Андрэа Віктарын: мы ніколі не забываемся пра правы чалавека

Еўрасаюз не выключае пытанне правоў чалавека з парадку дня ва ўзаеманадносінах з Беларуссю. Пра гэта заявіла Старшыня Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюзу ў Беларусі спн. Андрэа Віктарын у часе канферэнцыі арганізацый грамадзянскай супольнасці «Развіццё нацыянальнай платформы: новыя стратэгіі».



Адным з кантэкстаў сёлетняй канферэнцыі сталі палітычныя падзеі пачатку красавіка: на пасяджэнні Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь упершыню за доўгія гады прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ўдзельнічалі ў трохбаковых кансультацыях “ЕС-беларускі ўрад-грамадзянская супольнасць”.


У сувязі з новымі абставінамі нацыянальны каардынатар ФГС УП Улад Вялічка адзначае, што Нацплатформа дала магчымасць грамадзянскай супольнасці наўпрост гаварыць з ЕС. А спробы далучыць грамадзянскую супольнасць да дыялогу даюць спадзевы набыць новы статус.


“Удзел у пасяджэнні Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь у красавіку ў Брусэлі не варта пераацэньваць, бо ніякіх канкрэтных рашэнняў там не прымалася, гэта былі перамовы цягам дзвюх гадзін. Гэта можна назваць такім практыкаваннем, бо ўпершыню за дваццаць год за адным сталом перамоў знаходзіліся прадстаўнікі ЕС, беларускіх міністэрстваў і Нацплатфомы. Асаблівых рашэнняў не прымалася, але ўсё прайшло атмасферна. Мела месца стварэнне камунікатыўнай сітуацыі. Пэўная тэндэнцыя назіраецца, пытанне ці будзе яна ўстойлівай. Бо любая крыўда ці непаразуменне можа вярнуць нас у сітуацыю, калі суб’екты не размаўлялі адзін з адным,” — гаворыць Вялічка.


Па словах эксперта, у бюракратычных структурах ЕС ёсць разуменне, што ніякіх глабальных рэформаў не чакаецца. Але ёсць намер прагматычнага аднаўлення стасункаў, наколькі далёкія гэтыя гарызонты — пакажа час.


У рабоце канферэнцыі бярэ ўдзел і старшыня Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюзу ў Беларусі Андрэа Віктарын. Яна адзначыла, што Еўрасаюз застаецца прыхільнікам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю. Еўракамісары, паводле слоў дыпламата, прызнаюць, што за апошнія два гады былі зробленыя некаторыя крокі для паляпшэння адносінаў. У прыватнасці гэта пачатак перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, мабільнасці. Летась аднавіўся дыялог паміж Беларуссю і ЕС па правах чалавека. У сакавіку ў Мінск прыязджаў Стаўрас Ламбрынідзіс — спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека. Спадарыня Віктарын адзначыла таксама канструктыўную ролю Беларусі ў сваім рэгіёне і спрыянне ў рэалізацыі Мінскіх пагадненняў, што скіраваныя на вырашэнне вайсковага канфлікту ва Украіне.


Вызваленне палітвязняў у жніўні 2015 года было крокам, якога ЕС доўга дамагаўся. ЕС канстатуе, што кастрычніцкія выбары ў 2015 годзе прайшлі без гвалту. Такім чынам было адзначана, што парадак дня, супрацоўніцтва Беларусі з ЕС можа стаць больш пазітыўным, — сказала Андрэа Віктарын. — І ўсё гэта прывяло да прыняцця двух рашэнняў з боку ЕС: прыпыніць дзеянне санкцый і ў лютым 2016 года ўвогуле скасаваць санкцыі ў дачыненні да большасці тых, хто быў “чорным спісе” ЕС. Дзякуючы ўсяму гэтаму, былі створаныя перадумовы для работы каардынацыйнай групы. Мы асабліва ўзрадаваныя, што на першай сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі чатырох арганізацый ад грамадзянскай супольнасці. Не ўсё так проста было, але важна, што мы змаглі сабраць тры бакі вакол круглага стала. Я спадзяюся, што справа будзе мець працяг”.


Падчас канферэнцыі ўзнікла невялікая дускусія паміж дырэктара Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольгай Смалянкай і Старшынёй Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюзу ў Беларусі Андрэа Віктарын. У прыватнасці Смалянка адзначыла, што праваабаронцы, якія ў Беларусі ёсць самадастатковай арганізаванай супольнасцю маюць магчымасць выступаць толькі шэрымі кардыналамі ў дачыненнях Беларусь — ЕС, але не маюць наўпроставых каналаў для фарміравання парадку дня дыялогу па правах чалавека.


“Не адбываецца сур’ёзных зрухаў у правах чалавека ў Беларусі. У дыялогу з ЕС важна гаварыць, што праваабарончыя арганізацыі мусяць стаць наўпроставымі ўдзельнікамі працэсу. І цяпер можна сказаць, што пытанне правоў чалавека не заўсёды выходзіць на першы план у знешнепалітычных стасунках ЕС з Беларуссю”, сказала Смалянка.


На што Віктарын адказала, што ўвядзенне санкцый супраць Беларусі было рэакцыяй на з’яленне палітвязняў у 2010 годзе і паўстала праблема іх вызвалення.


“Нават у краінах, дзе вельмі кепска з правамі чалавека, санкцыі не ўводзяцца. Я цалкам згодная, што нам трэба падтрымліваць шчыльныя кантакты з праваабарончым сектарам. І так, я часта чую аргумент, што ЕС цяпер займаецца толькі эканамічным бокам супрацоўніцтва і забываецца на правы чалавека. Але гэта няпраўда. Няпраўда і кропка!” — падкрэсліла дыпламат ад ЕС у Беларусі.


Андрэа Віктарын таксама нагадала, што для ЕС ёсць актуальнымі пытанні рэабілітацыі палітвязняў, аднаўленне іх грамадзянскіх і палітычных правоў, знішчэнне перашкод для рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх арганізацый незалежна ад іх поглядаў. У спісе актуальных тэм і наяўнасць смяротнай кары ў Беларусі.


“Мы цалкам перакананыя, што ніхто не мае права забіраць чужое жыццё. Менавіта таму мы заклікалі Беларусь увесці мараторый, каб канчаткова скасаваць гэтую меру. І будзем працягваць гэтыя заклікі, — сказала дыпламат.


Яна нагадала пра мерапрыемствы, якія праводзіў ЕС у рамках праграм, скіраваных на адмену смяротнага пакарання. Гэтае ж пытанне будзе ўздымацца падчас наступнага раўнду перамоў па правах чалавека, што адбудзецца, меркавана, у чэрвені ў Мінску. Перад гэтым плануюцца кансультацыі з праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.


Падтрымка грамадзянскай супольнасці была і застаецца ключавым элементам у адносінах ЕС і Беларусі, адзначыла Віктарын.


У канферэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі каля 70 грамадскіх арганізацый. Палітычная мэта канферэнцыі “Развіццё Нацыянальнай платформы: новыя стратэгіі” Беларускай Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства” (ФГС УП) — прыняцце "Дарожнай карты супрацоўніцтва Прадстаўніцтва ЕС у Мінску і беларускіх НДА".


“Дарожная карта скіраваная на ўцягванне суб’ектаў грамадзянскай супольнасці ў палітыку развіцця. У Беларусі такі дакумент быў прыняты ў 2014 годзе і, паколькі нармальнага дыялогу паміж суб’ектамі не было, практычных рэалізацый яго не было. Цяпер сітуацыя змянілася, мы маем спадзеў на паляпшэнне. Хочам зрабіць Дарожную мапу публічнай і дзейснай. Гэты дакумент скіраваны на падвышэнне ролі грамадзянскай супольнасці ў публічнай палітыцы, уцягванне актораў у працэс”, — патлумачыў Андрэй Ягораў.


На сённяшні дзень, не гледзячы на скептычныя ацэнкі адносна перспектывы ўдзелу Беларусі ў праграме “Усходняе партнёрства”, наша краіна, па словах нацыянальнага каардынатара ФГС УП Улада Вялічкі, з-за збегу абставін заняла някепскія пазіцыі.


У лідарах цяпер Грузія, дзе наладжанае цеснае супрацоўніцтва паміж Нацплатформай ФГС УП і парламентам. Ёсць і аўтсайдэры ў асобе Азербайджана ды Арменіі. Малдова і Украіна з-за праблемай карупцыі страцілі сваю рэпутацыю краін авангарду. Таму Беларусь на гэтым фоне знаходзіцца не на самым дрэнным рахунку.


“Мы ператварыліся у “сярэднячка” праграмы “Усходняе партнёрства”. Магчыма, гэта нядрэнная стартавая пляцоўка для новага этапу і дасягненні пэўнага прагрэсу”, — адзначае нацыянальны каардынатар ФГС УП Улад Вялічка.



Каментаваць