Анатоль Красоўскі адзначыў бы 65-годдзе

Анатоль Красоўскі 17 мая адзначыў бы свой 65-ты Дзень народзінаў. Яго б шчыра віншавалі сябры і сваякі. Але яны дагэтуль не могуць даведацца праўду пра знікненне бізнесмена. Рэальнае расследаванне можа аднавіцца толькі ў выпадку змены існуючай улады.

Нарадзіўся Анатоль Сцяпанавіч Красоўскі Крупках Мінскай вобласці. Скончыў фізычны факультэт БДУ. Кандыдат філасофскіх навук, аўтар дзясяткаў навуковых прац і шэрагу вучэбных дапаможнікаў, распрацоўнік школьнага курсу «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця». З пачатку 1990-х буйны прадпрымальнік, выдавец масавых часопісаў «Я+Я», «Ідэал» і іншых. Займаўся дабрачыннасцю, аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадскіх арганізацыяў Беларусі, у тым ліку і палітычна незалежным.

Першым сігналам незадаволенасці ўлады актыўнасцю Анатоля Красоўскага стаў яго арышт у жніўні 1999 года. Прадпрымальнік быў змешчаны ў СІЗА, дзе яму фактычна было прад’яўлена абвінавачванне ў падрыўной дзейнасці. Аднак пасля публікацый у шэрагу СМІ падрабязнасцяў справы, следства агучыла іншую версію, паводле якой Анатоль Красоўскі вінаваты ў тым, што своечасова не вярнуў крэдыт, узяты ў банку «Пошук». З-за відавочнай бязглуздасці гэтае абвінавачваньне хутка развалілася. На працягу тыдня прадпрымальніка адпусцілі разам з іншымі затрыманымі па гэтай справе, сярод якіх была прэзідэнт банка «Пошук» Валянціна Сурына.

Аднак увечары 16 верасня 1999 года Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар былі выкрадзеныя. Праваахоўнымі органамі было пачатае расследаванне, аднак усе вядомыя ў цяперашні час доказы былі сабраныя добраахвотнікамі. У тым ліку і выяўленыя на месцы выкрадання на вуліцы Фабрычнай у Мінску аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага, якім сябры карысталіся ў гэты дзень, і сляды крыві, ідэнтыфікаванай незалежнай экспертызай як кроў Віктара Афіцыйнае следства — нягледзячы на тое, што за Віктарам Ганчаром, і за Анатолем Красоўскім ГДБ вяло пастаяннае назіранне, — канстатавала немагчымасць усталявання ісціны. КДБ заявіў, што назіранне было знятае менавіта 16 верасня.

У чэрвені 2001 году сусветная грамадскасць атрымала ў распараджэнне паказанні следчых КДБ Петрушкевіча і Случака, якія распавялі падрабязнасці кантраляванай Лукашэнкам сістэмы фізычнай ліквідацыі непажаданых у Беларусі, так званых «эскадронаў смерці».

Але дасюль вінаватыя ў знікненні Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара, як і іншых зніклых не пакараныя. На думку прадстаўнікоў апазіцыі і праваабаронцаў, рэальнае расследаванне гэтых гучных знікненняў можа аднавіцца толькі ў выпадку змены існуючай улады. 

 

Каментаваць