Беларусь — «востраў бяспекі» на Еўразійскім кантыненце

"Мы нясем значныя затраты, перашкаджаючы рознага роду мігрантам, бандытам, шарлатанам, злачынным групоўкам пранікненню ў Еўропу і назад на Усход. Выконваем важную міжнародную функцыю", — заявіў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка 22 студзеня зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай мяжы органамі пагранслужбы ў 2018 годзе і выказаўся за абнаўленне формы далейшага развіцця Дзяржпагранкамітэта.

"Пагранічная бяспека, становішча на рубяжах Беларусі — гэта найважнейшы прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. Гэта звязана перш за ўсё з міжнароднай сітуацыяй вакол Беларусі", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сістэму процідзеяння пагрозам і выклікам бяспекі межаў неабходна ўдасканальваць. "Вы ведаеце, што адбываецца ў Еўрасаюзе. Усходняя мяжа — мы нядаўна пра гэта падрабязна гаварылі ў час абмеркавання нашых візавых праблем з Расійскай Федэрацыяй. Паўднёвая мяжа — украінскі напрамак — знаходзіцца пад уплывам тых працэсаў, якія адбываюцца перадусім ва Украіне, — адзначыў Лукашэнка. — Што тычыцца балтыйскага напрамку, тая рыторыка, якая гучыць у гэтых краінах (што нас прылічаюць разам з Расіяй ледзь не ў разрад агрэсараў), таксама не праходзяць гэтыя заявы міма нашых вушэй".

"Словам, праблем хапае, хоць яны не з'яўляюцца абсалютна вострымі праблемамі, якія патрабуюць нейкага надзвычайнага рэагавання. Але порах трэба трымаць сухім, і межы, як і былі раней, так і цяпер, павінны быць свяшчэнныя і недатыкальныя", — падкрэсліў ён .

Лукашэнка паставіў задачу працягваць актыўна абсталёўваць памежныя рубяжы, ствараць непасрэдныя нармальныя ўмовы для нясення службы памежнікамі, будаваць заставы, абсталёўваць сучаснымі тэхнічнымі сродкамі дзяржаўную мяжу.

Дзяржава, паводле слоў прэзідэнта, вылучае нямала сродкаў для аховы дзяржмяжы. "Беларусь з'яўляецца востравам бяспекі сёння ўжо на Еўразійскім кантыненце. Мы нясем значныя затраты, перашкаджаючы рознага роду мігрантам, бандытам, шарлатанам, злачынным групоўкам пранікненню ў Еўропу і назад на Усход. Выконваем важную міжнародную функцыю", — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым "міжнародная супольнасць, асабліва еўрапейцы, ды і расіяне, маглі б фінансава больш актыўна паўдзельнічаць у тым, каб падтрымаць нашы намаганні па барацьбе з рознага роду правапарушальнікамі", дадаў ён.

Рашэнне на ахову дзяржаўнай мяжы ў 2018 годзе прынята з улікам новых элементаў становішча. У іх ліку — узмацненне сумежнымі дзяржавамі аховы знешняй мяжы ЕС у сувязі з захаваннем міграцыйнага крызісу, а таксама павышэннем узроўню тэрарыстычнай небяспекі ў краінах Заходняй Еўропы; захаванне высокай рызыкі кантрабанднага перамяшчэння ў Беларусь зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і іншых сродкаў тэрору.

Прыярытэтнымі задачамі органаў пагранслужбы вызначаны папярэджанне нелегальнага пранікнення ў Беларусь тэрарыстаў, экстрэмістаў, а таксама перамяшчэння сродкаў тэрору, экстрэмісцкай і іншай злачыннай дзейнасці; недапушчэнне нелегальнага перамяшчэння ў краіну кантрабандных грузаў і іншых тавараў; барацьба з нелегальнай міграцыяй і наркатрафікам; нарошчванне інфраструктуры на мяжы і памежнай тэрыторыі.

Для вырашэння гэтых задач прадугледжана ўдасканальваць сумесна з мытнымі органамі парадак пропуску праз мяжу фізічных асоб і транспартных сродкаў, паляпшаць сістэму маніторынгу становішча, укараняць у працу органаў пагранслужбы новыя тэхналогіі.

У зацверджаным рашэнні таксама ўлічаны змены ў структуры тэрытарыяльных органаў памежнай службы, звязаныя з выстаўленнем новых падраздзяленняў на ўкраінскім і прыбалтыйскім напрамках.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць