Андрэй Бандарэнка можа пачаць галадоўку

На тыдні ад вязня сумлення Андрэя Бандарэнкі, які адбывае пакаранне ў турме №4 Магілёва, прыйшоў шэраг лістоў яго сябрам. З іх вынікае, што ўмовы яго ўтрымання значна пагоршыліся. І Бандарэнка тлумачыць, чаму.

Андрэй Бандарэнка падчас суда, Фота euroradio.fm

Андрэй Бандарэнка падчас суда, Фота euroradio.fm



Нагадаем, што праваабаронцу нядаўна вынеслі вымову за тое, што ён у дзённы час ляжаў на ложку, а затым паставілі ў камеры відэаназіранне і выводзяць на прагулку ў кайданках і са службовым сабакам. «Пяць месяцаў гэта (ляжанне на ложку ў дзённы час) нікога не турбавала, а тут раптам усе ўзняліся: якое абразлівае дзеянне, якое падрывае ўвесь выхаваўчы працэс!» — піша Бандарэнка.

«Аказваецца, 22 чэрвеня падыходзіў тэрмін пераводу мяне на агульны рэжым адбывання пакарання (зараз я на строгім), што давала мне магчымасць дадаткова атрымліваць пасылкі, бандэролі, спатканні і тэлевізар. На гэта, зразумела, ніхто пайсці не мог. Нават падумаць жахліва — Бандарэнка з тэлевізарам! Адразу пасля вымовы мяне сталі яшчэ і закоўваць у кайданкі перад вывадам з камеры. Гэта ўжо нібыта за тое, што я на прафілактычным уліку. Не зусім толькі зразумела, што гэта яны сем месяцаў «рызыкавалі», выводзячы мяне без кайданкаў», — напісаў ён у лісце ў «Новы Час».

Крыху пазней ліст ад вязня атрымаў і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. Яму Бандарэнка паведаміў, што нядаўна правёў пяць сутак у штрафным ізалятары. Падставай для гэтага паслужыла нібыта размова вязня з іншым зняволеным падчас прагулкі. На самай справе працэс «зносін», па словах Бандарэнкі, складаўся ў тым, што пры вяртанні з прагулкі, ужо непасрэдна перад камерай, у яго нехта ззаду спытаў: «Якая камера?». Мяркуючы, што пытаецца кантралёр, ён адказаў «васьмідзесятая». У гэтым і склалася правапарушэнне.

Пры складанні пратаколу аб парушэнні рэжыму Бандарэнку адмовілі ў яго праве напісаць тлумачэнні. Замест гэтага супрацоўнік задаваў яму пытанні і запісваў адказы. У сувязі з гэтым Бандарэнка адмовіўся падпісаць пратакол. На наступны дзень яму далі магчымасць прадставіць свае пярэчанні, аднак рашэнне аб накладанні спагнання ўжо было прынята.

Пасля адбыцця пакарання ў ізалятары вязня папярэдзілі пра адказнасць па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»). Ён успрыняў гэта як пагрозу наступнага прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці.

Таму Андрэй Бандарэнка лічыць, што ў дачыненні да яго праводзіцца мэтанакіраваная палітыка дыскрымінацыі і ціску. Ён папярэдзіў адміністрацыю турмы пра тое, што ў выпадку працягу такой палітыкі вымушаны будзе звярнуцца да крайняй меры пратэсту — галадоўкі.


Каментаваць