Апытанне: Улада — найбольш верагодны ініцыятар пераменаў у Беларусі

Амаль траціна беларусаў лічыць, што галоўным рухавіком трансфармацыйных працэсаў у краіне можа быць менавіта ўлада.
Беларуская аналітычная майстэрня (BAW) па просьбе Thinktanks.by уключыла ў маніторынг грамадскай думкі беларусаў пытанне: «Хто найбольш верагодна можа стаць ініцыятарам пераменаў у Беларусі?». Людзям прапаноўвалася даць ўсяго адзін адказ. У апытанні прыняло ўдзел 1064 чалавека па рэпрэзентатыўнай выбарцы.

Часцей за ўсё рэспандэнты адказвалі, што самым верагодным лакаматывам мадэрнізацыі з’яўляецца ўлада. Гэтага пункту гледжання прытрымліваліся 31,2% апытаных.

На другім месцы па папулярнасці апынуўся адказ «грамадзянская супольнасць» — 25,5%, і толькі на трэцім — «апазіцыя» — 16,6%.

Бізнэс у якасці ініцыятара пераменаў у Беларусі назвала 10,4% апытаных.

12,9% рэспандэнтаў шчыра прызналіся, але што не ведаюць адказу на гэта пытанне.

2,7% апытаных сказалі, што найбольш верагодным ініцыятарам пераменаў з’яўляюцца іншыя сілы.

Яшчэ 0,7% прымалі ўдзел у апытанні адмовіліся ад адказу.

Як пракаментаваў дадзеныя вынікі сацыёлаг і палітолаг Сяргей Нікалюк, уся сутнасць беларускай мадэлі будуецца на тым, што ўлада — адзіны суб’ект любых палітычных дзеянняў.

«Калі хто-небудзь іншы спрабуе здзяйсняць дзеянні, якія могуць быць расцэненыя, як палітычныя, адразу пачынаюцца размовы пра тое, што хтосьці разгойдвае лодку», — адзначыў Сяргей Нікалюк. Паводле яго слоў, у Беларусі ўсе сферы, якія магчыма, даўно манапалізаваныя ўладай. Беларусы за гэта прагаласавалі яшчэ ў 1994 годзе. А таму няма нічога дзіўнага, што найбольш верагодным ініцыятарам пераменаў у краіне людзі лічаць менавіта ўладу.

«31% апытаных, якія так адказалі — нават неяк замала» — панаракаў эксперт.

Разам з тым, наяўнасць прыхільнікаў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі ён патлумачыў дадзенымі НІСЭПД, паводле якіх каля 30% рэспандэнтаў на працягу практычна ўсіх гадоў, калі дадзеная структура праводзіла апытанні ў Беларусі, не падтрымлівалі ўладу. Паводле яго слоў, гэтыя людзі таксама паступаюць і цяпер.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-05-03 13:39:24
Уключаць такія пункты, як "грамадзянская супольнасць" і "апазіцыя", у апытальнік - не самы разумны крок, бо спярша трэба пераканацца, што рэспандэнты разумеюць сэнс гэтых слоў. Я, напрыклад, не ведаю, што такое "апазіцыя" ў РБ-2018 :)

Каментаваць