Апошні айчынны гранатамёт

Дэкларацыя аб незалежнасці і суверэнітэце Беларусі набыла статус канстытуцыйнага закона 25 жніўня 1991 года. Што было б, калі б гэтага не здарылася?

Фота radzima.by


У тыя часы было шмат спрэчак наконт таго, што важней: кілбаса ці мова? Нацыянальныя сімвалы альбо поўныя тавараў крамы? Але менавіта Дэкларацыя аб незалежнасці стала першым крокам да выхаду з эканамічнай галечы.

Мала хто памятае, што разам з наданнем Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закону, у той жа дзень былі прынятыя пастановы аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці рэспублікі.

Каб не было Дэкларацыі — не было б і спробаў абараніць унутраны спажывецкі рынак. Эшалоны з прадуктамі, якіх самім беларусам не хапала, па-ранейшаму ішлі б «на Маскву». Ужо тады грамадзяне сінявокай ездзілі ў Расію, каб закупіцца там беларускай кілбасой. У выніку ўводу Дэкларацыі ў дзеянне мы сталі абараняць свой рынак. І слова «дэфіцыт» пачало знікаць з ужытку.

Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «91» згадвае, як ён спускаў з лесвіцы Вярхоўнага Савета Уладзіміра Жырыноўскага. І, сярод іншага, піша, што Жырыноўскі прывозіў просьбу прадаць ягонай партыі шэсць аўтамабіляў МАЗ «па старых коштах».

Не было б Дэкларацыі аб незалежнасці і пастановаў аб самастойнасці рэспублікі — усю краіну вывезлі б у Расію «па старых коштах».


Фота Bacian_photo's Bucket


У выніку надання рэальнай моцы Дэкларацыі аб незалежнасці мы адарваліся ад адзінага саюзнага эмісійнага цэнтру, і пазней у нас з’явіліся свае грошы.

Шмат хто з тагачасных камуністычных босаў наракае: прынялі Дэкларацыю, развалілі СССР, парушылі ўсе эканамічныя сувязі… Але калі б гэтага не было? Беларусь засталася б у складзе Расіі, эканамічна і фінансава залежная ад Масквы. У выніку мы б атрымалі тут спачатку «чырвоных дырэктараў», якія б хутка ператварыліся ў алігархаў. І ў 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка не мог бы гудзець з тэлевізара: «Я запушчу заводы!» Заводаў, якія б можна было б запускаць, проста не было б. Мы прайшлі б праз той жа перыяд бандыцка-алігархічнага фармавання капіталу, праз які прайшла Расія. І нічога добрага ў гэтым няма.

І былі б мы зараз яшчэ адным ці некалькімі «датацыйнымі расійскімі рэгіёнамі». Праўда, ставіліся б да нас не так, як да расіянаў, а значна горш. Як зараз ставяцца адэпты «рускага міру»: як да другаснай нацыі, «бульбашоў-калгаснікаў». І гарматнага мяса ў тым ліку.

Каб мы не заявілі пра сваю самастойнасць у 1991-м, мы б, зразумела, засталіся з Расіяй. І, адпаведна, павінны былі б удзельнічаць ва ўсіх войнах і канфліктах, у якія так ці інакш улазіў «старэйшы брат». А іх нават цяжка падлічыць. Прыднястроўе ў 1992-м, першая і другая Чачэнскія войны, «антытэрарыстычныя аперацыі», якіх не сканчаюцца і дасюль, вайна з Грузіяй 2008-га, Украіна зараз, — тое, што згадваецца імгненна. Паўсюль бы ваявалі «браткі-беларусы».

Ці здолелі б мы дамагчыся незалежнасці, каб не ўзялі яе ў 1991-м? Наўрад ці. Нават нягледзячы на словы тагачаснага кіраўніка Расі Барыса Ельцына, што «хай бяруць незалежнасці, колькі могуць праглынуць», расійскія рэгіёны, якія гэтага жадалі, так і не змаглі стаць менш залежнымі ад «цэнтру», і нават не пашырылі сваю аўтаномію. А хто гэтага вельмі моцна жадаў, таго, нягледзячы на абяцанкі, нікуды не адпускалі. Напрыклад, тая ж Чачэнская рэспубліка Ічкерыя. 8 чэрвеня 1991 года Джахар Дудаеў абвясціў стварэнне незалежнай дзяржавы, а ўжо 7 лістапада таго ж года той жа самы Барыс Ельцын падпісаў указ пра ўвядзенне ў «Чачэна-Інгушскай Рэспубліцы» надзвычайнага становішча.

Чытайце таксама: Жнівеньскі путч і Дзень незалежнасці 

Дарэчы, гэта была першая «гібрыдная» вайна. З лета 1994 года ў Чачні разгарнуліся баявыя дзеянні паміж вернымі Дудаеву войскамі і сіламі апазіцыйнага «Часовага савету Чачэнскай Рэспублікі», неафіцыйна падтрыманымі Расіяй. Гэта стала вядома, калі ў палон да прыхільнікаў Дудаева трапіў шэраг расійскіх вайскоўцаў, якія «змагаліся на баку апазіцыі» па кантракце з Федэральнай службай контрвыведкі.

Калі мне кажуць пра гадавіну ГКЧП, прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі, прыняцця Канстытуцыі і іншыя юбілеі з айчыннай гісторыі, мне заўсёды згадваецца грубы армейскі анекдот. Калі генерал з праверкай прыязджае на вучэнні і пытаецца ў байца, якую яму баявую задачу паставіў камандзір. А той адказаць нічога не можа. «Што табе афіцэр казаў, калі цябе сюды ставіў?» — ужо па-простаму кажа генерал. «Не згубі гранатамёт, прыдурак», — адказвае баец.

Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі з наданнем ёй статусу Канстытуцыйнага закону сапраўды ператварылася ў «апошні гранатамёт» краіны, які ніяк не можна згубіць. Менавіта дзякуючы ёй, яе стваральнікам і падпісантам, мы не трапілі ў надзвычай жорсткую пастку ўсходняга «брата». Дзякуючы тым падзеям мы здолелі стаць краінай. І ўсе далейшыя «інтэграцыйныя памкненні» так ці інакш разбіваліся ў тым ліку аб канстытуцыйны прынцып Дэкларацыю аб незалежнасці.

Якой краінай мы сталі — гэта ўжо іншае пытанне. У прынцыпе, вырашэнне гэтага пытання да сёння залежыць ад нас. І гэтае права выбару шляху свайго развіцця — таксама вялікая заслуга дэпутатаў, якія дамагліся прыняцця тых дакументаў.



Каментаваць