Аляксандр Мілінкевіч пойдзе ў прэзідэнты

У мінскай гасцініцы «Еўропа» 3 мая кіраўнік Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч афіцыйна заявіў, што будзе ўдзельнічаць у наступнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта будзе ўжо другая спроба Мілінкевіча стаць кіраўніком дзяржавы.



У мінскай гасцініцы «Еўропа» 3 мая кіраўнік Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч афіцыйна заявіў, што будзе ўдзельнічаць у наступнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта будзе ўжо другая спроба Мілінкевіча стаць кіраўніком дзяржавы.

Аляксандр Мілінкевіч распавёў прысутным пра асноўныя накірункі сваёй кандыдацкай праграмы. У якасці механізмаў стварэння «адказнай улады» ў праграме прадугледжана вяртанне да справядлівых, празрыстых выбараў і сапраўднага мясцовага самакіравання. Таксама абвяшчаецца неабходнасць забеспячэння свабоды сродкаў масавай інфармацыі.

Сярод эканамічных крокаў у праграме фігуруюць прыцягненне інвестыцый, якія, па словах Мілінкевіча, «мусяць ісці не ўладзе, але народу», празрыстая бюджэтная палітыка, падтрымка прыватнага бізнесу, выкарыстанне транзітнага патэнцыялу, энергазберагальная палітыка, эфектыўная сельская гаспадарка.

У раздзеле «Сацыяльная палітыка» прадугледжваецца пашырэнне магчымасцей еўрапейскай адукацыі для беларускае моладзі, рэформа жыллёва-камунальнай гаспадаркі і медыцыны, пенсійнага забеспячэння. Што да знешняй палітыкі, то яна будзе накіравана на інтэграцыю Беларусі ў Еўрапейскі саюз, на ўсталяванне празрыстых, добрасуседскіх адносін з Расіяй і курс на пабудову нейтральнай дзяржавы, што замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, Аляксандр Мілінкевіч у выпадку свайго абрання кіраўніком дзяржавы паабяцаў вярнуцца да Канстытуцыі ўзору 1994 года.

Па словах патэнцыйнага прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду, падчас выбараў ён збіраецца абапірацца на Беларускі незалежніцкі блок (БНБ), у які, апроч Руху «За свабоду», уваходзяць зарэгістраваны ў Чэхіі «Малады фронт», незарэгістраваная Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Партыя БНФ, некаторыя іншыя дэмакратычныя арганізацыі.

Аднак ужо цяпер, як адзначаюць незалежныя эксперты, тут усё не так проста: як вядома, БХД і БНФ маюць намер выстаўляць на прэзідэнцкія выбары сваіх кандыдатаў, таму разлік Аляксандра Мілінкевіча на падтрымку гэтых апазіцыйных арганізацый можа апынуцца неапраўданым. Тым больш, адказваючы на пытанне, кіраўнік Руху «За свабоду» адзначыў, што ў БНБ сёння вядуцца сур’ёзныя дыскусіі.

«Партыя БХД апошнім часам усё больш кажа, што нам не трэба ісці ў Еўропу, што там не ўсё добра з маральнымі каштоўнасцямі, не вельмі добры стан хрысціянскай веры, і яны кажуць, што нам трэба быць нейтральнай краінай. Я не веру ў тое, што тут магчыма пабудаваць нейтральную краіну па прыкладу Нарвегіі ці Швейцарыі, нам давядзецца рабіць геапалітычны выбар», — падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.

Літаральна ў той жа дзень на такія словы старшыні Руху «За свабоду» прагучала рэзкая рэакцыя кіраўніцтва БХД у асобе сустаршыні арганізацыі Паўла Севярынца.

«Гэта вельмі дзіўная заява. Мы з’яўляемся еўрапейцамі. Мы рухаемся да адзінай Еўропы, каб разам з суседзямі рабіць яе больш хрысціянскай, каб разам з суседзямі падтрымліваць каштоўнасці хрысціянскай дэмакратыі — той шырокай народнай платформы, якая аб’яднала народы Еўропы і забяспечыла гарантыю захавання правоў кожнага чалавека ў Еўрапейскім саюзе, — адзначыў Павел Севярынец. — Большасць сябраў БХД, паводле ўсіх партыйных апытанняў, — за ўступленне ў Еўрапейскі саюз. Гэта адлюстравана і ў праграме БХД (пункт 12.6). БХД падала заяўку на ўступ у Еўрапейскую народную партыю, і домыслы на гэтую тэму, напэўна, з’яўляюцца пасланнем еўрапейскім партнёрам: маўляў, Мілінкевіч тут адзіны «сапраўдны еўрапеец». Магчыма, Аляксандр Мілінкевіч баіцца канкурэнцыі хрысціянскіх дэмакратаў пры вызначэнні адзінага кандыдата ад Беларускага незалежніцкага блоку? Спадар Аляксандр, не там шукае ворагаў. Шуканне ворагаў сярод сваіх, паклёпы і хлусня — метады палітычнай барацьбы савецкай эпохі. Час гэтых метадаў прайшоў, яны не прымальны для сучасных дэмакратычных лідэраў, як сталага веку, так і маладых», — падкрэсліў сустаршыня БХД.
 

Каментаваць