Бакіевы ў Беларусі могуць спаць спакойна

Паводле паведамлення прэс-службы парламента Кыргызскай Рэспублікі, краіна вырашыла вярнуць свайго амбасадара ў Беларусь. Такое рашэнне прынята 19 мая на пасяджэнні Камітэта па міжнародных справах, які ў якасці кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва ўхваліў кандыдатуру Кубанычбека Амураліева.



Пасла Кыргызстана ў Беларусі не было амаль тры гады. У жніўні 2012 года афіцыйны Мінск адмовіўся выдаць гэтай краіне брата зрынутага ў выніку рэвалюцыі прэзідэнта Курманбека Бакіева Жаныша. Ён, паводле заявы МЗС КР, вышукваецца праваахоўнымі органамі Кыргызстана і Інтэрполам за здзяйсненне асабліва жорсткіх злачынстваў. МЗС КР паведамляў, што адкліканне пасла з Беларусі звязана з адсутнасцю адказу кампетэнтных органаў беларускага боку на вербальную ноту ад 21 жніўня 2012 года і з заявай МЗС КР ад 22 жніўня адносна знаходжання грамадзяніна Кыргызстана Жаныбека Бакіева на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
 
 
Ужо некалькі гадоў Бішкек дамагаецца выдачы братоў Бакіевых, але беспаспяхова. Хоць у Кыргызстане абодвум вынесеныя некалькі прысудаў - за забойства, замах на забойства, арганізацыю масавага забойства ды перавышэнне паўнамоцтваў. Нагадайма, што ў красавіку 2010 года, калі рэвалюцыянеры звяргалі Курманбека Бакіева, у выніку сутыкненняў пратэстоўцаў з аховаю Дома ўрада, нават паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 82 і атрымалі раненні больш за 300 чалавек. У рэшце рэшт дзякуючы высілкам Аляксандра Лукашэнкі Бакіеў і ягонае сямейства апынуліся ў Беларусі. Курманбек Бакіеў сцвярджае, што некалькі год з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.
 
 
Апошняе рашэнне парламента Кыргызстана сведчыць пра тое, што, хутчэй за ўсё, пытанне экстрадыцыі на радзіму Бакіевых адыходзіць на другі план. Што тычыцца такога кроку афіцыйнага Бішкека, то палітолаг Валеры Карбалевіч лічыць яго цалкам лагічным. “Беларусь і Кыргызстан фармальна бліжэйшыя саюзнікі, яны ўваходзяць у некалькі інтэграцыйных аб’яднанняў – АДКБ, Еўразійскі эканамічны саюз, і тое, што яны не маюць амбасадараў і знаходзяцца ў стане дыпламатычнага канфлікта – гэта абсалютны нонсэнс для блізкіх саюзнікаў. Таму кыргызстанскія ўлады вырашылі, што наўрад ці варта канфліктаваць з-за Бакіевых, тым больш што адбываецца працэс уступлення Кыргызстана ў ЕАЭС, і Беларусь тут магла неяк нашкодзіць, выстаўляць нейкія ўмовы. Таму навошта ўкладняць праблемы”, - адзначае эксперт.
 
 
І да гэтага Бакіевы пачуваліся ў Беларусі спакойна, кажа палітолаг. “Лукашэнка даў ім гарантыі, тым больш што, наколькі зразумела, яны атрымалі беларускае грамадзянства, таму на тэрыторыі Беларусі ім нічога не пагражала і дасюль, таму ў іх статусе і іх спакоі нічога не змянілася”, - падкрэслівае суразмоўца.
 
 
Хоць, магчыма, Бішкек будзе і надалей неяк патрабаваць выдачы Бакіевых. “Пракуратура можа дасылаць нейкія запыты, але гэта будзе не больш за фармальнасць”, - мяркуе Валеры Карбалевіч.
 
 
Што да Лукашэнкі, то ў яго няма іншага выйсця, як абараняць Бакіевых. “Ён баіцца страціць твар, бо ён уклаў у сваё рашэнне прытуліць Бакіевых уласны вялікі палітычны капітал, і цяпер папросту адступаць няма куды. Інакш бы стала зразумела, што чалавек не трымае слова, прычым у такім далікатным пытанні, як лёс людзей, асабліва калі гаворка ідзе пра такую гучную справу, што шырока абмяркоўвалася ў мас-медыях і гэтак далей. Калі б была справа, пра якую ніхто не ведаў, тады можна было б саступіць. А тут была б вельмі моцная страта”, - падсумаваў палітолаг.

Каментаваць