Бакіеў упадабаў Беларусь

Бліжэй да вечара 14 чэрвеня журналістаў зноў «паставілі на вушы» — супрацоўнікі Нацыянальнага прэс-цэнтра Беларусі абзвоньвалі СМІ з паведамленнем, што ў 18.00 адбудзецца тэрміновая прэс-канферэнцыя адсунутага ад улады прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева. Улічваючы трагічную і непрадказальную сітуацыю, якая складваецца ў гэтай краіне, журналісты беларускіх і замежных медыя пакідалі ўсе бягучыя справы (хтосьці нават ужо паспеў дабрацца дадому) і шыбанулі на Кастрычніцкую, 5.



Бліжэй да вечара 14 чэрвеня журналістаў зноў «паставілі на вушы» — супрацоўнікі Нацыянальнага прэс-цэнтра Беларусі абзвоньвалі СМІ з паведамленнем, што ў 18.00 адбудзецца тэрміновая прэс-канферэнцыя адсунутага ад улады прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева. Улічваючы трагічную і непрадказальную сітуацыю, якая складваецца ў гэтай краіне, журналісты беларускіх і замежных медыя пакідалі ўсе бягучыя справы (хтосьці нават ужо паспеў дабрацца дадому) і шыбанулі на Кастрычніцкую, 5.

Курманбека Бакіева і зараз прымаюць у Беларусі як прэзідэнта Кыргызстана з усімі адпаведнымі атрыбутамі: перад тым, як трапіць у канферэнц-залу НПЦ, усіх дасканала праверылі супрацоўнікі Службы бяспекі беларускага кіраўніка, а сам спадар Бакіеў сядзеў за сталом побач з дзяржаўным сцягам краіны, у якой ён зусім яшчэ нядаўна валадарыў.

Ад самага пачатку прамоўца падкрэсліў, што яшчэ некалькі дзён таму ён заклікаў народы Кыргызстану да замірэння, да спынення гвалту і кровапраліцця, якое не ў стане спыніць цяперашняе кіраўніцтва краіны.

Паводле словаў Бакіева, у краіне працягваецца «гвалт, запалохванне, крымінальны пераслед былых урадаўцаў, парламентарыяў, іншых чыноўнікаў, а таксама іх сваякоў».

Выхад з сітуацыі Курманбек Бакіеў бачыць у дапамозе (чытай: вайсковай) з боку краін-удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы: «Хацелася б яшчэ раз звярнуцца да кіраўніцтва дзяржаў-удзельніц АДКБ з заклікам больш аператыўна і адэкватна адрэагаваць на сітуацыю ў Кыргызстане і дапамагчы народам, якія пражываюць у гэтай краіне, аднавіць законнасць і парадак». Па словах скінутага прэзідэнта, «праваахоўныя органы, сілавыя структуры Кыргызстана цалкам дэмаралізаваныя, яны не могуць нічога зрабіць».

«Як у такой сітуацыі можна забяспечыць бяспеку грамадзян?» — задаўся пытаннем Курманбек Бакіеў. Пры гэтым ён адмёў усе абвінавачанні ў тым, што да беспарадкаў і кровапраліццяў у Кыргызстане маюць дачыненне ён і яго сваякі. Па словах Бакіева, зараз яго «сыны, як і браты, знаходзяцца ў розных краінах ва ўцёках».

Бакіеў лічыць, што канфлікт на поўдні краіны паміж кіргізамі і ўзбекамі распаліўся не на палітычнай, але на побытавай глебе. «У нейкім казіно ў Ошы паміж маладымі хлопцамі кіргізскай і ўзбекскай нацыянальнасцяў адбылася сварка. Замест таго, каб хутка зрэагаваць на гэту сварку і пагасіць яе, мясцовыя органы нічога не зрабілі. Таму валіць з хворай галавы на здаровую не варта. Ім варта спыніць валіць усё на мяне, на маіх блізкіх і на ўсё папярэдне кіраўніцтва», — параіў апальны дзяржаўны дзеяч.

Па словах Бакіева, ён не збіраецца больш займацца палітыкай і вяртацца на радзіму, хоць і даў зразумець, што па-ранейшаму юрыдычна застаецца кіраўніком дзяржавы. Ён нагадаў, што напісаў заяву аб адмаўленні ад сваёй пасады, але, па словах Бакіева, «і парламент, і Канстытуцыйны суд, і ўрад у краіне разагнаныя», таму няма легітымных структур, якія б маглі прыняць яго адстаўку. «Каб я юрыдычна склаў свае паўнамоцтвы, патрэбна рашэнне парламента… Але я хачу супакоіць тых, хто чакае, што я вярнуся: я не збіраюся вяртацца, я не трымаюся за гэту ўладу», — заявіў звергнуты прэзідэнт.

Курманбек Бакіеў паведаміў, што звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аказаць гуманітарную дапамогу «не часоваму ўраду, але народу Кыргызстана», якому «пагражае голад».

Адказваючы на пытанне журналістаў наконт «прымянення сваіх сіл» (на папярэдняй прэс-канферэнцыі Бакіеў заявіў, што паспрабуе быць карысным Беларусі і яе кіраўніцтву), экс-прэзідэнт Кыргызстана сказаў, што пакуль не ведае дакладна, чым будзе займацца надалей, як і не ведае, колькі часу правядзе ў Беларусі. Калі давядзецца шукаць прымянення сваім сілам, то, найхутчэй, ён пойдзе ў галіну вытворчасці, бо «ведае яе і прыйшоў адтуль». А пакуль, па словах Бакіева, ён «не гарыць жаданнем займацца нейкай канкрэтнай справай», бо яго «клапоціць сітуацыя ў Кыргызстане».

Курманбек Бакіеў абверг чуткі пра свой нядаўні адпачынак у Турцыі: «За апошні час я нікуды не выязджаў з Беларусі, з самых першых дзён я знаходжуся тут. Я толькі выязджаў у горад (Мінск — Г. К.)… Мне тут усё падабаецца, і прырода таксама, вось толькі дажджоў шмат».
 

Каментаваць