“Асвечаныя Беларушчынай”: прадказальна-хамскі суд

У панядзелак, 31 сакавіка Гродзенскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу сябра Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна” Таццяны Равякі і пакінуў у сіле рашэнне пра забарону кнігі Алеся Бяляцкага “Асвечаныя Беларушчынай”. Суддзя, па сведчаннях прысутных на працэсе, быў далёка не джэнтльменам.



Павел Сапелка. Фота Генадзя Кеснера


Па словах Таццяны Равякі, якая падавала касацыйную скаргу на прысуд Ашмянскага раённага суда, калегія суддзяў па грамадзянскіх справах прыняла рашэнне за тры хвіліны, што сведчыць пра тое, што гэтае рашэнне было прынятае загадзя.

Пры гэтым старшыня пасяджэння суддзя Вячаслаў Міхневіч паводзіў сябе агрэсіўна і па-хамску, нават не дазволіўшы заяўнікам падчас працэсу выказацца ў поўным аб’ёме і данесці да суда свае меркаванні, цытуе праваабаронцу сайт spring.96.org. “Я ўпершыню сутыкнулася з такім хамствам у судзе, суддзя Міхневіч перабіваў мяне, задаваў пытанні і не даваў выказацца ў адказ, паводзіў сябе вельмі эмацыйна і нават неадэкватна ў некаторых момантах. Суддзя не жадаў ацэньваць гэтую касацыйную скаргу з пункту гледжання таго, як кніга можа нанесці шкоду палітычным ці эканамічным інтарэсам, дзяржаўнай бяспецы, здароўю і маральнасці насельніцтва, ён усё зводзіў да пытання аб тым, што вынятыя ў мяне асобнікі былі для асабістага ці неасабістага карыстання”, — адзначыла Таццяна Равяка.

На працэсе прысутнічаў таксама вядомы беларускі юрыст Павел Сапелка. “Новы Час” запытаўся ў яго, ці варта навогул сёння звяртацца ў беларускія суды па падобных справах, вынікі якіх загадзя  прадказальныя?

“Натуральна, варта. Вось, кажучы па-простаму, сядзіць сёння ў зале чалавек сорак з тых, хто чакаў рашэнняў па сваіх справах. І гэтыя сорак чалавек паглядзелі на поўную бездапаможнасць суда. Яны паглядзелі на тое, як увогуле сёння выглядае беларускае правасуддзе. Мне падаецца, што ім гэта карысна, што яны ўжо зрабілі для сябе нйскія пэўныя высновы, гэта па-першаае, — адзначае Павел Сапелка. —  З іншага боку, кожны раз, калі правы парушаюцца, то ў адстойванні гэтых правоў трэба прайсці ўсе магчымыя эфектыўныя інстанцыі, якія могуць нешта паправіць у тых ці іншых рашэннях. Я больш чым упэўнены, што рашэнне суда Ашмянскага раёна (суда першай інстанцыі — заўвага Г. К.) ёсць судовай памылкаю, якая мусіць быць выпраўленая. Калі Гродзенскі абласны суд у асобе калегіі, якая разглядала справу па скарзе, не знайшоў у сабе смеласці, прынцыповасці ці прафесіяналізму прыняць правільнае рашэнне, то мы пашукаем гэтых больш-менш прафесіяналаў у іншым месцы”.        

Па словах Паўла Сапелкі, праваабаронцы дойдуць у сваіх абскарджваннях да Вярхоўнага суда, каб “можна было грунтоўна і з веданнем справы прадставіць свае высновы і выказаць сваё меркаванне пра стан правасуддзя ў больш высокіх інстанцыях”.

Што да хамскіх паводзінаў суддзі, то, на думку юрыста, той забыўся на правілы паводзінаў у судах касацыйнай інстанцыі. “Улічваючы тое, што ў гэтага чалавека ў працэсе сядзяць людзі, чые матэрыяльныя, фінансавыя, жыллёвыя інтарэсы залежаць ад ягонага рашэння, ён, відаць, не чуе ад гэтых людзей нічога таго, што б змяніла ягоныя погляды ці форму ягонай камунікацыі з імі. А ў нашым выпадку адбылося ўсё крыху інакш, мы далі яму магчымасць пачуць нашае меркаванне. І тое, што ён згарнуў дыскусію з намі па многіх пытаннях, сведчыць пра тое, што ён не быў падрыхтаваны да гэтай дыскусіі ні як прафесіянал, ні як чалавек, ні як грамадзянін”, — адзначыў суразмоўца.

Калі і Вярхоўны суд пакіне рашэнне яго папярэднікаў у сіле, то, па словах Паўла Сапелкі, пра лёс гэтай кнігі і лёс Таццяны Равякі, якая спрычынілася да гэтага выдання, стане вядома перш за ўсё грамадскасці. “Гэта грамадскасць будзе судзіць аб тым, наколькі правільна прымалася рашэнне судамі. Апроч таго, найхутчэй паведамленне пра гэтую справу будзе накіраване ў Камітэт па правах чалавека ААН”, — паведміў праваабаронца.     

Нагадайма, што 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага “Асвечаныя Беларушчынай” былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Равякі на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” 3-га ліпеня 2013 года. Зборнік літаратуразнаўчых эсэ і нарысаў, што выйшаў у свет за час зняволення аўтара, Ашмянская мытня накіравала на экспертызу, якую праводзіла, на думку праваабаронцаў,  незаконна створаная экспертная камісія. Па выніках правядзення дзвюх экспертызаў мытня забараніла ўвозіць выданне ў Беларусь. Таццяна Равяка абскардзіла дадзенае рашэнне мытні ў судзе. 

Абмеркаванне:

  • Коваленко
  • 2014-04-01 10:45:56
Можно подумать, что Татьяна Ревяко ожидала положительный результат. Все знают, что правосудия в нашей стране нет, что мнение чиновников поставлено выше Конституции Республики Беларусь. Однако, мало
кто знает, что поступки отдельных правозащитников ещё хуже, чем чиновников. Я лично в этом убедилась. Когда на правозащитном сайте " Весна" была размещена информация,не
соответствующая действительности, я позвонила Татьяне Ревяко. При общении с ней, я не увидела отличия от чиновников. Точно так, как и чиновники уходила от ответа искажая факты, слышит то, что хочет
слышать. После нашего разговора я пришла к мнению, что по обе стороны мораль одна. Я считаю, что прежде чем требовать от чиновников, надо разобраться со своими маральными принципами.

Каментаваць