Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Амбасада Украіны накіравала ў МЗС Беларусі ноту ў сувязі з анонсам расійскага фільму «Крым»

Амбасада Украіны ў Беларусі пратэстуе супраць магчымага паказу ў беларускіх кінатэатрах расійскага прапагандысцкага фільму «Крым. С любимыми не расставайтесь». У Міністэрства замежных спраў накіраваная адпаведная нота ў сувязі з дэманстрацыяй у беларускіх кінатэатрах трэйлеру гэтага фільму.
Кадар з трэйлеру фільма «Крым. С любимыми не расставайтесь»

Кадар з трэйлеру фільма «Крым. С любимыми не расставайтесь»


У трэйлеры, які пачалі круціць у мінскіх кінатэатрах, гаворыцца, што драма «заснаваная на рэальных падзеях» на фоне «вяртання» паўвострава «ў родную гавань», распавядае svaboda.org. Прэм’ера запланаваная на сярэдзіну жніўня, стужка знятая на сродкі расійскага ўрадавага «Фонду кіно» рэжысёрам і тэлевядоўцам Аляксеем Піманавым.

Тым часам першы намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Кінавідэапракат» Андрэй Разжавайкін у камэнтары для Свабоды запэўніў, што «Крым» на вялікіх экранах дэманстравацца ня будзе:

«Магу запэўніць, што ў нас гэты фільм да паказу ў кінатэатрах не планаваўся. Наколькі ведаю, там прэм’ера перанесена са жніўня на верасень, але ў любым выпадку мы ня можам паказваць усе кінастужкі, якія выходзяць у Расійскай Федэрацыі. Яшчэ раз паўтараю: у нас „Крым“ да паказу не меркаваўся, яго не было нават у перспектыўных планах. І не будзе...»

У сюжэт фільму «Крым. С любимыми не расставайтесь» пакладзеная гісторыя кахання падчас анэксіі Крыму вясной 2014 году.

Каментаваць