Бацька Бандарэнкі звяртаецца ў Камітэт па правах чалавека ААН

У аўторак, 4 кастрычніка, бацька зняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі на прэс-канферэнцыі ў Мінску падпісаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека (КПЧ) Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з нагоды ціску на яго сына, які зараз знаходзіцца ў адзіночнай камеры Магілёўскае турмы.

 Валер Бандарэнка, Міхаіл Пастухоў і Ганна Шапуцька



Складаць скаргу ў КПЧ ААН дапамагалі пяць вядомых у краіне юрыстаў — Міхаіл Пастухоў, Алег Волчак, Ігар Рынкевіч, Аляксандр Дабравольскі і Юры Валчок.

Па словах доктара юрыдычных навук прафесара Міхаіла Пастухова, скарга звязана з парушэннем у дачыненні да Андрэя Бандарэнкі агульнапрызнаных правоў падчас папрэдняга следства і судовага разбіральніцтва, а таксама пасля таго, як судовае рашэнне набыло сілу.

Юрысты склалі гэты зварот, грунтуючыся на касацыйнай скарзе, якую ў свой час падалі Андрэй і ягоны адвакат, а таксама на выраку суда і тых адказаў, якія паступілі ад судовых інстанцыяў, — адзначыў Міхаіл Пастухоў. — Нашы высновы грунтуюцца на матэр’ялах справы. Мы абапіраліся на два найважнейшых палажэнні Міжнароднага пакта аб грамадзнскіх і палітычных правах, а менавіта на артыкул 2, які прадастаўляе ўсім грамадзянам права на прававую абарону, і артыкул 14, які замацоўвае асноўныя гарантыі аб’ектыўнага расследвання і справядлівага судовага разбіральніцтва. З матэр’ялаў справы і тых матэр’ялаў, якія мы маем, вынікае, што ніводная з гарантыяў, якія ўтрымліваюцца ў артыкуле 14 Пакта, па справе Андрэя Бандарэнкі не была выкананая. І на гэтым мы робім асноўны акцэнт”.

Пастухоў звярнуў увагу, што не была забяспечана прэзумпцыя невінаватасці, права асбобы не лічыцца вінаватай, пакуль віна не даказана, а таксама права на абарону.

Так, Андрэй Бандарэнка ўбычыў адваката толькі праз тры дні пасля свайго затрымання. Было парушана права абвінавачанага на сваіх сведкаў, практычна ўсе хадайніцтвы, якія заяўляліся Бандарэнкам і ягонымі абаронцам як у перыяд следства, так і падчас судовага разбіральніцтва, былі адхіленыя.

Таксама, канстатуе Міхаіл Пастухоў, у справе маюцца супярэчлівыя паказанні сведкаў, пацярпелых, а дадатковыя экспертызы мелі за мэту не высветліць абставіны, а толькі звесці канцы з канцамі ў гэтай складаный і заблытанай справе.


 Валер Бандарэнка падпісвае скаргу ў КПЧ ААН



Вывучэнне гэтай справы пераканала нас у тым, што ніводнае з абвінавачанняў, прад’яўленых Бандарэнку, не даказана, не абгрунтавана, і матэр’ялы сфальсіфікаваныя. Гэта дае нам права разлічваць на тое, што скарга ў КПЧ ААН ад імя Андрэя Бандарэнкі будзе прынята да разгляду і будзе разгледжана са станоўчым вынікам. Права быць даверанай асобай у справе Андрэя Бандарэнкі мае ягоны бацька, паколькі Андрэй зараз знаходзіцца на турэмным рэжыме. Так што Валеры Бандарэнка мае права прадстаўляць інтарэсы свайго сына як унутры краіны, так і за яе межамі”, — падкрэсліў Пастухоў.

Праваабаронца Ганна Шапуцька ў свой час на добраахвотнай аснове арганізавала групу падтрымкі Андрэя Бандарэнкі. “Чым больш праходзіць часу, тым больш я пераконваюся ў тым, што справа Андрэя Бандарэнкі мае замоўны характар. І што ён сядзіць не проста за тое, што здзейсніў нейкае правапарушэнне, а чалавека кінулі за краты таму, што ён вельмі перашкаджаў уладам, рэжыму, выкрываў гэты рэжым. Зараз, пасля суда над Андрэем, усё сціхла, ніякіх прушэнняў у пенітэнцыярнай сістэме больш не фіксуецца, так што ўлада дабілася таго, чаго хацела”, — упэўнена Ганна Шапуцька.

Валеры Бандарэнка на вачах у журналістаў падпісаў скаргу у КПЧ ААН. У гэты ж дзень яна была перададзена ў прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Аўтары дакумента звярнуліся да КПЧ з просьбаю разгледзець скаргу ў тэрміновым парадку, паколькі жорсткі ціск на Андрэя Бандарэнку ў Магілёўскай турме працягваецца.        

Нагадаем, што Андрэй Бандарэнка быў кіраўніком праваабарончай арганізацыі “Платформ Інавэйшн”, якая займалася правамі вязняў у месцах пазбаўлення волі. 

Каментаваць