Асцярожна, Еўропа зачыняецца!

Закрыццё дзвярэй перад бежанцамі, у якім многія каментатары ў байнэце бачаць вырашэнне еўрапейскага міграцыйнага крызісу, можа закрыць Еўропу і для нас саміх. 



Еўропа імя Лідзіі Ярмошынай

 
 
Доўгі час мне здавалася, што Беларусь не гатовая да ўз'яднання з Еўропай не толькі праз негатоўнасць да гэтага нашых дзяржаўных інстытутаў, ганебна анахранічных, але і праз «цывілізацыйную неадпаведнасць» саміх беларусаў. Бо Еўропа — гэта перадусім сістэма каштоўнасцяў. Якіх беларусы ў масе сваёй не падзяляюць ці не разумеюць. 
 
 
Уяўленне пра «еўрапейскія каштоўнасці» ў Беларусі заўсёды было вельмі прыземленае. Напрыклад, Лідзія Ярмошына вызначала іх такім чынам: «Здаровая нацыя, здаровая сям'я, грамадства без наркотыкаў, добрыя дарогі, крамы і гэтак далей». Даследаванні НІСЭПД грамадскай думкі паказвалі, што старшыня ЦВК зусім не далёкая ад народу. З многіх варыянтаў адказу на пытанне «З чым у вас асацыюецца Еўропа?» з вялікім адрывам на першае месца выходзіў дабрабыт.
 
 
Не тое каб еўрапейцы не цанілі сям'ю, добрае здароўе, адладжаную інфраструктуру і маленькія радасці спажывання. Аднак не праз іх вызначалася ідэя Еўропы. Яна вызначалася праз такія каштоўнасці, як, напрыклад, безумоўная павага да правоў чалавека, талерантнасць, адкрытасць, «адзінства ў разнастайнасці» («in varietate concordia» — афіцыйны дэвіз ЕС). 
 
 
На мой погляд, пералічаныя каштоўнасці — найбольш незразумелыя для беларусаў. Не, чыста тэарэтычна мы можам быць за правы чалавека. Але калі справа даходзіць да практыкі... 
 
 
Адным з правоў чалавека з'яўляецца права на жыццё. Безумоўная павага да правоў чалавека ў гэтым выпадку азначае, што ніхто не мае права пазбаўляць жыцця іншага, адсюль адмена смяротнага пакарання. Андэрса Брэйвіка, забойцу 77 чалавек, што, таксама нельга пакараць смерцю? Нельга. Цьху ты! Ну, ён хаця б усё жыццё будзе заслужана пакутаваць у нечалавечых умовах? Не, не будзе, бо кожны чалавек мае права не быць падвергнутым пакаранню, якое зневажае яго годнасць. Ды яны з глузду з'ехалі ў гэтай сваёй Еўропе! 
 
 
Талерантнасць азначае павагу да чалавечай індывідуальнасці, цярпімасць да іншых спосабаў жыцця, паводзінаў і самавыяўлення, пакуль яны нікому не пагражаюць. Мы ўсё разумеем, але «барадатыя жанчыны» — гэта ўжо занадта! Гэтую вашу Канчыту Вурст трэба прымусова лячыць або ў цырку паказваць.
 
 
Адкрытае грамадства не адасабляе сябе ад чалавецтва, яно адкрытае для ўсяго новага, гэта грамадства, заснаванае на палітычнай свабодзе, гуманнасці...  Годзе, кіньце ўжо! Ведаем, да якой разнастайнасці тая гуманная адкрытасць прывяла. Панаехала рознакаляровага зброду з усяго свету, у вачах ад іх мітусіцца, і ўсе халяўшчыкі, гультаі ды злачынцы. Гнаць іх трэба ў карак, іначай нічога ад той Еўропы не застанецца. І дзверы за імі зачыніць, каб не павярнуліся! 
 
 

Беларусізацыя еўрапейцаў

 
 
Такім ці падобным чынам выказваліся не бабкі пад пад'ездам, а нашыя «chattering classes» («гаваркія класы», прадстаўнікі адукаваных пластоў грамадства, якія любяць пагутарыць пра палітычныя, сацыяльныя ды іншыя надзённыя пытанні) на сваіх старонках у сацыяльных сетках і ў каментарах на сайтах. Раней гэта гучала неяк дзікавата і маргінальна, калі мераць еўрапейскімі меркамі. Здавалася, што паміж нашым адукаваным грамадствам і еўрапейскім ляжыць каштоўнасная прорва...
 
 
Цяпер жа Еўропа стала значна бліжэй. На жаль, толькі ў тым сэнсе, што раздражнёная нецярпімасць, выкліканая страхам перад імклівымі пераменамі ў навакольным жыцці, на вачах робіцца новай нормай.  
 
«Брэйвік меў рацыю... Брэйвіка на іх няма!... Прыйшоў час выпускаць Брэйвіка!.. Брэйвіка яшчэ пры жыцці зробяць нацыянальным героем і помнік яму паставяць... Цікава, як хутка Брэйвік стане камісарам ЕС па справах міграцыі?» 
 
 
Гэтыя каментары з'яўляліся на парталы TUT.BY пад навінамі пра кёльнскія падзеі. Мадэратары, відавочна, палічылі іх дапушчальнымі. Тут яшчэ праходзіць мяжа, якая аддзяляе нас ад Еўропы. Але яна даволі тонкая, бо погляды, дзеля прапаганды якіх Андэрс Брэйвік здзейсніў масавае забойства, імкліва набіраюць папулярнасць сярод еўрапейцаў. І цяпер ужо выказваць іх не сорамна. 
 
 
Андэрс Брэйвік называў «вар'яцтвам» палітыку, якая дазволіла «навадніць» еўрапейскія краіны блізкаўсходнімі і афрыканскімі мігрантамі. Ён бачыў пагрозу ў тым, што еўрапейцы ў хуткім часе могуць стаць меншасцю ў сваіх краінах, а хрысціянства будзе выцесненае ісламам, і лічыў гэты працэс «нацыянальным знішчэннем» і «сапраўдным злом».  
 
 
Судзячы па настроях каментатараў у байнэце, гэтыя   погляды даўно падзяляе пераважная большасць беларусаў. Значная частка еўрапейцаў пад ціскам міграцыйнага крызісу і асабліва кёльнскіх падзеяў таксама стала іх выказваць. 
 
 
Раптоўнае светапогляднае збліжэнне не азначае, што беларусам стане прасцей уліцца ў еўрапейскую сям'ю народаў. Хутчэй наадварот.  
 
 

Еўропа імя Андэрса Брэйвіка

 
 
Большасць еўрапейскіх правых партыяў, чыя папулярнасць расце як на дражджах, сілкуючыся страхамі перад «засіллем» мігрантаў, гэта антыеўрапейскія партыі. Усе яны так ці іначай лічаць, што еўрапейская інтэграцыя аслабляе нацыянальныя дзяржавы, і выступаюць за тое, каб яе запаволіць, спыніць або наогул павярнуць кола гісторыі назад — да Еўропы суверэнных нацыяў. Разбегчыся зноў па сваіх нацыянальных кватэрах, зноў адгарадзіўшыся адзін ад аднаго. 
 
 
Натуральна, гэтыя партыі не падтрымліваюць далейшага пашырэння ЕС. Як дэманструе выпадак галандскага рэферэндуму супраць асацыяцыі Украіна — ЕС, яны таксама схільныя пакінуць постсавецкія краіны ў сферы ўплыву пуцінскай Расіі. 
 
 
Натуральна, што ў такой Еўропе беларусам месца не будзе. Аб'яднаная Еўропа папросту перастане існаваць. Бо яна аб'яднаная не толькі і не столькі эканамічнымі інтарэсамі, а каштоўнасцямі, сярод якіх адкрытасць, разнастайнасць, талерантнасць, пошук кампрамісаў і свабода перасоўвання займаюць вельмі важнае месца. 
 
 
Ёсць тыя, хто мяркуе, што магчымая іншая аб'яднаная Еўропа, пабудаваная на «хрысціянскіх каштоўнасцях». Яе прапагандуюць, напрыклад, славацкі прэм'ер Роберт Фіцо і ягоны вугорскі калега Віктар Орбан. Апошні сцвярджае, што існуе «прыхаваная» Еўропа, якая падзяляе ягоныя кансерватыўныя погляды, але пакуль яшчэ не наважваецца выказаць іх адкрыта. 
 
 
Стварэнне такой Еўропы занятак не менш марны, чым спрабаваць запхаць выціснутую пасту назад у цюбік. Але здзейсненая спроба стала б катастрофай. Такая Еўропа непазбежна пераўтварылася б у Еўропу імя Андэрса Брэйвіка. Бо хрысціянства, якое тут маецца на ўвазе, гэта не рэлігія міласэрнасці, спачування і любові, а «даспехі» для супрацьстаяння ісламу. Чым яно з'яўляецца і для самога Брэйвіка, «хрысціянскага атэіста». 
 
 
Спадзяюся, не трэба тлумачыць, чым абярнулася б для Еўропы дэкларатыўнае проціпастаўленне сябе ісламскаму свету.  
 
 
Што да Еўропы суверэнных нацый, у якой еўрапейцы ўжо жылі, яна была не толькі Еўропай агароджаў, Еўропай нязручнасцяў, але таксама і Еўропай разладу, Еўропай войнаў. 
 
 
Камусьці карціць паўтарыць? 
 
 

Еўропа як цуд  

 
 
Герыберт Прантл, кіраўнік аддзелу ўнутранай палітыкі Süddeutsche Zeitung, у 2014 годзе назваў Еўрапейскі Саюз «незаслужаным раем»: 
 
 
«Еўрапейскі саюз — гэта найлепшае, што калі-небудзь адбывалася з Еўропай за яе доўгую гісторыю. Гэта сусветны цуд. Яна мае Еўрапейскую хартыю асноўных правоў, свабоды перамяшчэння, а значыць, і права на прытулак і абарону ад дэпартацыі, высылцы і экстрадыцыі, гэты цуд ўключае абарону людзей, якія пераследуюцца на радзіме. Еўрапейскі саюз з'яўляецца завяршэннем амаль тысячагадовай вайны ўсіх супраць усіх. Гэта незаслужаны рай для людзей усяго кантынента».  
 
 
Як мы памятаем з гісторыі пра рай, дзякуючы хрысціянскім караням нашай культуры, парушэнне прынцыпаў, на якіх ён быў заснаваны, прывяло да таго, што праект закрыўся, усе вымушаныя былі разысціся. 
 
 
Нават калі прытрымлівацца іх — задача вельмі няпростая, а спакуса парушыць вельмі вялікая, усё ж яно таго варта, каб паспрабаваць. А як гэта зрабіць — тэма сапраўды вартая абмеркавання.  

Абмеркаванне:

  • Панкратаў Б.Дз.
  • 2016-01-17 19:54:50
З цікавасцю прачытаў Вашыя развагі, Зміцер. Шмат чаго ў ЭЗ такога, што прэтэндавала на "ідэальнае", на ўвасабленне самых добрых надзеяў эўрапейцаў. Але РЭАЛЬНАЕ - ў жыцці, і толькі ў
марах - ІДЭАЛЬНАЕ...І тут нічога не зробіш. Але імкнуцца да таго, што ў марах - трэба. набліжацца - трэба. А што замест гэтага?! «Еўрапейскі саюз — гэта найлепшае, што калі-небудзь адбывалася з
Еўропай за яе доўгую гісторыю, - гэтую думску могуць і будукць аспрэчваць." Але нічога лепшага пакуль што не змаглі прад'явіць... І трэба берагцы гэтыя здабыткі. Не згубіць.
  • Навак
  • 2016-01-17 21:40:46
Падтрымліваю. Але ж гаворку можна весці ня толькі пра тое, што ідэальнага ў жыцці не бываве, але і пра тое, што ў глабальным свеце вырашэнне ўсіх праблем патрабуе згоды і сумеснага дзеяння адразу
многіх краін. А дагаворвацца няпроста...
  • Rapefugees Not Welcome
  • 2016-01-18 09:01:37
Такі песімістычны сцэнар заснаваны на дапушчэнні, што пуцінская Расія вечная, а гэта не так. І на тым, што ўсе межы ўжо зафіксаваныя, ніякая іншая іх канфігурацыя немагчымая. Напрыклад, ВКЛ 2.0 або
Балта-Чарнаморскі саюз. Як па мне, гэты праект больш прывабны для беларусаў, чым незразумелы і далёкі ад нас (тут я пагаджуся) ЕС. Згаданым праектам вяртанне да Еўропы нацый і нялюбым для вас
традыцыйным каштоўнасцям не пагражае як раз.



Вы не адказалі на маё пытанне пад папярэднім артыкулам, зацыкліліся на "унутранай роднасці" Пуціна з еўрапейскімі правымі, а пра галоўнае забыліся.



Хто, калі не правыя, вырашыць праблему з мігрантамі, якія не проста не хочуць інтэгравацца, а ствараюць пагрозу для еўрапейскіх грамадстваў альбо сваёй рэлігійнай дурасцю, альбо проста злачыннымі
паводзінамі?
  • Апанэнт
  • 2016-01-18 12:10:46
А ці не занадта дарагой цаной было б гэтае абяцанне правых вырашыць праблему мигрантаў?
  • Владислав
  • 2016-01-18 12:45:32
Здравствуйте, Дмитрий! Интересно. если бы вы оказались на месте одного из лидеров крупных стран ЕС, какое решение по мигрантам Вы бы отстаивали? Вы видите какой-то РЕАЛЬНО РАЗУМНЫЙ выход из этой
сверхсложной ситуации?

Каментаваць