Бацькі за дзяцей

Маці моладзевых актывістаў Сафія Афнагель, Ганна Шапуцька, Галіна Сіўчык, Таццяна Кім абураны незаконнымі дзеяннямі супраць іх сыноў і дачок.

Маці моладзевых актывістаў Сафія Афнагель, Ганна Шапуцька, Галіна Сіўчык, Таццяна Кім абураны незаконнымі дзеяннямі супраць іх сыноў і дачок.

Актывістка «Маладога фронту» Таццяна Шапуцька была выключана з юрыдычнага факультэта БДУ, дзе навучалася на аддзяленні паліталогіі. 16–17 лістапада яна прымала ўдзел у працы Форума грамадзянскай супольнасці ў Бруселі і за 4 гадзіны пропускаў атрымала другую строгую вымову, што і стала фармальнай падставай выключэння. Першая вымова была вынесена ёй у 2008 годзе за ўдзел у акцыі «Камунізм пад трыбунал» .

Маці Таццяны Шапуцька Ганна звярнулася з лістом да Уладзіміра Макея. «Мая дачка, — адзначае яна ў пісьме, — вучылася на бюджэтным аддзяленні, выдатна валодае англійскай мовай, вывучае польскую і французскую мову і мае сярэдні бал 8,5. Я ганаруся сваёй дачкой і не дам яе ў крыўду высокім чыноўнікам. Нельга, займаючы высокі і адказны пост, абліваць брудам сумленнага і светлага чалавека». З лістом да рэктара БДУ ў падтрымку Таццяны звярнуўся і Аляксандр Мілінкевіч. Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» і іншыя грамадскія арганізацыі распачалі кампанію падтрымкі Таццяны.

А таксама бацькі моладзевых актывістаў, сябры і грамадскія дзеячы накіравалі шэраг зваротаў у сувязі з фактамі выкрадання моладзі, які адбыліся ў гэтым годзе. 25 сакавіка 2009 былі гвалтоўна выкрадзеныя, збітыя і вывезеныя за горад Наста Палажанка (у раён вёскі Тарасава) і Дзяніс Карноў (у раён Дзяржынска). 5 снежня Зміцер Дашкевіч быў схоплены пры выхадзе з кватэры і вывезены ў Лагойскі раён. 6 cнежня на вуліцы Бялінскага быў аналагічным чынам затрыманы Яўген Афнагель.

«Мы лічым, што такія дзікунствы не павінны мець месца ў нашай краіне», — напісалі ў лісце на імя генеральнага пракурора бацькі моладзевых актывістаў. Копіі лістоў з подпісамі дасланы ў Адміністрацыю прэзідэнта, Мінгарвыканкам, амбасады Чэхіі, ЗША, Францыі, Германіі, ГУУС і сродкі масавай інфармацыі.

Паводле Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»

Каментаваць