Аляксандр Мілінкевіч: Мікалай Статкевіч — вельмі мужны чалавек

Палітычнай расправай называюць незалежныя эксперты рашэнне суда перавесці былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Мікалая Статкевіча ў крытую турму на тэрмін у тры гады.

 



Палітычнай расправай называюць незалежныя эксперты рашэнне суда перавесці былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Мікалая Статкевіча ў крытую турму на тэрмін у тры гады.

Такі вердыкт вынес суддзя Волкаў 12 студзеня, абвінаваціўшы Статкевіча ў злосных парушэннях рэжыму адбыцця пакарання ў Шклоўскай калоніі №17. Мікалай Статкевіч летась ужо быў асуджаны на шэсць год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за быццам бы арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках 19 снежня 2010 года, якія нібыта мелі месца на Плошчы Незалежнасці ў Мінску па завяршэнню прэзідэнцкіх выбараў.

Старшыня Руху “За Свабоду Аляксандр Мілінкевіч адзначае, што Мікалай Статкевіч — вельмі мужны чалавек. “Гэта чалавек вельмі моцнага характару, і ў калоніі, відаць, яго спрабавалі прымусіць да падпісання прашэння аб памілаванні, але ён ніколі гэтага не зробіць, — упэўнены Аляксандр Мілінкевіч. — Ён хутчэй развітаецца з жыццём, але не пойдзе на тое, каб згубіць твар, таму такое рашэнне суда — гэта спосаб выхавання непакорных. Я вельмі захапляюся Міколам і вельмі жадаю яму здароўя. Гэта надзвычай вялікае і цяжкое выпрабаванне для яго.

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла лічыць, што адной з падставаў павышанай незадаволенасці кіраўніцтва Шклоўскай калоніі было тое, што Мікалай Статкевіч адмовіўся даць падпіску аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй гэтай папраўчай установы.

Варта адзначыць, што ўлады ўзмацнілі ціск на амаль усіх палітычных зняволеных, якія зараз усё яшчэ знаходзяцца за кратамі. Напрыклад, 12 студзеня да яшчэ аднаго экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, які зараз знаходзіцца ў папраўчай калоніі “Віцьба–3, зноў не дапусцілі адваката. Увогуле, абаронца Саннікава не бачыў свайго манданта ўжо больш за два месяцы. А даверанай асобе Саннікава Змітру Бандарэнку зноў адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, хоць стан здароўя гэтага палітвязня выклікае вялікую трывогу.

“Можна, канешне, вырашыць з Масквой энергетычныя і некаторыя фінансавыя пытанні на гэтую зіму, але для рэжыму самым галоўным застаецца пытанне татальнага кантролю над грамадствам, — лічыць Аляксандр Мілінкевіч. — Аўтарытарны рэжым займаецца гэтым у самую першую чаргу. Але такія людзі, як Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Мікалай Аўтуховіч, Зміцер Дашкевіч і многія іншыя, — гэта асобы, якія паказваюць, што нават у такіх умовах можна заставацца моцным і мужным чалавекам. Гэткія людзі ёсць вялікімі ворагамі любой дыктатуры, як і Алесь Бяляцкі, які ўсім казаў: не бойцеся! Ён сам не баяўся, ён не баяўся нават патрапіць у турму, і вось менавіта такія людзі звычайна выратоўваюць нацыю, калі яна захоча жыць цывілізавана. Вельмі вялікія ворагі для ўлады гэтыя людзі!
 

Каментаваць