Беларусь і Аргенціна дамовіліся пра скасаванне візаў

Кансультацыі міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Аргенціны прайшлі 24 кастрычніка ў Мінску.

Ружовы дом у Буэнас-Айрэсе, афіцыйнае працоўнае месца прэзідэнта Аргенціны


Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў і ягоны аргентынскі калега Карлас Марыё Фарадоры абмеркавалі развіццё дыялогу ў палітычнай, гандлёвай і гуманітарнай галінах. На сустрэчы яны падпісалі міжурадавае пагадненне пра ўзаемныя бязвізавыя паездкі грамадзян.

Пакуль для наведвання Аргенціны беларусам усё яшчэ патрэбная віза, якую можна афармляць у маскоўскай ці кіеўскай амбасадах Аргенціны. Пагадненне набудзе сілу толькі пасля праходжання ўнутрыдзяржаўных працэдур у Беларусі і Аргенціне. Калі яны пройдуць і колькі «бязвізавых» дзён атрымаюць беларусы і аргенцінцы — не ўдакладняецца.

Аналагічнае пагадненне Беларусь падпісала ў кастрычніку з Бразіліяй. Беларусам у Бразіліі і бразільцам у Беларусі даецца да 90 дзён на год бязвізавага знаходжання.

На гэты момант беларусы могуць наведваць без візаў 24 краіны: Азербайджан, Арменію, Віетнам, Венесуэлу, Гандурас, Грузію, Казахстан, Кубу, Кіргізстан, Македонію, Малайзію, Малдову, Манголію, Нікарагуа, Панаму, Перу, Расію, Сербію, Таджыкістан, Турэччыну, Узбекістан, Украіну, Чарнагорыю і Эквадор. Паводле рэйтынгу, які ўлічвае бязвізавы доступ для кароткачасовых паездак, беларускае грамадзянства горшае, чым албанскае і ганскае.

У Беларусі абмяркоўвалася скасаванне візаў для турыстаў з 80 краінаў на 5 дзён, але сілавікі сумняваюцца ў бяспецы такога рашэння. Сёння замежным турыстам без візаў дазваляецца наведаць у турыстычных мэтах Аўгустоўскі канал на тэрмін да 5 дзён. Дзеля гэтага ім трэба атрымаць пэўны дакумент і мець на кожны дзень не менш як 42 рублі.

www.svaboda.org



Каментаваць