі і яго адвакат Зміцер Лаеўскі (прычым абаронца — двойчы) заяўлялі хадайніцтвы аб змяненні меры стрымання абвінавачанаму, але абодва разы суддзя Бандарэнка пасля сыходу ў дарадчы пакой адмаўляў у задавальненні гэтых хадайніцтваў.

Таксама было адхілена хадайніцтва аб вядзенні судовага працэсу па-беларуску. Узамен Алесю Бяляцкаму была прадстаўлена перакладчыца Кацярына Ермакова, якая, аднак, прадэманстравала не самыя лепшыя здольнасці ў перакладчыцкай справе і такое ж веданне беларускае мовы. Былі адхіленыя ці перасунутыя на больш позні тэрмін яшчэ некалькі хадайніцтваў з боку абароны.

Суддзя паведаміў Алесю Бяляцкаму, што той можа адмовіцца ад дачы паказанняў, але праваабаронца заявіў, што будзе адказваць на пытанні. “Я не лічу сябе вінаватым. Мяне пераследуюць выключна за праваабарончую дзейнасць, а абвінавачванні ва ўтойванні прыбыткаў і нявыплаце падаткаў ёсць толькі падставай для майго арышту, — адзначыў падсудны.

Крыху пазней, падчас допыту пракурорам Сайкоўскім, Алесь Бяляцкі зрабіў заяву, датычную яго замежных рахункаў. “Я з’яўляўся ўладальнікам рахунка, але грошы ішлі на дзейнасць “Вясны і нашых партнёраў у Беларусі. Я не распараджаўся гэтымі сродкамі, на іх расходаванне складваліся адпаведныя дамовы. Прыклады гэтых дамоваў прадстаўлены ў КДБ. Апроч іх існавалі іншыя дакументы. Я не быў уладальнікам гэтых грошай, а быў перадатачным звяном. Гэтыя сродкі датычыліся працы рэгіянальных грамадскіх прыёмных Праваабарончага цэнтра “Вясна, яны перадаваліся ахвярам палітычных рэпрэсій. Нашым міжнародным партнёрам накіроўваліся справаздачы па расходаванні сродкаў — квіткі, друк, выданне бюлетэняў, дапамога рэпрэсаваным. Апроч таго, не ўсе гэтыя грошы расходаваліся ў Беларусі, частка з іх выкарыстоўвалася за мяжой на друк, на навучанне. Я не бачу сваёй карысці з гэтых сродкаў, я асабіста іх у Беларусь не ўвозіў, — адзначыў праваабаронца.

Адвакат Зміцер Лаеўскі хадайнічаў перад судом, каб той накіраваў запыт да фундатараў “Вясны наконт таго, як расходаваліся грошы, пералічаныя на рахунак Бяляцкага. Суддзя, аднак, гэты зварот абаронцы пакінуў па-за ўвагай. Допыт Алеся Бяляцкага працягваўся да самага канца першага дня судовых слуханняў.

У гэтым будынку судзяць Алеся Бяляцкага

 

Нагадаем, што яшчэ пры канцы чэрвеня падатковая інспекцыя прад’явіла Алесю Бяляцкаму акт праверкі са звесткамі пра грашовыя сродкі, якія паступілі на рахунак у літоўскім банку Nordbank. Па словах падаткавікоў, банкаўскія звесткі былі ім прадастаўлены Міністэрствам юстыцыі Літвы. А выпіскі з банкаўскага рахунка Бяляцкага ў Польшчы беларускаму боку прадставіла пракуратура РП. Пазней і польскі, і літоўскі бакі папрасілі за свае дзеянні прабачэнні. Паводле інфармацыі боку абвінавачання, на згаданыя рахункі былі пералічаны 550 тысяч еўра, з сумаў, што паступілі, не былі сплачаны падаткі ў памеры 352 мільёны 274 тысячы рублёў.

Алеся Бяляцкага затрымалі ў Мінску 4 жніўня. У той жа дзень у яго кватэры, а таксама на лецішчы ў Ракаве прайшлі ператрусы. Вобшук адбыўся і ў офісе Праваабарончага цэнтра “Вясна. Увечары 4 жніўня Бяляцкага даставілі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў Міністэрства па падатках і зборах. 12 жніўня праваабаронцу прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 КК РБ (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры), тэрмін утрымання пад вартай Бяляцкага быў працягнуты да двух месяцаў. Скаргі адваката Бяляцкага на абраную меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай спачатку следства, а потым і суд, куды была перададзена справа, пакінулі без задавальнення.

Каментаваць