Аляксей Кароль: Па ўсіх стандартах рэжым у Расіі аўтарытарны

Уладзімір Пуцін 20 снежня правёў восьмую прэсавую канферэнцыю на пасадзе прэзідэнта Расіі.
 



Сярод іншага, ён выступіў з падтрымкай ухваленага ўчора Дзярждумай «анты-магніцкага закону», а таксама выказаў сваю нязгоду з заявамі аб тым, што ён стварыў у Расіі аўтарытарны рэжым.

Прэсавая канферэнцыя Уладзіміра Пуціна доўжылася 4 з паловай гадзіны. Беларусь за гэты час прэзідэнт Расіі ўскосна згадаў толькі 1 раз, калі гаварыў пра эфектыўнасць працы Мытнага саюзу. Пуцін, у прыватнасці заявіў, што рост таваразвароту з краінамі Мытнага саюзу склаў 10 працэнтаў, і што тут добрая структура ў гандлі — 20 працэнтаў складаюць машыны і абсталяванне, а з іншымі краінамі — толькі каля 2 працэнтаў.

Некалькі разоў цягам канферэнцыі журналісты задавалі Пуціну пытанні пра справу загінулага ў турме расійскага юрыста Магніцкага, амерыканскі акт ягонага імя, які ўводзіць санкцыі да расійскіх чыноўнікаў, вінаватых у ягонай смерці і ў парушэнні правоў чалавека, а таксама пра «антымагніцкі закон», ухвалены ўчора Дзярждумай, які забараняе амерыканцам ўсынаўляць расійскіх сірот. Пуцін адказаў, што цалкам падтрымаў Дзярждуму:

«Пытанне зусім не ў Магніцкім, а ў тым, што амерыканскія заканадаўцы, пазбавіўшыся ад аднаго антырасійскага і антысавецкага акту Джэксана-Вэніка, палічылі неабходным прыняць тут жа другі антырасійскі акт. Мы ўспрынялі гэта так, што амерыканскі заканадаўца вырашыў нам паказаць, хто тут гаспадар. Не было б Магніцкага, знайшлі б іншую нагоду».

  Аляксандр Класкоўскі

​​Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што Пуцін тут дэманструе паказную цвёрдасць:

«Гэта пункцік усіх аўтарытарных рэжымаў, што ніхто не зможа нас нахіліць, калі казаць словамі Лукашэнкі. Такі адказ Амэрыцы — гэта, хутчэй, такі рытуальны піяраўскі крок».

Насамрэч, Расія не зацікаўленая ў пагаршэнні адносін з ЗША, у яе ёсць іншыя задачы, мяркуе спадар Класкоўскі. Абвастрэння адносін з ЗША ў Масквы не будзе:

«І калі ў Мінску спадзяюцца, што пачнецца новая халодная вайна і на гэтым можна будзе пагрэць рукі, то дарэмна».

Аляксей Кароль


​​Палітолаг Аляксей Кароль назваў прыкрым, што Масква адказвае на закон Магніцкага, спекулюючы лёсамі дзяцей-сірот. Такі адказ найперш б’е па рэпутацыі Расіі і яе дачыненнях з ЗША:

«Расійска-амэрыканскія адносіны на гэтым этапе пагоршацца. За гэтым я яшчэ бачу і праяву імперскай тэндэнцыі ў Расіі, што яна мусіць адказаць моцна, як вялікая дзяржава».

Уладзімір Пуцін таксама выказаў нязгоду з заявай, што ён стварыў у Расіі аўтарытарны рэжым:

Журналіст: «За 12 гадоў вы пабудавалі даволі жорсткі і дзесьці нават аўтарытарны рэжым асабістай улады. Думаеце гэтая сістэма жыццяздольная ў новым стагоддзі?

Пуцін: «Лічу, што мы забяспечылі стабільнасць выключна як абавязковую ўмову для развіцця. Але назваць гэтую сістэму аўтарытарнай не магу. І самым яркім доказам гэтаму маё рашэнне пайсці на другія пазіцыі пасля двух тэрмінаў прэзідэнцтва».

Па ўсіх стандартах рэжым у Расіі аўтарытарны з імперскай падкладкай

Палітолаг Аляксей Кароль у сувязі з гэтым згадвае, што і ў СССР называлі сябе дэмакратычнай дзяржавай:

«На справе ў Пуціна сапраўды ёсць памкненне, у многім рэалізаванае, —стварыць аўтарытарны рэжым. Аб гэтым сведчаць усе апошнія дзеянні: разгон акцый, арышты і суды за тыя дзеянні, якія ва ўсім свеце дазваляюцца. Па ўсіх стандартах рэжым у Расіі аўтарытарны з імперскай падкладкай».

Палітолаг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што пуцінскі рэжым праходзіць такую ж эвалюцыю, як і беларускі рэжым:

«Пасля таго як Пуцін пераабраўся, ён таксама пачаў метадычна зачышчаць палітычнае поле: узнікла справа аб беспарадках, ідзе персанальны ціск на лідараў пратэсту, супраць іх заводзяць крымінальныя справы, ператрусы. Усё гэта вельмі нагадвае беларускія рэаліі».
 

Паводле svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Яська
  • 2012-12-21 05:24:51
Усё дакладна! Путін - гэта аўтарытарны палітык. выхаваны ў ДБ. Гэта дыягназ. Такія як ён не спасобныя на дэмакратыю і лібералізм. Расія мае зараз добруб сыравінную кан'юнктуру. З гэтага і
карыстаецца...

Каментаваць