«Аршанская бітва»

Беларуская мадэль скача ў будучыню на адной назе. Роля грамадзянскай супольнасці зведзеная ў ёй да мінімуму, і таму ўся адказнасць за інавацыі ўскладзеная на чыноўнікаў. Але ці існуе ў прыродзе нешта больш несумяшчальнае, чым чыноўнік і ініцыятыва?


«Усе аўтарытарныя лідары, — сцвярджае расійскі публіцыст Барыс Гразоўскі, — у нейкі момант губляюць сувязь з рэальнасцю. Нават калі пачатак праўлення быў шматабяцальным, у пэўны момант яны пачынаюць паводзіць сябе неадэкватна. Насельніцтва плаціць за гэта альбо жыццямі, альбо стратай дабрабыту».

Першы від плацяжу для беларусаў пакуль яшчэ не актуальны, чаго, на жаль, не скажаш пра другі. Звернемся да афіцыйнай статыстыкі. Тры пяцігодкі беларуская мадэль генеравала двухзначны рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва. Але за кошт чаго быў дасягнуты такі поспех і чаму рост змяніўся падзеннем? Тлумачэнне аўтараў мадэлі не выходзіць за рамкі падручніка па сацыяльнай псіхалогіі для першакурснікаў: рост быў забяспечаны правільнасцю абранага курсу, падзенне — знешнімі неспрыяльнымі абставінамі.

На такім узроўні тлумачэння рэальнасці працуе афіцыйная беларуская навука. Адкрываем, напрыклад, манаграфію «Каштоўнасны свет сучаснага чалавека», падрыхтаваную сацыёлагамі БДУ ў 2009 годзе. Поспехі беларускай мадэлі аўтары манаграфіі наўпрост звязваюць з перамогай на першых прэзідэнцкіх выбарах «маладога незалежнага палітыка»: «Менавіта ён здолеў у далейшым забяспечыць і стабілізацыю палітычнай сітуацыі, і эканамічны рост».

Згодна з аўтарскай мадэллю, постсавецкія дзяржавы ў сваім развіцці праходзяць тры этапы:

Пошукавы этап. На дадзеным этапе фармуюцца дзяржаўныя структуры кіравання і новыя палітычныя інстытуты, вызначаюцца шляхі станаўлення і развіцця дзяржавы і грамадства. Для гэтага этапу характэрныя сацыяльныя катаклізмы, радыкальнае супрацьстаянне палітычных груповак, незадаволенасць грамадзян сваім жыццём і г. д.

Стабілізацыйны этап. Этап узмацнення аўтарытэту ўлады і паступовага паляпшэння жыцця грамадзян. Для яго характэрныя прадуманыя дзеянні органаў сацыяльнага кіравання, паступовае павышэнне ўзроўню бяспекі і спакою ў грамадстве і паступовае ўмацаванне дэмакратычных інстытутаў.

Устойлівы этап. Для дадзенага этапу характэрныя высокі ўзровень і якасць жыцця грамадзян, іх абсалютная ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

У 2009 годзе Беларусь замацавалася на стабілізацыйным этапе. Да трэцяга этапу заставалася рукой падаць. Аднак з пачатку 2011 года нешта (а дакладней, усё) пайшло не так, і замест абяцанага высокага ўзроўню жыцця і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні для большасці грамадзян зноў наступіў знаёмы па «ліхіх дзевяностых» этап нездаволенасці сваім жыццём.

Вось на гэтым фоне і адбылася знакавая падзея ў гісторыі беларускай мадэлі — «аршанская бітва», і толькі на першы погляд яна скончылася пераканаўчай перамогай яе ініцыятара.


Дзе ж ты быў раней?

На думку палітолага Паўла Усава, магчымыя два тлумачэнні «аршанскай бітвы»: «Сабатаж і параліч кіравання звязаныя з банальна-традыцыйным няўменнем эфектыўна працаваць. Або прычына ў тым, што чыноўнікі чуюць «вецер пераменаў», які дзьме з усходу, і ўразлівасць Лукашэнкі, якая таксама павялічваецца. А гэта значыць, што яго ўказанні можна ігнараваць. Сістэма пачынае даваць рэгулярныя збоі — і ён гэта разумее, гэта яго пачынае моцна напружваць. Разборкі ў Оршы — гэта спроба паказаць, што ён яшчэ ў стане кіраваць і кантраляваць».

Нескладана заўважыць, што трактоўка Усава мала чым адрозніваецца ад трактоўкі адзінага палітыка (АП). Палітолаг кажа пра няўменне чыноўнікаў эфектыўна працаваць, АП — пра фармалізм, валакіту і пра адсутнасць сістэмы пры выкананні даручэнняў. Г.зн. уся справа ў выканаўчасці чыноўнікаў.

Думка не новая. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова звярнуцца да тэкстаў пасланняў, з якімі АП звяртаўся да народа і дэпутатаў на працягу апошніх 2–3 гадоў. Усе яны ўтрымліваюць раздзел, прысвечаны павышэнню эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання.

Абмяжуюся двума фрагментамі з Паслання–2017: «Ліберальны тэзіс аб тым, што органам улады трэба менш умешвацца ў эканамічныя працэсы, што рынак сам усё расставіць на свае месцы, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Ідзе каласальнае пераасэнсаванне ўсяго таго, што адбываецца ў свеце, асабліва ў Еўрапейскім саюзе». «Актыўная роля дзяржавы — гэта важная ўмова ўстойлівага, збалансаванага развіцця краіны. Асабліва гэта тычыцца Беларусі, дзе менталітэт народа стагоддзямі фармаваўся пад уплывам ідэй моцнай дзяржаўнасці».

«Аршанскую бітва» і варта разглядаць у якасці прыкладу актыўнай ролі дзяржавы ў эканоміцы. Прыгледзімся да яе больш уважліва. На Аршанскім інструментальным заводзе рабочыя працуюць на станках, «якім не адзін дзясятак гадоў». Як і чаму склалася такая сітуацыя, растлумачыць ніхто не бярэцца. Дый асаблівага сэнсу ў гэтым ужо няма, бо АП вырашыў праблему на вачах у тэлегледачоў за дзве хвіліны.

У Аршанскім раёне (хто б мог падумаць!) маецца станкабудаўнічы завод «Чырвоны барацьбіт», дырэктар якога пацвердзіў «здольнасць свайго прадпрыемства аператыўна паставіць большасць неабходнага абсталявання». Скарыстаўшыся такім падарункам лёсу, АП «даручыў арганізаваць прамыя закупкі неабходнага абсталявання як у названага прадпрыемства, так і іншых айчынных вытворцаў, а па імпарту набыць толькі тое, што яны не змогуць паставіць».

Не ўзнікла праблем з тэрмінамі пастаўкі і з цаной. Пастаўкі пачнуцца «з сённяшняга дня па існуючых цэнах».

Вось гэта па-нашаму! Лібералы прысаромленыя. З моманту распаду СССР кіраўніцтва Аршанскага інструментальнага завода сумесна з адміністрацыямі ўсіх узроўняў і чальцамі ўрада марнавалі сябе чаканнямі ад рынку, які павінен быў сам усё расставіць па сваіх месцах. Але дні складаліся ў тыдні, тыдні — у месяцы, месяцы — у кварталы, гады і дзесяцігоддзі... І так аж да 13 жніўня 2018 года, аж да дзвюх гістарычных хвілін, на працягу якіх АП прадэманстраваў актыўную ролю дзяржавы ў развіцці айчыннай інструментальнай вытворчасці.

«Дзе ж ты раней быў, калі я была дзяўчынкай?» — такімі словамі адна мая знаёмая пракаментавала гэтую гістарычную падзею.


Дзве нагі і тры ножкі

Краіны-лідары, сцвярджае расійскі публіцыст Георгій Сатараў, «з’яўляюцца пешаходамі на дзвюх нагах». Першая нага — досыць эфектыўная дзяржава (улада), другая — развітая грамадзянская супольнасць. У кожнай нагі — свая функцыя. Дзяржава адказвае за падтрыманне стабільнасці, грамадзянская супольнасць забяспечвае адаптыўнасць да знешніх і ўнутраных выклікаў.

Будучыня прынцыпова непрадказальная, таму жорсткія дзяржаўныя структуры не могуць ёй даць рады. Тут будзе дарэчы ўзгадаць гісторыю галоўнага дзяржаўнага інвестыцыйнага праекта коштам у 10 мільярдаў долараў — беларускую АЭС. Тэрмін увядзення першага энергаблока ўжо не за гарамі, а ніхто яшчэ так і не здолеў уцямна растлумачыць АП, «як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны».

Але вернемся да Сатарава: «Хаатычная разнастайнасць грамадзянскай супольнасці спараджае запас інавацый — тэхнічных, сацыяльных, культурных, — што робіцца рэзервуарам, з якога чэрпаюцца рашэнні ў надыходзячай будучыні або генеруюцца бягучыя рашэнні. <...> Калі выказацца мовай тэорыі гульняў: у гульца з выпадковай стратэгіяй не можа выйграць ніякая дэтэрмінаваная рацыянальная стратэгія; шанец ёсць толькі ў альтэрнатыўнай выпадковай стратэгіі. Яе забяспечвае грамадзянская супольнасць».

Нескладана заўважыць, што беларуская мадэль скача ў будучыні на адной назе. Роля грамадзянскай супольнасці зведзеная ў ёй да мінімуму, і таму ўся адказнасць за інавацыі ўскладзеная на чыноўнікаў. Але ці існуе ў прыродзе нешта больш несумяшчальнае, чым чыноўнік і ініцыятыва? Пытанне рытарычнае, і прыклад Оршы тут толькі пацвярджае агульнае правіла.

З дапамогай амерыканскага эканаміста Мансура Олсана ад дзвюх ног пяройдзем да трох ножак. У сваёй кнізе «Улада і росквіт» ён тлумачыць, што стандартная тэорыя рынкаў абмяжоўваецца апісаннем попыту і прапановы, і таму нагадвае табурэтку з дзвюма ножкамі. Класікі эканамічнай навукі ў трэцяй ножцы не мелі патрэбы, бо апісвалі эканамічныя адносіны паспяховых краін. Аднак усе спробы апісаць эканамічныя рэаліі краін трэцяга свету, у тым ліку і посткамуністычных, да поспеху не прыводзілі. Тэарэтычныя канструкцыі, якія абапіраюцца выключна на попыт і прапанову, аказваліся незбалансаванымі.

Для паспяховага развіцця патрэбная трэцяя ножка ў выгля­дзе грамадзянскай супольнасці. На яе развіццё і варта было накіроўваць асноўную энергію галоўнага архітэктара беларускай мадэлі. Але на працягу амаль чвэрці стагоддзя ён рабіў дакладна наадварот. Адсюль і вынік, які перастаноўкі чыноўнікаў не выправяць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-09-08 08:32:05
Дачытаў толькі да думак польскага палітоляга дохтара польскіх аўтарытарных навук. А майстар словаблуддзя - аўтар Новага часу і дадзенага артыкулу, зразумела, нічога іншага б-ч-б пра стан беларускай эканомікі напісаць нездольны. Таварышч Нікалюк, у Беларусі тры праблемы: бел-чырвона-белыя беларусы, беларускія рускія і незалежнасць. Пасля з'яўлення першых прачнуліся другія і замест талакі ў беларускім грамадстве сталася канфрантацыя, якая замінае справе стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, дый у агонь тае канфрантацыі падліваюць масла б-ч-б СМІ-правакатары.
Сама задача стварэння з грамадства і эканомікі недакапіталізму
з дзярж уласнасцю РБ, краіны, якая знаходзіцца ў акіяне капіталізму, нечага путнага, дый з невялічкімі рэсурсамі - не мае станоўчага рашэння. То бок здабыццё незалежнасці было самай вялікай нашай гістарычнай памылкай і таму мы белорусы обречены быть нищими. Лукашенко тут ни при чем. Хотя, не решив проблему упомянутой конфронтации, Сашко конечно не прав.

Каментаваць