Бабруйск. Асудзілі пенсіянераў, якія пікетавалі ў Мінску за справядлівасць

11 ліпеня суд Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і горада Бабруйска асудзіў актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, якія 12 мая правялі адзіночныя несанкцыянаваныя пікеты на сталічнай плошчы Свабоды.



64-гадовая Любоў Санкевіч на свае звароты па грамадзянскай справе ў сувязі з незаконным звальненнем атрымлівае адпіскі 15 гадоў. Яе звольнілі з пасады бухгалтара Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў — філіі Мінскага трактарнага заводу. Нягледзячы на тое, што па гэтай справе вынесены тры пракурорскія пратэсты, у тым ліку два з боку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны суд краіны адхіліў усе гэтыя пратэсты. Апроч таго, для прыватызацыі жылля Любоў Санкевіч дамагаецца справядлівай ацэнкі кошту сваёй двухпакаёўкі, дзе пражыла 33 гады.



Любоў Санкевіч на акцыі 12 мая трымала плакат “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!”.

За ўдзел у пікетаванні суддзя Таццяна Тарабуева пакарала пенсіянерку адміністрацыйным штрафам у памеры 20 базавых велічынь (420 рублёў). Спадарыня Любоў будзе абскарджаваць гэты прысуд, бо лічыць яго незаконным і неабгрунтаваным. Гэта трэці адміністрацыйны штраф, які накладзены на жанчыну за апошнія 15 гадоў.

Дарэчы, 18 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягнецца судовы працэс па абвінавачванні Любові Санкевіч у несанкцыянаваным пікетаванні, што праводзілі актывісты ініцыятывы на сталічнай плошчы Свабоды. Гэты судовы працэс пяць разоў пераносіўся з-за хваробы пенсіянеркі.

11 ліпеня суддзя Наталля Чарапуха асудзіла 68-гадовага Аляксандра Каваленку, які адмовіўся выслухаць прысуд і ў знак пратэсту пакінуў залю судовых пасяджэнняў. Справа ў тым, што 7 ліпеня на першым судовым пасяджэнні Наталля Чарапуха аб’явіла перапынак для запрашэння ў якасці сведкі супрацоўніка Цэнтральнага РУУС сталіцы, капітана міліцыі Дзяніса Прэсняка, які занатаваў сацыяльна-дэмаграфічныя дадзеныя на пенсіянераў-пікетоўшчыкаў. У сваю чаргу, Аляксандр Каваленка хадайнічаў пра ўдзел у разглядзе справы супрацоўніка УУС Бабруйскага гарвыканкама падпалкоўніка міліцыі Сяргея Рудзько, які пасля несанкцыянаванага пікета пенсіянера ў сталіцы склаў на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Паколькі названыя міліцыянты знаходзяцца ў адпачынку за межамі Беларусі, суддзя вырашыла абысціся без іх паказанняў.

Аляксандр Каваленка настойваў на неабходнасці прысутнасці Дзяніса Прасняка і Сяргея Рудзько ў судовым працэсе, паколькі, на думку пенсіянера, іх сведчанні маюць вялікае значэнне пры разглядзе адміністрацыйнай справы.

“Аднак суддзя не задаволіла гэтыя мае хадайніцтвы, бо Наталля Чарапуха спяшалася. Яе хвалявала не высвятленне праўды, а тое, што 12 ліпеня заканчваецца тэрмін разгляду адміністрацыйнай справы. Вось чаму, калі яна пачала зачытваць прысуд, я пакінуў залю судовых пасяджэнняў у знак пратэсту, бо Наталля Чарапуха груба парушыла Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь”, — падкрэсліў Аляксандр Каваленка.

Дарэчы, на пікет ён выйшаў з плакатам “Чыноўнікі суду, дайце адказы на пытанні майго сына і яго адваката. Хопіць хавацца за адпіскамі”.

Сын спадара Александра адседзеў за кратамі 12 з 18 гадоў прысуду па абвінавачванні ў забойстве. Нягледзячы на тое, што Генеральная пракуратура краіны апратэставала гэты прысуд, Вярхоўны суд не толькі адхіліў пратэст Генпракуратуры, але і не дае адказы па сутнасці пытанняў, пастаўленых у зваротах асуджанага і ягонага адваката. Апроч таго, па сфабрыкаваным абвінавачванні ў распаўсюдзе наркотыкаў бацька асуджанага быў закратаваны на 9 гадоў, аднак праз 3 гады і 2 месяцы быў вызвалены, рэабілітаваны і атрымаў грашовую кампенсацыю за матэрыяльную і маральную шкоду ад незаконнага прысуду.

Усё гэтыя пакуты адмоўна адбіліся на здароўі бацькоў асуджанага і дабрабыце сям’і.  

Бацька перажыў аперацыю і інфаркт, зараз пакутуе ад экземы рук. З-за перажыванняў захварэла і маці асуджанага — спадарыня Валянціна Каваленка. Каб аплаціць паслугі адваката, сям’я вымушаная была прадаць прыватызаваную трохпакаёўку і зараз туліцца ў прыдбаным старым драўляным доме, які патроху спрабуюць добраўпарадкаваць.

Пасля атрымання рашэння суда Аляксандр Каваленка будзе яго абскарджваць, паколькі лічыць прысуд незаконным і неабгрунтаваным. Дарэчы, гэта трэцяе адміністрацыйнае пакаранне пенсіянера за апошнія пяць гадоў.  


Абмеркаванне:

  • В.М.Коваленко
  • 2016-07-12 07:16:06
Это как надо обнаглеть, что бы открыто заявить: " нет времени исследовать все факты и доказательства, так как завтра истекает срок, поэтому я зачитываю постановление". Судья Черепуха Н.И. просто плюнула на Конституцию и Закон, поэтому судить надо её за неуважение к государству. В отличии от судьи Черепухо, Коваленко А.Я. не нарушил ни одной ст. Закона и Конституции.
  • яковлевич.
  • 2016-07-12 08:32:48
Во время пикета один из милиционеров в цивильном сказал - " Вы бы обратились в прокуратуру или Президенту письмо написали. Зачем сразу пикет ?" Он наверное живет в другом измерении. Услышав, что Верховный суд "отмахнулся" от протеста прокуратуры, а Администрация Президента оказала мне в личном приеме, промолчал и отошел.
  • Санкевич
  • 2016-07-12 09:45:00
Судья Тарабуева 11.07.2016 г. на моё ходатайство о приостановке процесса, заявила что у неё нет времени! Главное что свидетели ОМОН дали свидетельские показания что мы не нарушали ничего! На каком основании тогда Бобруйские работники УВД составляли протоколы с нарушением закона! Без предел в стране зашкаливает! Позорище а не страна!
  • пенсионерка
  • 2016-07-13 06:49:11
Если проанализировать всё происходящее, то согласно Закону Республики Беларусь судьи совершают преступления, но их не привлекают к ответственности. Действительно, страну довели до абсурда. При такой судебной системе каждый может оказаться в МЛС и даже не поймёт за что.

Каментаваць