Беларусь зачышчаюць ад патрыётаў

Адмашку на зачыстку далі з цэнтру, але з якога цэнтру — гэта яшчэ пытанне. Прыгадайма вядомы выпадак з затрыманнем фанатаў праз неафіцыйную нацыянальную сімволіку. Тады ўлада прадэманстравала, што яна не зусім адзіная ўсярэдзіне сябе.


Напрыканцы мінулага тыдня ў незалежных беларускіх медыя з'явілася інфармацыя пра «хвалю рэпрэсій за падтрымку Украіны». Але вядомыя на той момант факты яшчэ не давалі падставаў лічыць тое, што адбываецца, сапраўды маштабнымі і сур'ёзнымі рэпрэсіямі.


Рэверансы і нашым, і вашым


Скажам, Андрэй Стрыжак, каардынатар Гуманітарнага маршрута Беларусь-АТО, з якім мы пагутарылі 2 красавіка, вельмі скептычна паставіўся да «нагнятання панікі».

«Па-мойму, тое, што я зараз размаўляю з табой, а не са следчым, красамоўна сведчыць пра адсутнасць татальнай зачысткі ўсіх, хто звязаны з Украінай. Усё ціха, ніхто нас не чапае. Нядаўна адправілі шостую тону дапамогі, зараз рыхтуем сёмую. Учора праз нашае пасярэдніцтва ўкраінскае прадстаўніцтва «Санта Брэмар» даставіла у Бахмут больш за дзвесце кілаграм селядцоў для бежанцаў. Усё ідзе згодна з планам», — сказаў Андрэй.

Ён выказаў думку, што рэпрэсіі маюць хутчэй паказны і кропкавы характар. Магчыма, гэта нейкая не вельмі ахвотная дэманстрацыя лаяльнасці пасля атрымання грошай з Расіі, але ўлады і самі не хочуць заходзіць далёка. Андрэй таксама падзяліўся суб'ектыўным меркаваннем, што зачэпіць, хутчэй за ўсё тых, хто і ўкраінскім уладам не вельмі даспадобы праз свой удзел у акцыях пратэсту ў Кіеве. Прынамсі, на яго погляд, гэта было б у духу беларускіх уладаў — рабіць рэверансы і нашым, і вашым.

Адхрысціцца ад Украіны


Але ўжо наступным днём, 3 красавіка, я пацягнуў за нітачку, якая прывяла мяне да высвятлення таго факту, што маштабы рэпрэсій значна большыя, чым магло падацца. Гаворка ідзе не проста пра ціск, ператрусы, апытанні, а ўжо і пра крымінальныя справы, пра арыштаваных і асуджаных. Не выключана, што пад махавік трапілі дзясяткі чалавек.  

Прычым, што самае важнае, рэпрэсіі вядуцца не толькі, а можа, і не столькі супраць тых, хто непасрэдна быў звязаны з Украінай тым ці іншым чынам. Рэпрэсіі скіраваны на тых людзей, якія ў выпадку магчымага ўварвання ў Беларусь з боку «заклятага саюзніка» маглі б стаць першымі, хто выступіць у абарону суверэнітэту і цэласнасці краіны. То бок супраць беларускіх патрыётаў, меркавана здольных біцца за сваю зямлю і праўду.

Сваё журналісцкае расследаванне я пачаў з украінскага боку, апытаўшы кіеўскую валанцёрку Вольгу Галчанка, якая вельмі шмат апякуецца беларусамі на ўкраінскім фронце. Анёл-ахоўнік беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Я спытаў у яе, чаму яна мае такія сантыменты да беларусаў і што ёй вядома пра «хвалю рэпрэсій за падтрымку Украіны».  

«Адносна майго стаўлення да беларусаў, ну, усё пачынаецца з малога. Напрыклад, са знаёмства з адным чалавекам. Потым не паспееш азірнуцца, як у цябе з'явілася цэлая краіна, якую ты любіш, і мноства людзей, за якіх ты перажываеш», — расказвае Вольга.

Валанцёрка не можа назваць дакладную лічбу, але сцвярджае, што праваахоўнікі «прыйшлі ва ўсе сем'і нашых хлопцаў, якія зараз знаходзяцца на фронце, нават да зусім не засвечаных людзей».

«Прыходзяць да сваякоў, да сяброў, да блізкіх людзей, і пачынаюць гутаркі на тэму — а мы вось ведаем, што ваш муж, сын, брат, сябар паехаў наймітам на вайну, доўга дапытваюць, вывуджваюць інфармацыю, потым яшчэ і ператрус ладзяць. Пры гэтым адбіраюць усе сродкі сувязі і электроніку —  ноўтбукі, тэлефоны, планшэты... Улічваючы, што бацькі байцоў — гэта ў асноўным ужо людзі ва ўзросце, для іх нават такія гутаркі — вельмі вялікі стрэс», — гаворыць Вольга.

На думку Вольгі, апошняй кропляй, якая справакавала абвастрэнне рэпрэсій, стала ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ў Кіеве 28 сакавіка, прысвечанага загінулым за Украіну беларусам. Выкананага ў бел-чырвона-белай гаме, з гербам "Пагоня", надпісамі  «Слава Украіне!» і «Жыве Беларусь!»

«Гэта раз'юшыла беларускія ўлады, на мой погляд, з дзвюх прычынаў. Першая — гэта тое, што краіна была прадстаўленая неафіцыйнымі сімваламі. Нягледзячы на адсутнасць прамой забароны, як я разумею, яны разглядаюцца ўладамі як чужыя і варожыя. Другая — публічная маніфестацыя саюза двух народаў. Мне здаецца, кіраўніцтва Беларусі, якое быццам бы падтрымлівае Украіну, зыходзіла з прынцыпу: сяброўства сяброўствам, але грошыкі дае Масква, таму больш карысным у гэты момант будзе адхрысціцца ад Украіны», — мяркуе Вольга.

«Сацыяльна блізкі элемент»


Наступны мой суразмоўца — камандзір Тактычнай групы «Беларусь» з псеўданімам Васіль Каляда — поўнасцю пацвердзіў словы Вольгі пра маштаб рэпрэсіяў. Але падкрэсліў, што іх нельга назваць спантаннымі. Улады цікавіліся тымі, хто паехаў ва Украіну, з самага пачатку. Інфармацыя збіралася ў  тым ліку праз электронную выведку. Былі ў іх і свае людзі ў батальёнах, якія злівалі спісы байцоў. Хадзілі па дамах і апытвалі таксама даўно. Проста цяпер, мабыць, інфармацыі сабралася дастаткова, а тут яшчэ і расійскі крэдыт атрыманы. Вось і прагучала каманда «фас»!

 

Васіль кажа, што ўлады вельмі спалоханыя атрыманнем баявога досведу нелаяльна настроенымі беларусамі. Таму, паводле яго інфармацыі, плануюцца змены ў беларускім заканадаўстве, якія дазволяць падвесці пад артыкул аб «найміцтве» тых, хто ваяваў з ідэйных меркаванняў, не атрымліваючы грашовай узнагароды, а таксама валанцёраў, якія дапамагалі зборам сродкаў, прадуктаў, медпрэпаратаў, адзення.  

 

«Гэта юрыдычны нонсэнс. Але калі загадаюць, яны тое зробяць», — кажа Васіль.

 

Ён таксама звярнуў увагу на адсутнасць звестак пра рэпрэсіі ў дачыненні да тых, хто ваюе на баку ДНР/ЛНР. Наадварот, ёсць факты вельмі «гуманнага» стаўлення да іх.

 

«Выглядае на тое, што ў іх улады бачаць сацыяльна блізкі элемент. Ведаеце, як у сталінскія часы падзялялі арыштантаў: палітычныя — ворагі народу, гэта цяпер мы, а крымінальнікі — сацыяльна блізкі элемент», — гаворыць Васіль.

 

Яго таксама здзіўляе паблажлівае стаўленне ўладаў да байцоў за «народныя рэспублікі», якія, на погляд Васіля, уяўляюць большую патэнцыйную пагрозу для беларускіх уладаў.  

 

«Для іх абсалютна чужая ідэя незалежнай Беларусі, яны на Данбасе праліваюць кроў за аднаўленне імперыі. Што і нашу краіну ў недалёкай будучыні можа закрануць. Тады яны павернуць зброю супраць беларускай дзяржавы. А вось ці застанецца хто-небудзь, хто ўстане на яе абарону, калі прыхільнікаў вольнай незалежнай Беларусі перасаджаць?» — тлумачыць сваю пазіцыю Васіль.  


Улады цікавіць не «найміцтва»


Распавядаючы пра тых, хто трапіў пад рэпрэсіі, камандзір згадаў Віктара Мельнікава, бацьку Яна Мельнікава. Бацьку выклікалі на допыт у ГУБАЗіК, потым супрацоўнікі ГУБАЗіК і КДБ праводзілі ў яго дома ператрус. Забраўшы пры гэтым і ягоныя ўласныя рэчы таксама.

Праз інфармацыю ад Віктара і пацягнулася згаданая вышэй нітачка. Мяне цікавіла пытанне — з якім настроем праваахоўнікі рабілі сваю справу, што іх цікавіла найбольш, ці можна па іх паводзінах судзіць, пад каго і для чаго яны насамрэч капаюць.

Наколькі можна меркаваць са словаў Віктара, цікавіў праваахоўнікаў зусім не факт «найміцтва». Напрыклад, нашыўкі і шэўроны з Украіны падчас ператрусу не канфіскоўваліся. Зусім не зацікавілі іх і граматы Яна за розныя дасягненні, хаця крымінальная справа датычыць пэўнага асабістага выбара хлопца, то бок характарыстыка яго асобы таксама нібыта павінна мець значэнне. Але ж не.

Пры гэтым іх вельмі зацікаваў нататнік з сімвалам анархізму на вокладцы, які Ян вёў у шаснаццаць гадоў. А найбольш цікавілі ягоныя кантакты з фанатамі ўжо няіснага футбольнага клубу «Партызан».

«З размоваў са старшым упаўнаважаным ГУБАЗ палкоўнікам Раманам Кіжапкіным, чалавекам адукаваным і разумным, у мяне склалася ўражанне, што ім не цікавыя тыя, хто з'ехаў ва Украіну і цяпер ужо, мабыць, не хутка вернуцца. Іх цікавяць беларусы, у якіх патрыятызм спалучаецца з гатоўнасцю дзейнічаць і даваць адпор пры неабходнасці... Калі ж улічваць іх паблажліва-ўхвальнае стаўленне да байцоў «народных рэспублік»... Ну, высновы вы ўжо самі рабіце. Дарэчы, ад таго ж Кіжапкіна я ведаю, што гаворка ідзе пра дзясяткі ўзбуджаных крымінальных спраў», — гаворыць Віктар.

Мабыць, таму... што ён патрыёт?!


Па наводцы Віктара Мельнікава іду па следзе далей. Знаходжу і распытваю жонку Іллі Валавіка, заўзятара футбольнага клубу «Партызан», які быў арыштаваны і змешчаны 23 сакавіка ў ізалятар па справе двухгадовай даўніны, звязанай з шараговай бойкай паміж фанацкімі групоўкамі.  

Алена Валавік зараз на сёмым месяцы цяжарнасці, ад перажытага падчас арышту мужа стрэсу яна трапіла ў шпіталь, дзе застаецца і дасюль. Яна троху пабойваецца размаўляць, бо Ілля дасылае ёй з ізалятару лісты, у якіх просіць нічога не  рабіць і наогул не падымаць шум вакол яго, таму што гэта яму нібыта толькі нашкодзіць. Таму я распытваю Алену пра стан яе здароўя і пра тое, што за чалавек Ілля, больш нічога.

Алена распавядае, што Ілля ўжо даволі даўно перастаў браць удзел у фанацкім жыцці. Чакалі дзіцёнка, уладкоўвалі сямейнае гняздзечка, ён быў сканцэнтраваны на спорце і на будучай працы трэнерам. Публічнай фігурай не быў, і нават у інтэрнэце не выступаў з якімі-небудзь палітычнымі каментарамі. У адрозненне ад Алены, якая калісці была актывісткай моладзевай апазіцыйнай арганізаціі, ён да палітычнай актыўнасці ў Беларусі ставіўся скептычна, гаворачы, што «найперш трэба мяняць свядомасць людзей».

Аднак стаўленне да яго ў праваахоўных органаў відавочна асаблівае — Алена кажа пра допыты дзясяткаў чалавек, з якіх спрабуюць выбіць розную інфармацыю пра Іллю, якая не мае ніякага дачынення да справы аб фанацкай сутычцы. І самога Іллю спрабавалі завербаваць у абмен на свабоду. Яшчэ раней — раілі з'ехаць з краіны і не вяртацца, ад чаго ён таксама адмовіўся. Алена губляецца ў здагадках адносна прычынаў таго, што адбываецца.

«Ілля — чалавек гонару і прынцыпаў. Для яго, напрыклад, неймаверна здрадзіць сваім сябрам. Ён вельмі любіць гісторыю Беларусі, наогул вялікі патрыёт. Мы калі абмяркоўвалі, як назваць дзяцей, ой, гэта вельмі смешна была... ладна, я не буду пра гэта распавядаць, пра інтымна-сямейныя рэчы. Хм, мабыць, яны праз тое на яго і вышчэрыліся так, праз тое, што ён патрыёт?» — кажа Алена.

І дадае цікавы факт — Ілля заўсёды выступаў супраць «рускага свету».

«Не публічна, але ў гутарках з сябрамі ён пастаянна гэта падкрэсліваў, як сваю прынцыповую пазіцыю. Ілля катэгарычна не прымаў тых, хто зігуе і крычыць «Слава Расіі!», сярод беларускіх фанатаў ёсць і такія, у асноўным сярод дынамаўцаў. Ілля ж ганарыўся менавіта сваёй краінай і любіў яе», —  распавядае Алена.

Чаго ты ячшэ не ў турме?


Сустракаемся ва ўмоўленым месцы з двума лідарамі фанацкіх груповак. Назавем іх Сашам і Сяргеем. Яны прадстаўнікі старой гвардыі, якія добра памятаюць яшчэ далёкія дзевяностыя. Праз сваю багатую біяграфію яны вельмі шмат каго ведаюць, у тым ліку сярод прадстаўнікоў розных праваахоўных органаў. Адзін з іх перакананы «правы», другі — не менш перакананы «левы». Аб'ядноўвае іх агульны вораг — агрэсіўны «рускі свет», чыёй магчымай экспансіі яны гатовыя супрацьстаяць пры неабходнасці.

Пры сустрэчы адзін з адным яны жартуюць: «А чаго гэта ты яшчэ не ў турме?». Бо за першым, паводле іх расповеду, сачылі на самым высокім узроўні — на аўтамабілі «Паршэ Каен», а да другога ўначы ўжо ўрывалася група «Алмаз» на яго канспіратыўную кватэру. Хаця яны і выбачыліся ўрэшце — маўляў, памыліліся адрасам ­— намёк хлопец добра зразумеў.

Увогуле, фанацкія «фірмы» — адны з самых закрытых грамадскіх суполак. Яны цярпець не могуць журналістаў, канспіруюцца і стараюцца маўчаць, захоўваючы таямніцу свайго фанацкага жыцця, нават у выпадках пераследу з боку міліцыі.

Але цяпер ім ужо не да гэтых прынцыпаў. Сяргей з Сашам кажуць, што фанацкі рух у Беларусі цалкам разгромлены, пад раздачу патрапілі ўсе групоўкі, за выняткам тых, якія заўжды кантраляваліся міліцыяй. Па нейкім супадзенні, дадаюць хлопцы, гэта тыя ж групоўкі, якія «прыходзяць на сектары з імперкамі (бела-жоўта-чорны сцяг Расійскай імперыі — аўт.)».

Быць моцным, адрознівацца і мець сваю тэрыторыю


Тут варта зрабіць адступленне і згадаць пра неадназначнае ўспрыняцце фанатаў беларускім грамадствам.

Вельмі многія ўспрымаюць іх як агрэсіўных «гопнікаў», якія наносяць шкоду футболу, адважваючы ад яго сваімі выхадкамі «нармальных людзей». Якія праз фанатаў сем разоў падумаюць, перш чым ісці на матч, тым больш з дзіцём. Такія людзі лічаць, што фанатаў трэба забараніць, адправіць на разгрузку вагонаў, палявыя працы або ў войска. І заадно адабраць права бясплатна лячыцца — маўляў, з-за такіх падшыванцаў грамадзяне, якія аплачваюць бясплатную медыцыну са сваіх падаткаў, вымушаныя стаяць у чэргах на аперацыі.

Але гэтым успрыняцце фанатаў не вычэрпвалася. Была і іншая пазіцыя, што фанацкі рух — станоўчая з'ява. Сталыя бойкі вымушаюць да іх адпаведным чынам падрыхтавацца, займаючыся спортам, і няхай яны лепш «адпачываюць» так, чым нюхаюць клей і да т.п. І наогул, гэта значыць, што ў народзе яшчэ ёсць сілушка, біцца на вуліцах — гэта вам не серыялы глядзець, лежачы на ​​канапе.

Яшчэ да ўкраінскіх падзеяў пэўная частка палітызаванага сегменту беларускага грамадства летуценна задумвалася пра перспектывы, калі гэтыя хлопцы перастануць мутузіць адзін аднаго і адкажуць на праявы аўтарытарызму «сілавой дэмакратыяй».

Да таго ж, фанацкі рух заўсёды дэманстраваў імкненне «адрознівацца і мець сваю тэрыторыю». Праз што ў ім з цягам часу праявілася жаданне адстойваць беларускую ідэнтычнасць. Нават нямала тых, хто гадоў 10-15 таму прыносіў на матчы «імперкі», цяпер замянілі іх на «Пагоню».  

Калісьці міліцыянты разумелі фанатаў


Аднак, як ні круці, яны «хуліганы». Самі сябе так называюць і, па сутнасці, імі ж з'яўляюцца. Адсюль маё наіўнае пытанне да Сашы і Сяргея: хіба ў пераследзе з боку праваахоўных органаў у дачыненні да фанатаў ёсць нейкая навіна?

Хлопцы адказваюць: спроба пад корань вынішчыць фанацкі рух прадпрымаецца ўпершыню ў гісторыі Беларусі. І звязана яна не з «хуліганствам» як такім, на яго раней глядзелі скрозь пальцы. Да прыкладу, кажа Сяргей, у 2009 годзе яны былі зладзілі масавую бойку на дзень народзінаў Лукашэнкі непадалёк ад Дому Міласэрнасці, не ведаючы пра тое, што ён збіраўся туды прыехаць. Жах, кашмар, скандал, падрыў асноў! І што ў выніку? Ды нічога! Нават крымінальная справа не была ўзбуджана. Затрыманні, адміністратыўныя пратаколы, «суткі» — і ўсё.  

Неаднойчы праваахоўныя органы, кажа Саша, звярталіся да фанацкіх груповак з рознага кшталту прапановамі супрацоўніцтва. У якасці аднаго з прыкладаў — была прапанова адлоўліваць наркадылераў у абмен на цалкам лаяльнае стаўленне да фанацкіх сутычак. Нават ахову сваю прапаноўвалі — маўляў, біцеся пад наглядам, каб вас ніхто не турбаваў! У міліцыі служаць у асноўным мужчыны, міліцыянты — гэта сілавікі, хто, як не яны, зразумее неабходнасць часам паказаць сваю сілу.

Саша з Сяргеем згадваюць шэраг выпадкаў, калі досыць цяжкія траўмы, нанесеныя ў фанацкіх бойках, заканчваліся для вінаватых умоўнымі тэрмінамі. Яшчэ і па той прычыне, што фанат на фаната заяў не пісаў і сведчыць заўсёды адмаўляўся.

Адным словам, пераслед раней насіў кропкавы характар, заўжды быў «па справе», ні пра якую «вайну» супраць фанатаў не было і гаворкі.

Зусім іншая гульня


Цяпер гульня пайшла зусім іншая, кажуць Саша з Сяргеем. Паводле іх звестак, не менш за трыццаць прадстаўнікоў фанацкіх груповак з розных гарадоў Беларусі апынуліся за кратамі.

«Хто за што, падаставалі з шуфлядаў нейкія запыленыя і зацвілыя справы. Прычым тэрміны цяпер даюць сур'ёзныя, аднаму хлопцу ўляпілі 10 гадоў — за тое самае, за што раней давалі ўмоўны тэрмін!», — гаворыць Саша.

«А памятаеш гісторыю, калі фанаты «Партызана» аблілі ў Мінску мачой з вадзяных пісталетаў вядомага расійскага неанацыста Цесака (Максіма Марцінкевіча — аўт.)? Ён жа ў адказ разам з сваімі ахоўнікамі зладзіў панажоўшчыну. Расійскія госці беларускай сталіцы абышліся ў выніку дзесяццю суткамі! Хлопца ж, які атрымаў тады глыбокую нажавую рану, пазней адправілі на «хімію», а калі ён знаходзіўся на «хіміі», узбудзілі нейкую з пальца высмактаную справу за распаўсюд парнаграфіі, і закрылі ўжо па-сапраўднаму. Адчуйце розніцу, што называецца», — кажа Сяргей.

Саша з Сяргеем падкрэсліваюць: «закрываюць» фанатаў у асноўным на падставе дзеянняў, якія з'ўляюцца злачынствамі паводле Крымінальнага кодэксу. Аднак «закрываюць» празмерна жорстка, занадта масава, часьцяком у сувязі з даўно забытымі правіннасцямі, якія ў іншай сітуацыі нікога б не цікавілі. Таму яны характарызуюць пераслед фанацкага руху як палітычна матываваны.  

Усё пачалося з масіраваных інфармацыйных укідаў расійскіх СМІ, якія кляймілі беларускіх футбольных фанатаў як «насенне Майдану». Гэта было ўспрынята кімсьці як каманда «фас!».

Перад тварам агульнай пагрозы, беларускія фанацкія групоўкі рабілі ўсе намаганні, каб аб'яднацца, адмовіўшыся ад сутычак паміж сабой. Аднак спецслужбы, нібыта, шляхам правакацый сутыкалі іх паміжсобку, прымушалі адных сведчыць супраць іншых, здраджваючы сваім прынцыпам. 

Саша гаворыць, што адмашку на зачыстку далі з цэнтру, але з якога цэнтру — гэта яшчэ пытанне. Ён заклікае прыгадаць вядомы выпадак з затрыманнем фанатаў праз неафіцыйную нацыянальную сімволіку. Тады ўлада прадэманстравала, што яна не зусім адзіная ўсярэдзіне сябе. Нават на праяўленне патрыятызму праз неафіцыйную сімволіку, якую калісьці адназначна кляймілі як «варожую», выявілася, там ёсць розныя погляды.

«Міліцэйскі міністр, спадар Шуневіч, абазначыў сябе, як галоўны вораг і фанацкага руху, і нацыянальнага патрыятызму. Паходжанне з Луганскай вобласці ў спалучэнні з любоўю да формы НКУС неяк наводзіць на нядобрыя думкі», — кажа Сяргей.

Пытанне рубам


Па словах маіх суразмоўцаў, апроч мноства спраў супраць фанатаў, звязаных з дробнымі крымінальнымі эпізодамі, існуе адна мега-справа з шапкай «Арганізаваная злачынная групоўка па падрыхтоўцы здзяйснення дзяржаўнага перавароту». Злачыннай групоўкай, абвінавачанай у падрыхтоўцы перавароту, з'яўляюцца фанаты ўжо няіснага футбольнага клуба «Партызан».

Гэтая фанацкая супольнасць — унікальная для постсавецкай прасторы з трох прычынаў.

Прычына першая: доўгі час да таго, як закрыцца, футбольны клуб «Партызан» існаваў цалкам на грошы сваіх заўзятараў. То бок гэта была цалкам самаарганізаваная структура.

Прычына другая: фанаты «Партызана» падзялялі антыфашысцкія погляды, што само па сабе досыць рэдкая з'ява для постсавецкіх, хоць і нярэдкая для еўрапейскіх футбольных фанатаў. За гады свайго існавання яны сталі пераможцамі ў вулічнай барацьбе, падмяўшы ультраправых канкурэнтаў.  

Прычына трэцяя: нягледзячы на тое, што левыя, антыфашысцкія погляды звычайна звязаны з антынацыянальнымі ўстаноўкамі, у сітуацыі патэнцыйнай пагрозы існаванню Беларусі фанаты «Партызана» перайшлі на беларускую мову, сталі ўключаць нацыянальныя элементы ў сваю сімволіку. І ў цэлым абазначылі сябе, як патрыётаў, гатовых адстойваць сваю краіну пры неабходнасці.  

Яскравым пацверджаннем таму з'яўляецца вядомая групоўка «Пошуг», з актывістамі якой была звязаная громкая справа датычная графіці. Групоўка  нарадзілася ў асяродку фанатаў «Партызану». Адтуль жа выйшаў Ян Мельнікаў, вядомы як «беларускі антыфашыст у «Правым сектары».  

«Фанаты «Партызану», безумоўна, стаяць на антыаўтарытарных пазіцыях. Аднак яны добра разумелі і разумеюць, што ў сітуацыі вельмі рэальнай пагрозы незалежнасці трэба засяродзіцца на на галоўным — абароне незалежнасці. Настолькі наколькі дзяржава з'яўляецца гарантам незалежнасці, яны гатовыя яе падтрымліваць. То бок яны занялі адкрыта патрыятычную пазіцыю», — гаворыць Саша.

І дадае, што іхныя пераследнікі, наадварот, занялі пазіцыю «дзяржаваразбуральную».

«А я яшчэ памятаю, як следчы, які вёў справу РНЕ, крычаў на чальцоў той арганізацыі: вы куды лезеце, куды вы рыпаецеся, хіба не ведаеце, што тут было Вялікае Княства Літоўскае?!» — згадвае Сяргей.

Цяпер, гавораць хлопцы, сярод праваахоўнікаў істотна паболела людзей без каранёў, без усялякай  нацыянальнай годнасці, для якіх цэнтр, на які яны пастаянна азіраюцца, знаходзіцца ў Маскве.

Саша з Сяргеем распавялі, што высілкамі людзей, якія лічаць несправядлівымі рэпрэсіі ў дачыненні да патрыётаў, быў зроблены аб'ёмны спіс беларусаў, якія ваююць на баку «народных рэспублік». Праз свае каналы той спіс быў перададзены «куды трэба», у пэўны праваахоўны орган. Маўляў, ці не лепш звярнуць увагу на вось гэтых людзей? Ці хаця б на гэтых людзей таксама, для аднаўлення балансу?

Атрыманы адказ ад неназванай крыніцы ў праваахоўных органах, сцвярджаюць Саша з Сяргеем, быў шакавальны. Там сказалі, што не маюць патрэбы ў падобным спісе, бо «ўсю патрэбную інфармацыю па дэструктыўных элементах атрымліваюць ад калегаў з ФСБ».

Ці не можа такі стан рэчаў азначаць, задаюцца пытаннем Саша з Сяргеем, што беларускія патрыёты, людзі, гатовыя бараніць сваю краіну ў выпадку імперскай агрэсіі, «зачышчаюцца» па ініцыятыве замежнай спецслужбы?

Справа журналіста — задаваць пытанні. У падобнай сітуацыі пытанне трэба ставіць рубам. Хацелася б пачуць выразны адказ з боку беларускіх уладаў.

Абмеркаванне:

  • Зміцер
  • 2016-04-04 19:48:10
левая прапаганда. незалік
  • Міхась Собаль
  • 2016-04-04 22:41:12
Магчыма, тэзіс «народаўладзьдзе без пасярэднікаў» (і) на гэты раз спрацуе лепш, чым традзіцыйна камедыйны дыялог грамадзяніна з дзяржавай – як нямога з глухім.

Што нам перашкаджае (ў гэтым сэнсе) пратэставаць АБОДВА БАКІ праз «Зону змаўчаньня»

https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=1183026381721973&id=198750946816193

Каментаваць