Алена Анісім абяцала вярнуцца

Дзень прызначэння прэзідэнцкіх выбараў прынёс не толькі першыя заяўкі на перамогу, але і першыя страты. Намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім абвясціла, што выходзіць з прэзідэнцкай кампаніі.



Адпаведнае рашэнне прыняла не персанальна намесніца старшыні «Таварыства беларускай мовы», а ўся яе каманда. У выніковай заяве грамадзянаў, якія падтрымалі вылучэнне Анісім у прэзідэнты, заўважаецца, што ініцыятыва па вылучэнні была прадыктаваная «геапалітычнай сітуацыяй, калі адбыўся захоп часткі Украіны і пачуліся закіды адносна таго ж лёсу і ў дачыненні да Беларусі». А таксама «нежаданнем апазіцыі знайсці паразуменне і выйсці на гэтыя выбары з адзіным кандыдатам».

У выніку «ініцыятыўныя грамадзяне» сканцэнтравалі свае намаганні на тым, каб «кансалідаваць перакананых прыхільнікаў незалежнасці і давесці наш агульны голас да беларускай і міжнароднай грамадскасці, а таксама распачаць шырокі дыялог з удзелам розных грамадскіх слаёў па найбольш важных і неадкладных пытаннях».

За гэты час, адзначаюць грамадзяне, якія вылучалі Анісім, быў праведзены Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, прыняты Маніфест у абарону незалежнасці Беларусі, арганізавана абмеркаванне палітычнай і эканамічнай сітуацыі на пасяджэннях адпаведных камісій.

«Улічваючы ўсё вышэйсказанае, а таксама адсутнасць канкрэтных зменаў у выбарчым працэсе, мы прыйшлі да наступных высноваў: спыніць свой удзел у кампаніі па вылучэнні кандыдатуры на пасаду прэзідэнта ад нацыянальна-патрыятычных сіл у сёлетняй выбарчай кампаніі. Сканцэнтраваць свае намаганні па кансалідацыі беларускага грамадства на аснове дыялогу і пашырэння кола падпісантаў Маніфеста ў абарону незалежнасці», — гаворыцца ў дакуменце.

На прэс-канферэнцыі Алена Анісім зазначыла: «Нават калі я не лічу гэта адзіна правільным рашэннем, тым не менш, такое рашэнне каманды. Я лічу, што трэба падпарадкоўвацца, бо я лічу, што працаваць можна толькі ў камандзе. Такім чынам, гэта нашае агульнае рашэнне».

Алена Анісім не выглядала расчараванай з нагоды свайго зняцця з выбараў

Як паведаміў старшыня ТБМ Алег Трусаў, галоўнай падставай зняцця Анісім з выбараў стала тое, што не былі ўнесеныя змены ў выбарчае заканадаўства. Спадар Трусаў прыгадаў, што патрабаванне аб змене заканадаўства ён агучыў аж па нацыянальным тэлебачанні. «Хаця б перафарматуйце папярэдняе галасаванне! Таму што калі 30% заганяюць на папярэдняе галасаванне, то хто вас будзе прызнаваць? У нармальнай краіне, калі ёсць папярэдняе галасаванне, гэта паўадсоткі, нейкія адзінкі галасуюць», — кажа Трусаў.

Канешне, сябры ЦВК заявілі, што змяніць заканадаўства немагчыма, на што Трусаў заўважыў: ён сам быў дэпутатам, і за значна больш кароткі прамежак часу прымаліся больш лёсаносныя рашэнні. «Незалежнасць прымалі за гадзіну», — сказаў Трусаў.

«Паколькі нашыя прапановы, якія былі агучаныя на ўсю Беларусь, не былі прынятыя, мы вырашылі так: раз сітуацыя ў нас такая… То правільна казала Ярмошына, што рыхтавацца да выбараў трэба на наступны дзень пасля папярэдніх выбараў. Таму мы не спыняем фармаванне сваёй каманды. Мы хочам да наступных выбараў ужо зараз пачаць ствараць нармальную вялікую каманду, некалькі тысячаў чалавек ініцыятыўнай групы, з каардынатарамі, з праграмай і гэтак далей», — сказаў Трусаў.

Гэта і ёсць «абяцанне вярнуцца» Анісім. Яна з паплечнікамі будзе (прынамсі, мае намер) рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

«Зараз мы звяртаемся да дэмакратычнай грамадскасці Беларусі: калі не здолелі абраць адзінага перад выбарамі, трэба думаць пра гэта падчас выбараў. І не выключана, што на будучых выбарах спадарыня Алена можа разглядацца, як адна з кандыдатур для абрання адзінага кандыдата. Бо зразумела, што пакуль у апазіцыі не будзе адзінага кандыдата, перамогі не можа быць, нават калі зменіцца заканадаўства», — сказаў Трусаў.

Алег Трусаў паабяцаў вылучыць Анісім у прэзідэнты ў 2020-м годзе

«Таму мы не спыняем нашую дзейнасць, будзем павялічваць сваю групу, распаўсюджваць сваю праграму, і будзем пільна назіраць за гэтым працэсам, які называецца выбарамі», — заявіў Трусаў.

Пра падтрымку нейкага іншага дэмакратычнага кандыдата на сёлетніх выбарах Алена Анісім адказала проста: «На сённяшні дзень афіцыйна ніхто да нас не звяртаўся аб тым, каб скаардынаваць нашыя намаганні. Былі нейкія намёкі, але на сённяшні дзень прамых адкрытых прапановаў аб аб’яднанні нашых намаганняў не было. Магчыма, штосьці зменіцца заўтра, але гэта будзе заўтра».

І праяўляць ініцыятыву ў гэтым Анісім не збіраецца. На пытанне, ці магла б яна сама выступіць каардынатарам такіх намаганняў, яна адказала: «Я павінна гэта абмеркаваць са сваёй ініцыятыўнай групай. Таму што, ведаеце, людзі, асабліва ў партыях, часам прымаюць рашэнне, на каго працаваць, не пытаючыся ў сябраў сваёй партыі. Такі падыход да людзей для мяне непрымальны. Людзі самі вызначаюцца, на каго ім працаваць, з кім ім быць у камандзе. Асабістае меркаванне? Калі мне паступяць такія прапановы, значыць, я тады буду думаць, і тады скажу».

Не дачакаюцца падтрымкі ад гэтай каманды і стваральнікі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча. Трусаў увогуле лічыць гэтую ініцыятыву незразумелай. «Калісьці я быў у камандзе па вызваленні Казуліна, і ў мяне шмат пытанняў да гэтай ініцыятывы. Я лічу, што збіраць ініцыятыўную групу… Ці варта гэта рабіць? Бо ўзнікае момант: пашпартныя дадзеныя. Нават у нашай групе як падпісацца — дык усе «за», а як узніклі пашпартныя дадзеныя, то не ўсе іх даюць. Кажуць, выбачайце, заўтра мяне па гэтых пашпартных дадзеных з працы выганяць ці з універсітэту выключаць. І зараз гэтыя людзі самі панясуць гэтыя пашпартныя дадзеныя, а потым мы атрымаем што? Новых палітвязняў? Таму я лічу, што змагацца за Статкевіча і іншых палітвязняў трэба ўвесь час, незалежна ад таго, будуць выбары ці не будуць. Я не прыхільнік такіх дзеянняў — здаваць пашпартныя дадзеныя людзей і падставіць іх потым пад рэпрэсіі», — патлумачыў старшыня ТБМ.

Анісім чакае, калі яе афіцыйна запросяць далучыцца да каманды дэмакратычнага кандыдата

«Ёсць дзве тактыкі кампаніі. Гэта ісці на выбары да канца, што б там не было, і ісці, каб перамагаць. Каб ісці толькі для таго, каб паказаць волю і гатоўнасць ісці да канца, гэта адно. Але я разумею, што ў дадзеным выпадку перамагчы не ўдасца. Таму я не толькі прыслухалася да голасу каманды, але прыняла гэтае рашэнне, бо я прывыкла дасягаць поспеху ў тых справах, за якія я бяруся. Таму сённяшняе рашэнне рэальнае. Можа быць, мы можам гіпатэтычна шкадаваць аб нейкіх нерэалізаваных магчымасцях. Але на самой справе мы разумеем, што мы патрацім намаганні, якія не прынясуць тых вынікаў, на якія мы разлічваем», — заключыла Анісім.

У далейшых планах гэтай групы грамадзянаў — проста працяг працы Усебеларускага кангрэса за незалежнасць.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-07-01 01:51:14
"Як паведаміў старшыня ТБМ Алег Трусаў, галоўнай падставай зняцця Анісім з выбараў стала тое, што не былі ўнесеныя змены ў выбарчае заканадаўства". Цікава, што яшчэ тыдзень таму сп.
Трусаў на сайце ТБМ (і праз газету "Наша слова") заклікаў людзей далучацца да ініцыятыўнай групы А. Анісім, плануючы сабраць 2000-2500 заяў... Відаць, 23 чэрвеня былі шансы на змены ў
выбарчым заканадаўстве, а ўжо 30 чэрвеня іх не стала. Мудра.

Каментаваць