Аляксандра Крутога суд накіраваў на прымусовае лячэнне

6 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска была разгледжана справа Аляксандра Крутога, бацькі пацярпелай ад выбуху ў метро 11 красавіка Інэсы Крутой.



6 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска была разгледжана справа Аляксандра Крутога, бацькі пацярпелай ад выбуху ў метро 11 красавіка Інэсы Крутой.

Ён быў затрыманы 20 верасня і абвінавачаны ў хуліганстве. У пастанаўленні аб затрыманні Аляксандра Крутога гаварылася: “17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медычных устаноў Мінска, наўмысна здзейсніў хуліганскія дзеянні з асобым цынізмам і грэбаваннем нормамі маралі. Гэта выявілася ў тым, што А. Круты нібыта выліў на галоўурача вадкасць з пахам мачы. Пракурор накіраваў абвінавачваемага ў РНПЦ псіхічнага здароўя на абследаванне.

Судовае пасяджэнне адбывалася без Аляксандра Крутога. А пацярпелая галоўны ўрач паліклінікі №32 Валянціна Чупрык запатрабавала закрытага суда. Супраць выступіла адвакат абвінавачваемага Валянціна Мацкевіч. Аднак суддзя Аляксандр Кострыкаў падтрымаў хадайніцтва пацярпелай. З судовай залі былі выдалены журналісты і назіральнікі.

Дачка абвінавачанага Інэса Крутая была запрошана на суд у якасці сведкі. Яна так пракаментавала гэтую справу:

— Калі б майго бацьку хацелі асудзіць па сённяшняй справе, то зрабілі б гэта адразу. Аднак ніхто яго не шукаў. Мой бацька займаў актыўную пазіцыю ў судзе аб тэракце ў метро: ён абараняў мае інтарэсы як пацярпелай ад выбуху, задаваў нязручныя пытанні суддзям, выступаў аб пераносе працэсу да адмены ў Беларусі смяротнай кары. Я лічу, што сённяшні суд з’яўляецца следствам актыўнай пазіцыі майго бацькі, які намагаўся высветліць, хто ўсё ж арганізаваў тэракт у метро і хто яго здзейсніў. На апошнія судовыя пасяджэнні па справе аб тэракце мой бацька так і не трапіў, мае інтарэсы як пацярпелай прадстаўляць не было каму. Зараз няма каму шукаць сапраўдных віноўнікаў тэракту.  А па сённяшняму працэсу ўлады самі дзейнічаюць нелагічна: калі майго бацьку называюць вар’ятам, то чаму яго да суда трымалі разам з іншымі зняволенымі ў агульнай камеры на Валадарцы?

“Гэта звычайнае судзілішча. На суд не прывезлі абвінавачваемага. Магчыма, на яго аказваўся фізічны ціск, магчыма, яго моцна збілі. Галоўны ўрач, якая выступіла сёння ў якасці пацярпелай, неаднойчы адмаўляла Інэсе Крутой у абследаванні і лячэнні. У паліклініцы ёй была пастаўлена звычайная бытавая траўма, — сказала праваабаронца Екацярына Садоўская.

Нагадаем, Аляксандр Круты займаўся праваабарончай дзейнасцю. Ён абараняў на судах простых людзей, а таксама цікавіўся самымі гучнымі судовымі працэсамі. У тым ліку,  ён прысутнічаў на ўсіх судовых пасяджэннях па справе М. Аўтуховіча. На рахунку Крутога налічваецца некалькі выйграных судовых спраў. Напачатку 2000-х Аляксандра Крутога змяшчалі ў псіхіятрычную ўстанову за абразу Лукашэнкі.

У звязку з уціскам і пераследам з боку ўладаў, Аляксандр Круты папрасіў палітычнага прытулку для сябе і сваёй сям’і ў нямецкім пасольстве.
 

Каментаваць