Апошняя ў Еўропе

10 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Беларускія праваабаронцы з гэтай нагоды зладзілі шэраг акцый. У прыватнасці, раздавалі інфармацыйныя матэрыялы пра тое, чаму смяротнае пакаранне мусіць быць адмененае ў Беларусі, быў прэзентаваны фільм «Убыл по приговору».



Ініцыятыва штогод адзначаць дзень супраць смяротнага пакарання належыць Сусветнай кааліцыі па забароне смяротнага пакарання. Кааліцыя аб’ядноўвае каля сарака праваабарончых арганізацый, у тым ліку «Міжнародную амністыю», а таксама адвакацкія аб’яднанні, прафсаюзы, мясцовыя і рэгіянальныя органы ўлады. У верасні 2007 года Камітэт міністраў Савета Еўропы прыняў рашэнне заснаваць у рамках Сусветнага дня Еўрапейскі дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. Бо менавіта Еўропа ад 1997 года дэ-факта з’яўляецца прасторай, вольнай ад смяротнай кары.

Сёння Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. Асноўнай перашкодай для ўваходжання з’яўляецца наяўнасць у краіне смяротнага пакарання. У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), але ўжо ў 1996 быў пазбаўлены гэтага статусу пасля рэферэндуму, які ўзаконіў смяротнае пакаранне.

«Убыл по приговору», — словы, якія чуюць сваякі расстраляных у сучаснай Беларусі. Гэта стандартная фраза, якой паведамляюць пра тое, што чалавек пакараны смерцю. «Убыл по приговору» — гэта казённая формула, адпаведнік слова «расстрэл», прыйшла ў сучасную Беларусь яшчэ з савецкіх інструкцый, дзе змяніла сумнавядомае «10 лет без права переписки».

«Убыл по приговору» — другі фільм, зняты ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». Першы фільм «Прычына смерці — прочырк» быў прысвечаны праблеме нявыдачы цел сваякам расстраляных, а таксама ставіў пытанні: чаму дзяржава робіць таямніцу з выканання смяротных прысудаў, чаму ў пасведчанні аб смерці ў графе «прычына смерці» стаіць прочырк?

У фільме «Убыл по приговору» ўздымаецца праблема існавання катаў — людзей, якія ад імя дзяржавы прыводзяць у выкананне.

Рэжысёр фільма Віктар Трацякоў гаворыць, што тэма смяротнай кары цяжкая для асэнсавання і распрацоўкі, бо даводзіцца сустракацца з людзьмі, якія сутыкнуліся з фактам смяротнай кары. «І калі манціруеш фільм, глядзіш на гэтых людзей, многа разоў чуеш іх каментары, то, канешне, уключаецца ўяўленне, сам перажываеш усё глыбока. Пасля працы над такім матэрыялам патрэбны час, каб абстрагавацца», — прызнаецца рэжысёр. Віктар Трацякоў распавядае, што былы начальнік СІЗА №1 Алег Алкаеў, які стаў героем фільма, бо асабіста кіраваў выкананнем пакаранняў, прапануе не проста ладзіць інфармацыйныя кампаніі за адмену смяротнага пакарання, а сабраць неабходную колькасць подпісаў ды перадаць іх у парламент, тады дэпутаты будуць проста вымушаныя неяк рэагаваць на ініцыятыву.

Аўтарка сцэнару Паліна Сцепаненка распавяла, што ёсць задума стварыць шэсць кароткіх відэаролікаў, якія будуць распавядаць пра агульнавядомыя аргументы супраць смяротнай кары. Гэта, напрыклад, незваротнасць смяротнага пакарання — магчымасць судовай памылкі. Можна паводле рашэння суда забіць невінаватага чалавека, але ўваскрэсіць яго немагчыма. Чалавек не мае права забіраць жыццё іншага чалавека. Забойства — не правасуддзе. Адсутнасць прэвентыўнага эфекту — смяротнае пакаранне не папярэджвае новыя злачынствы і г. д.

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла падкрэслівае, што дзяржава не можа выносіць пытанне аб адмене смяротнага пакарання на рэферэндумы, бо гэта палітычнае рашэнне. А грамадства трэба выхоўваць. «Жыццё даказвае, што тыя, хто супраць смяротнай кары, маюць больш грунтоўных аргументаў, чым тыя, хто падтрымліваюць такі від кары», — гаворыць праваабаронца, які, між іншым, нарадзіўся ў лагеры, дзе адбывала тэрмін яго рэпрэсаваная маці. Таксама Гары Паганяйла звяртае ўвагу на тое, што людзі, якія выконваюць смяротнае пакаранне, як бы іх ні рыхтавалі да гэтай працы, у выніку маюць скалечаную псіхіку, бо «гвалт не прыносіць нічога пазітыўнага».

Паводле звестак «Міжнароднай амністыі» і кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана смерцю больш за 400 чалавек.
 

Каментаваць