Апазіцыя: што далей?

Пасля чарговай «элегантнай перамогі» Аляксандра Лукашэнкі (цуда, зразумела, не адбылося) заўсёды паўстае пытанне: што далей? Што будзе рабіць апазіцыя? Якія высновы зробленыя з чарговай прэзідэнцкай кампаніі?



Лідары «непрымірымай апазіцыі», — Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька — нават не сталі чакаць афіцыйнага абвяшчэння так званых вынікаў так званых выбараў. Сапраўды, чаго чакаць, калі і так усё зразумела? А таму ўвечары 11 кастрычніка сабраліся ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, каб заявіць: не ўсё яшчэ страчана. Мы, маўляў, яшчэ паваюем.

«Сёння а восьмай вечара завяршылася палітычная кампанія пад назвай «выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яна скончылася цалкам прадказальна. Было заяўлена, што сапраўдны прэзідэнт — гэта прэзідэнт, які мае не менш за 82%, і гэта спраўджана. Мы сабралі прадстаўнікоў СМІ найперш лдля таго, каб заявіць, што сыграны беларускім рэжымам выбарчы спектакль выбарамі не лічым і гэтыя выбары не прызнаем», — заявіў Уладзімір Някляеў.

«Падстаў для непрызнання больш чым дастаткова, — працягнуў ён. — Мы хочам звярнуць увагу не толькі на парушэнні, зафіксаваныя незалежнымі назіральнікамі, але і на псіхалагічны клімат, створаны падчас гэтай кампаніі 2015 года. Ніколі яшчэ рэжым гэтак гвалтоўна рэжым не заганяў людзей на выбарчыя ўчасткі дзеля датэрміновага галасавання… Ніколі яшчэ так нахабна не скарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Таму гэты палітычны спектакль можна назваць як заўгодна, толькі не выбарамі. Гэта здзек з народу, здзек з правоў грамадзян Беларусі».

Някляеў і ягоныя калегі, канстатаваўшы тое, што і так усім зразумела, заклікалі грамадзянаў Беларусі і міжнародную супольнасць менавіта так ацаніць вынікі гэтага працэсу і гэтыя выбары ні ў якім разе не прызнаваць. «Прызнанне выбараў прывядзе да катастрафічных наступстваў для нашай краіны і нашага народа», — зазначыў Някляеў.

Насамрэч, ёсць вялікі сумнеў у тым, што, пры ўсім нашым працэсе выбараў — ад рэгістрацыі ініцыятыўных групаў да падліку галасоў, — гэтыя выбары могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю. Чаго вартыя толькі 35% датэрміновага галасавання, на якім лёгка і амаль стопрацэнтна фальсіфікуюцца вынікі гэтага «волевыяўлення».

 Мікалай Статкевіч адзначыў, што адбылося нават пагаршэнне выбарчага працэсу.

 Бо «ў 2010-м годзе былі кандыдаты, якія звалі людзей на Плошчу. Зараз Лукашэнка перасцярогся, і ўжо не было каму зваць людзей на Плошчу, каб абараніць іхнюю перамогу».

Тым не менш, па словах Статкевіча, прысутныя «скарысталі гэтую кампанію, каб пашырыць прастору свабоды для беларусаў», што выявілася ў правядзенні чатырох несанкцыянаваных супольных вулічных акцыях, і «па факце даказалі права беларусаў на свабоду сходаў».

«На жаль, гэта былі вельмі сціплыя задачы, але мы іх выканалі», — зазначыў Статкевіч.

І ён таксама падкрэсліў, што з дапамогай Аляксандра Лукашэнкі амаль выкананая і другая задача — непрызнанне гэтых выбараў. «Тое, што адбывалася пад час гэтых выбараў, яно сведчыць само за сябе», — лічыць Мікола Статкевіч.

І Статкевіч патлумачыў, чаму журналістаў сабралі амаль уначы. Гэта было зроблена для таго, каб грамадства, пабачыўшы афіцыйныя лічбы галасавання, якія будуць агучаныя 12 кастрычніка, не ўпала ў дэпрэсію, як гэта адбылося ў 2010-м годзе. І таму Статкевіч адразу ж заявіў пра планы. Каб усе ведалі — апазіцыя будзе змагацца, і здавацца не збіраецца.

«Па факце ўчора (маецца на ўвазе шэсце ў Мінску 10-га кастрычніка. — «НЧ») пачалася кампанія «Уладу народу!». Лукашэнка скраў выбары, і ён скраў магчымасць у беларусаў ставіць і мяняць уладу. І мы на мэце нашай кампаніі ставім вяртанне ўлады народу», — заявіў Статкевіч.

Як сказаў Статкевіч, пачынальнікі кампаніі будуць заклікаць далучыцца да яе астатнія дэмакратычныя сілы і грамадзянаў Беларусі, праводзіць яе ў розных формах, і працягваць вулічную актыўнасць. Наступная вулічная акцыя запланаваная на канец лістапада гэтага года, і прымеркаваная яна будзе да ўгодкаў рэферэндуму 1996-га года, «па выніках якога спадар Лукашэнка здзейсніў антыканстытуцыйны пераварот», — заявіў Статкевіч.

Статкевіч даў уладзе час да пачатку другой паловы 2016-га года. «Калі за гэты час улада не пойдзе на саступкі народу і не верне народу выбары, не будуць унесеныя рэальныя змены ў выбарчае заканадаўства, якія зробяць удзел у выбарах маючым сэнс, тады ў беларускага грамадства застанецца толькі адзін сродак вяртання ўлады народу. І, на жаль, ён не будзе звязаны ўжо з выбарамі… Сацыяльная напружанасць будзе расці непазбежна, бо эканамічная мадэль беларускага рэжыму вычарпала сябе. І калі Лукашэнка не пагодзіцца на рэформы найперш палітычныя, то беларускі народ забярэ ў яго назад сваю ўладу сілай. У гэтага чалавека забраць можна, мабыць, толькі вырваўшы з зубоў. Вось са сківіцай і вырве. Хай сабе спадар Лукашэнка вырашае, які варыянт для яго больш прыдатны. Мы б хацелі першы варыянт, а калі не атрымаецца — будзе другі», — паабяцаў Статкевіч.

Анатоль Лябедзька патлумачыў, што кампанія «Уладу народу!» будзе грунтавацца на трох накірунках дзейнасці, «дастаткова шырокіх, каб кожная арганізацыя, зыходзячы са сваіх спецыфічных мэтаў і задачаў магла далучыцца». Першы накірунак — дзяржаўнасць і суверэнітэт. Ён палягае, найперш, у закліку да міжнароднай супольнасці і працай з гэтай супольнасцю дзеля таго, каб не прызнаваць вынікі выбараў гэтай кампаніі легітымнымі, і адпаведна, не прызнаваць законным пяты тэрмін прэзідэнцтва Лукашэнкі. Калі Лукашэнку не прызнаюць легітымным, то і любы ягоны подпіс на міжнародных дакументах (напрыклад, пад дамовай аб стварэнні ў Беларусі расійскай вайсковай базы) нельга будзе лічыць законным.

Другі накірунак — свабодныя, сумленныя і справядлівыя выбары. «Ужо ў лістападзе мы прапануем усім зацікаўленым палітычным сілам падпісаць заяву-зварот, якія змены ў выбарчае заканадаўства неабходна ўнесці за шэсць месяцаў да парламенцкай выбарчай кампаніі», — заявіў Лябедзька. І дамагацца таго, каб усе крэдыты і іншая «спонсарская дапамога», напрыклад, ад МВФ, выдаваліся ў залежнасці ад таго, наколькі рэальна Лукашэнка будзе праводзіць палітычныя і эканамічныя рэформы. Калі такіх рэформаў не будзе — не будзе, адпаведна, і грошай.

Трэці накірунак — пазітыўная эканамічная праграма.

З гэтым апазіцыя і пойдзе да народа ў бліжэйшыя часы.

І не толькі да народа. Выключна Уладзімір Някляеў прызнаў, што і апазіцыя пад час гэтай прэзідэнцкай кампаніі павяла сябе не лепшым чынам. «Беларуская дэмакратычная апазіцыя таксама не выявіла салідарнасці, гатоўнасці адстойвайь права народа на выбар належным чынам. Апазіцыя не вылучыла адзінага кандыдата, не змагла дамовіцца па адзінай стратэгіі, не змагла з’яднацца. Па гэтай прычыне мы бачым сітуацыю, якую інакш, чым ганебнай, — я маю на ўвазе ў адносінах да апазіцыі, не назавеш. Трэба мяняцца, трэба ўрэшце падыходзіць да палітычных кампаній так, як мусіць падыходзіць дэмакратычная апазіцыя ў сітуацыі, калі краінай кіруе аўтарытарны лідар», — сказаў Някляеў.

І, канешне ж, журналістаў вельмі цікавіла адно. Падчас гэтай прэс-канферэнцыі нешматлікая колькасць людзей у цэнтры Мінска пратэставала супраць прайшоўшай кампаніі. Чаму лідары, якія прэтэндуюць на адраджэнне «вуліцы», не з імі?

Уладзімір Някляеў нагадаў, што ў 2010-м годзе кандыдаты ў прэзідэнты заклікалі на людзей на Плошчу не толькі для таго, каб людзі выказалі сваё стаўленне да выбараў, але і для таго, каб яны абаранілі свае галасы, якія ў іх скралі фальсіфікацыямі. А сёння ніводзін з кандыдатаў не заклікаў людзей абараняць галасы, пададзеныя за яго. «Калі ім не патрэбныя свабодныя справядлівыя выбары, яры ставяць перад сабою іншыя мэты, падтанцоўваюць уладзе, тады людзі пытаюцца: «А чаго мы на гэтую плошчу пойдзем?» — зазначыў Някляеў.

А арганізатары ўсіх апошніх несанкцыянаваных вулічных акцый, ацаніўшы пратэстны патэнцыял, «Плошчы» вырашылі не рабіць. Пакуль што.

Каментаваць