Алега Корбана затрымалі і адпусцілі: на Акрэсціна няма свабодных месцаў

Грамадскага актывіста, лідэра маладзёжнай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алега Корбана затрымалі, а потым адпусцілі з міліцыі. Дзяжурны ў РАУС патлумачыў яму, што пасадзіць яго не могуць, бо ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску няма свабодных месцаў.



Пра гэта Корбан сам напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«Хм, пратрымалі 4 гадзіны ў міліцыі і адпусцілі. Павінны былі даставіць у ЦІП (цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску), за мной 10 сутак яшчэ са жніўня, але адпусцілі. Аказваецца, у ЦІПе няма свабодных месцаў. Дзяжурны ў РАУС развёў рукамі, сказаў, каб я чакаў новага сігналу ад участковага, на днях... Такая вось гісторыя, іду дадому», — напісаў Корбан.

11 снежня Корбану патэлефанавалі з міліцыі і запрасілі ў Партызанскі РУУС Мінска, каб «у нечым распісацца».

«Алег пайшоў, а потым змог патэлефанаваць і сказаў, што з’язджае на 10 сутак, — паведаміла ягоная сяброўка Аольга Бруневич. — У жніўні ж яго асудзілі на суткі, але тады адпусцілі, а цяпер яму сказалі, што гэтыя суткі трэба адсядзець».

Нагадаем, 12 жніўня Алег Корбан быў затрыманы ў раёне станцыі метро «Каменная Горка», калі ехаў сустракаць вызвалення з ЦІП пасля 14-сутачнага арышту актывіста «Альтэрнатывы» Іллю Дабратвора. Суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў Корбана на 10 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), аднак адбываць пакаранне апазіцыйнага актывіста так і не накіравалі.

Свой пераслед лідэр «Альтэрнатывы» звязваў з акцыяй 26 ліпеня ў Дзяржынску, дзе ля гарвыканкаму быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг, а па горадзе расклееныя плакаты «За незалежную Беларусь!», «Беларусь — не Расія!».

Каментаваць