Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Апазіцыя як донар беларускага бюджэта

Ноў-хаў беларускіх уладаў апошніх пары гадоў — не саджаць апазіцыянераў за несанкцыянаваныя акцыі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску (у іншых рэгіёнах — свае «санаторыі»), але абкладаць іх непамернымі штрафамі. І пасля Новага году гэтая тэндэнцыя не змяняецца.

5-га студзеня суддзя Ленінскага раёна сталіцы Андрэй Камушкін пакараў кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку на 50 базавых велічыняў (1 150 дэнамінаваных рублеў, альбо амаль 575 долараў ЗША) за ўдзел у пікеце ў падтрымку тэлеканала «Белсат», якому рэальна пагражае закрыццё. Акцыя адбылася 20 снежня мінулага году каля будынку адміністрацыі афіцыйнага беларускага лідара.

Таксама ў чацвер на тыя ж 50 базавых адзінак судом таго ж Ленінскага раёна Мінска за ўдзел у гэтым жа пікеце аштрафаваны сустаршыня аргкамітэту па стрварэніі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, якога толькі ў 2016 годзе за прысутнасць на пратэстных акцыях прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці (натуральна, з наступнымі пратаколамі ды велізарнымі штрафамі) 15 разоў.   

Усяго сума штрафаў для апазіцыянераў за мінулы год, паводле некаторых дадзеных, ужо перавысіла 100 тысяч долараў у пераліку. І мінулым годам, як бачым, гэтая справа не скончылася. Раней апазіцыянераў нават за самую малую правіну (з пункту гледжання праваахоўных органаў і судоў) наўпрост адпраўлялі на «суткі», пераважна 10-15, а потым, пасля змянення ў адміністрацыйным заканадаўстве, і на 25-30, а то і болей. Але перавыхаваць сваіх апанентаў такім чынам улада не здолела. Дык што рабіць? А біць грашыма. Вось і апынаюцца праціўнікі рэжыма ў стане, калі яны запазычыліся ўладам тысячы долараў.

Калі няма грошай заплаціць штрафы, разлічыся маёмасцю, мяркуюць улады. Апошні прыклад таму — сітуацыя з домам кінарэжысёра-дакументаліста і грамадскай дзяячкі Вольгі Мікалайчык. Гэтая жанчына летась (ды і раней) брала ўдзел у бальшыні акцыяў апазіцыі, у судовых працэсах над іншымі актывістамі, за што таксама шматкроць штрафавалася. І вось цяпер судовыя выканаўцы наклалі арышт на яе дом у Мінску, бо Вольга Мікалайчык не мае грошай, каб сплочваць шматтысячныя штрафы, ды, у прынцыпе, і не збіраецца гэтага рабіць, бо не лічыць сябе вінаватай у нейкіх правапарушэннях. Яна звяртае ўвагу, што выключна выкарстоўвала сваё гарантаванае Канстытуцыяй краіны права на свабоду слова і выказванняў.

Відаць, зусім кепска ў дзяржаве з грашыма. Як вядома - і гэта проста сорам для любой краіны, — калі штрафы афіцыйна закладаюцца ў бюджэт. Таму чыноўнікі абкладаюць гэтымі штрафамі і прадпрымальнікаў, і апазіцыю. Па-першае, трэба выконваць той самы бюджэт (а іншыя артыкулы, як тое знешні гандаль, хутчэй за ўсё, зноўку могуць апынуцца ў мінусе), па-другое, неабходна расцерушыць апанентаў улады ў фінансавым плане. І, дарэчы, некаторыя актывісты насамрэч ужо адмаўляюцца ад актыўнай дзейнасці. Так што гэткія крокі з боку чынавенства не самыя бязглуздыя (з іх гледзішча).

У той жа час, апазіцыі ўсё цяжэй давесці да Захаду (які мяркуе, што калі няма масавых затрыманняў і арыштаў, то ўнутрыпалітычная сітуацыя паляпшаецца), што ў нашай краіне мае месца адсутнасць рэальных пераменаў. Бо несупастаўляльныя з даходамі грамадзянаў штрафы для многіх з іх насёння яшчэ горшыя, чымся адміністратыўныя арышты. На гэта і разлічвае рэжым.

Можна з упэўненасцю сказаць: сітуацыя ў эканоміцы, як гэта і прагназуюць эксперты, сёлета не палепшыцца, а пазыкі (у 2017 годзе трэба будзе выплаціць больш за 5 мільярдаў долараў) аддаваць трэба. У такім выпадку ўлада будзе лічыць кожную капейчыну, павялічваючы падаткі, мыты, акцызы і, натуральна, шукаючы крыніцы для папаўнення бюджэту за кошт штрафаў. Так што спагнанні з Лябедзькі і Севярынца на пачатку бягучага году, на вялікі жаль, далёка не апошнія. Тут не трэба быць Настрадамусам.

Каментаваць